Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Экамэдсэрвіс» перайшоў пад дзяржаўны кантроль


У сытуацыю з пацыенткай мэдычнага цэнтру «Экамэдсэрвіс» Юліі Кубаравай, якая памерла пасьля касмэтычнай апэрацыі, асабіста ўмяшаўся Аляксандар Лукашэнка.

У сувязі з трагічным інцыдэнтам ён загадаў вызваліць ад пасадаў усіх вінаватых мэдработнікаў і адміністрацыйны пэрсанал установы, а таксама ўжыць да іх меру стрыманьня. Такім чынам, пад варту ўзятыя анэстэзіёляг, дзьве мэдсястры і кіраўніца цэнтру Ірына Валжанкіна. Пад пытаньнем будучыня «Экамэдсэрвісу» — ня выключана, што яго нацыяналізуюць.

Гісторыя сьмерці на апэрацыйным стале маладой дзяўчыны Юліі Ку́баравай, якая перад вясельлем прыехала ў Менск паправіць форму носу, шакавала грамадзкасьць. Бацькі 23-гадовай Юліі вінавацяць брыгаду лекараў у фактычным забойстве іх дачкі — тыя не пераканаліся ў спраўнасьці апарату штучнага дыханьня і пасьля зацяжной апэрацыі зьехалі дадому. Дзяўчына ж ад кіслароднага галаданьня ўпала ў кому і празь месяц памерла.

Да сёньняшняга дня Сьледчы камітэт Кастрычніцкага раёну Менску праводзіў разбор акалічнасьцяў здарэньня, аднак крымінальнай справы не заводзіў. Усё рэзка зьмянілася пасьля публічнага абурэньня Аляксандра Лукашэнкі, які загадаў неадкладна прыцягнуць да адказнасьці ўсіх вінаватых.

Літаральна празь некалькі гадзін Сьледчы камітэт абвясьціў пра пачатак крымінальнай справы па факце гібелі чалавека. Справа ўзбуджана паводле артыкула 162 ч. 2 Крымінальнага кодэксу «Неналежнае выкананьне прафэсійных абавязкаў мэдыцынскім работнікам, якое пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць пацыента або заражэньне ВІЧ-інфэкцыяй». Максымальны тэрмін па гэтым артыкуле — да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Анэстэзіёляга Аляксандра Шурава і дзьвюх мэдсясьцёр узялі пад варту, таксама затрымалі кіраўніцу цэнтру Ірыну Валжанкіну. Загадчык аддзяленьня плястычнай хірургіі менскага шпіталя № 4 Віктар Серабро, які непасрэдна апэрыраваў Юлію Кубараву, пакуль на волі. Дарэчы, у адным з інтэрвію спадар Серабро заявіў, што правёў больш за тысячу апэрацый і не было скаргаў нават на нейкія дробныя дэфэкты.

Юры Кубараў, бацька нябожчыцы, не хавае, што такое разьвіцьцё падзеяў пацярпелы бок задавальняе:
Так, мы калі падавалі заяву ў Сьледчы камітэт, то якраз і хацелі, каб іх пакаралі

«Так, мы калі падавалі заяву ў Сьледчы камітэт, то якраз і хацелі, каб іх пакаралі. Я ж не рабіў самасуд, зразумелая рэч. Мы спадзяемся, што нашы органы разьбяруцца ў гэтай гісторыі. Які там у каго працэнт віны, мне цяжка сказаць, але тое, што ўва ўсім вінаваты не адзін чалавек — на гэтым я адразу настойваў, як толькі больш-менш падрабязна высьветліў, што лекары адзін аднаго папросту пакрывалі. Прынамсі, ня толькі Шураў, анэстэзіёляг. Яго віна, канечне, вялізная, але ён у гэтай справе вінаваты не адзін. Таму мне здаецца, што ў дадзенай сытуацыі ўсё заканамерна».

Але чаму на працягу доўгага часу кампэтэнтныя органы не распачыналі крымінальнай справы? Чаму незадавальненьня кіраўніка краіны хапіла для таго, каб ня толькі загаварыць пра прафнепрыдатнасьць лекараў, але і пачаць арышты? Меркаваньне Юрыя Кубарава:

«Па-чалавечы для мяне самога гэта дзіўна. Нават калі б цела знайшлі проста дзесьці ў двары, то спачатку справу распачалі б, а потым бы ўжо шукалі — адкуль гэтае цела тут зьявілася? Так жа ў нас звычайна адбываецца? Трэба высьветліць: ці гэта самагубства, ці дрэнна чалавеку стала, ці хуліганы зьбілі. А тут чалавек зьнянацку памёр… Напэўна, закон у нас такі, ня ведаю. Я далёкі і ад мэдыцыны, і ад юрыдычных спраў, першы раз перасякаюся па такой справе. Але, магчыма, нешта хацелі яшчэ дадаткова даведацца. Ну, хоць пачалі — і тое добра, прынамсі пачнуць вывучаць гэтую справу».
Міністэрству аховы здароўя загадана ўзяць «Экамэдсэрвіс» пад свой кантроль

Цяпер пад пытаньнем лёс усёй мэдычнай установы, пад дахам якой адбылося надзвычайнае здарэньне. У адпаведнасьці з распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі Міністэрства аховы здароўя павінна ўзяць «Экамэдсэрвіс» пад свой кантроль і кіраваньне. Іншымі словамі, цяпер тут гаспадарнічае не прыватнік, а галіновае ведамства. Паведамляецца, што будучыня цэнтру будзе вызначана найбліжэйшым часам: паводле экспэртаў, хутчэй за ўсё, установу нацыяналізуюць, а яе актывы пяройдуць пад кантроль дзяржавы.

Апроч таго, Камітэту дзяржкантролю даручана праверыць фінансава-гаспадарчую дзейнасьць мэдцэнтру, а Сьледчаму камітэту — забясьпечыць прыняцьце «самых жорсткіх мераў пакараньня да вінаватых». Прадстаўнікі Сьледчага камітэту заявілі, што апарат штучнага дыханьня, які мог стаць непасрэднай прычынай сьмерці дзяўчыны, быў адрамантаваны ўжо пасьля апэрацыі. Замененыя запчасткі ўзялі на дасьледаваньне.
Дзеяньне ліцэнзіі «Экамэдсэрвісу» на аказаньне анэстэзіёляга-рэанімацыйнай дапамогі спыненае

Бліжэй да вечара стала вядома, што дзеяньне ліцэнзіі «Экамэдсэрвісу» на аказаньне анэстэзіёляга-рэанімацыйнай дапамогі спыненае. Міністэрства аховы здароўя прызнала: арганізацыя мэдычнай дапамогі Юліі Кубаравай не адпавядала нарматыўным дакумэнтам, зацьверджаным ведамствам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG