Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цемрашальства не залежыць ад таго, дэмакрат ты ці аўтакрат, апазыцыянэр ці вэртыкальшчык, рабацяга ці прафэсар.

На гэтую думку мяне навяло нядаўняе інтэрвію экс-старшыні Нацбанку, ганаровага старшыні АГП Станіслава Багданкевіча газэце «Комсомольская правда в Беларуси» «Я жаніўся, паколькі на кухні мужчыну ня месца».

Станіслаў Антонавіч расказвае пра сваё сямейнае жыцьцё і дзеліцца сваімі поглядамі на шлюб і адносіны паміж мужчынам і жанчынай. Вось толькі некалькі цытатаў. «Я часам бываю нецярпімы да чужой думкі, асабліва калі яна жаночая... Галоўнае – каб мае жонкі ніколі ні ў чым мне не пярэчылі... Жонка акружыла мяне пастаянным клопатам: ніякіх заданьняў ні ў чым, я прывык і ўжо лічу, што гэта слушна... Жанчыну трэба любіць моўчкі... Яна, як разумная жанчына, разумела, што я і ёсьць яе шчасьце...».

Калі пра тое, што жанчына павінна варыць боршч, гаворыць старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына, усё зразумела. Спадарыня Ярмошына, хаця і пасьпяховая кар'ерная жанчына, усё ж мэнтальна ўвасабляе сабой мужчынскую шавіністычную патрыярхальную традыцыю, і годна працягвае шэраг мужападобных Церашковых і Фурцавых...

А тут вось аналягічныя погляды ў прадстаўніка дэмакратычнай эліты, які настолькі перакананы ў сваёй пазыцыі, што не адчувае нават, як гэтае інтэрвію могуць успрыняць іншыя людзі.

І гэта ня дзіўна. За ўсю гісторыю дэмакратычнага руху Беларусі ніводная жанчына не ўзначальвала ўплывовую дэмакратычную апазыцыйную партыю. Намесьніцамі былі, жаночыя рухі, жаночыя партыі, грамадзкія арганізацыі ўзначальвалі, чарнавую працу сумленна рабілі, але так і ня сталі лідэрамі.

Памятаю, як гадоў дзесяць таму тагачасная намесьніца старшыні Сацыял-дэмакратыяй партыі Ніна Стужынская дзялілася са мной, што ніяк не прабіцца жанчынам вышэй за пасаду намесьніцы старшыні апазыцыйнай партыі, а вось запатрабаваныя жанчыны-намесьніцы найчасьцей падчас паездак за мяжу, каб прадэманстраваць эўрапейцам, асабліва немцам гендэрны балянс у кіраўніцтве партыі.

Дэпутатка Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Людміла Гразнова найперш удакладняе: «Ірына Вештард узначальвае сацыял-дэмакратычную грамаду, і яна адчувае сябе на сваёй пасадзе. Але гэта хутчэй выключэньне, і тлумачыцца яшчэ савецкай традыцыяй. Арганізацыю, прадпрыемства ўзначальваў мужчына, а ягонай намесьніцай была жанчына, якая цягнула ўвесь воз. Нічога грунтоўна не зьмянілася ў гэтым кірунку, тым больш што гэтыя патрыярхальныя стэрэатыпы яшчэ больш узмацніліся на агульным антымадэрнізацыйным трэндзе. Тут няма ніякіх пэрсанальных падстаў, каб некага крытыкаваць, такое наша грамадзтва – незапатрабаванасьць у лідэрах-жанчынах і пэўны застой. Ня вельмі і высокая канкурэнцыя на такія пасады», лічыць Гразнова.

Ці насамрэч ў беларускім грамадзтве незапатрабаваныя лідэры-жанчыны? Былы старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка далікатна тлумачаць гэта занадта кароткай гісторыяй новага беларускага палітычнага руху і тым, што зьвязаны гэты рух асабліва апошнімі гадамі з сур'ёзнымі выклікамі і рызыкамі, і што напэўна арганізацыі берагуць сваіх жанчынаў. Вінцук Вячорка лічыць, што яшчэ ня ўсё страчана, і знойдуцца жанчыны – ахвочыя і гатовыя, і палітычныя структуры – ахвочыя і гатовыя на гэта, і беларускія жанчыны сябе яшчэ спраўдзяць.

Натуральна, адукаваныя апазыцыйныя палітыкі могуць карэктна патлумачыць усё. І толькі зрэдку ў гутарках пра прыватнае жыцьцё (якіх так мала) нечакана прарвуцца шчыраваньні, кшталту словаў былога банкіра. І калі капнеш глыбей, становіцца зразумела, як усё запушчана, як гэта адбываецца ў шараговай беларускай сям'і.

Бо праўдападобна, што гендэрная пазыцыя не залежыць ад таго, апазыцыянэр гэта ці вэртыкальшчык, навуковец альбо рабацяга...

За ўсю гісторыю існаваньня Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, яе дзейнымі членамі былі абраныя толькі дзьве жанчыны. Амаль усе ключавыя пасады ў навуковай сфэры занятыя мужчынамі, канстатуе экспэрт Беларускага цэнтру эўрапейскіх дасьледаваньня Ірына Саламаціна.

А які гендэрны зрэз там, дзе прымаюцца рашэньні? Прызначаныя паводле квоты жанчыны-дэпутаты, міністэрствы аховы здароўя ці працы і сацыяльнай абароны як традыцыйная жаночая «рэзэрвацыя»... Тая ж Ірына Саламаціна піша пра чыста дэкаратыўную функцыю: «найбольш распаўсюджанае меркаваньне дэпутатаў-мужчын: «жанчыны ў мужчынскім калектыве – гэта добра, таму што прысутнасьць жанчын надае высакароднасьці» і «ўпрыгожвае» беларускую палітыку».

Год таму партал naviny.by склаў рэйтынг 10 уплывовых жанчын Беларусі, апытаўшы палітыкаў, палітолягаў, сацыёлягаў, журналістаў і блогераў. Дзясятку ўзначалілі Лідзія Ярмошына, Надзея Ермакова і Натальля Пяткевіч. Але казаць пра іх уплывовасьць і самастойнасьць у прыняцьці рашэньняў пры цяперашняй уладзе наўрад ці выпадае, іх кар'ерны рост прадыктаваны іншымі фактарамі.

Пачаўшы шчыраваньнямі экс-старшыні Нацбанку, хацела б скончыць гэты допіс выказваньнем цяперашняй старшыні Нацбанку Надзеі Ермаковай:

«Сёньня жанчыны ўжо далёка ня слабы пол. Сёньня мы больш моцныя, працаздольныя, адказныя. Было б жаданьне будаваць кар'еру. А крыўдзіцца за тое, што мужчына не падаў руку на выхадзе з аўтобуса, зусім ня ў нашых традыцыях. Жанчынам дадзеныя ўсе магчымасьці для самарэалізацыі. Калі ласка, адважвайцеся! Але тыя часы, калі жанчыне вызначалася месца выключна на кухні ці ў дзіцячай, незваротна мінулі».

І хаця грамадзкая і палітычная пазыцыя, прафэсіяналізм экс-страшыні Нацбанку Станіслава Багданкевіч нязьменна выклікаюць у мяне павагу, але ў гендэрным пытаньні я хутчэй бы была салідарная зь цяперашняй кіраўніцай Нацбанку. А вы?
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG