Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лібійскія баевікі лечацца ў Беларусі, беларускія дактары працуюць у Лібіі


Упраўляючы кампаніі-апэратара мэдычнага турызму Med Travel Belarus Ўлад Андросаў з пацыентам зь Лібіі

Упраўляючы кампаніі-апэратара мэдычнага турызму Med Travel Belarus Ўлад Андросаў з пацыентам зь Лібіі

«Дапамога лібійскім грамадзянам ажыцьцяўляецца на камэрцыйнай аснове са зразумелых гуманітарных меркаваньняў», — так пракамэнтаваў прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных навіну пра прыбыцьцё ў Беларусь 300 лібійскіх камбатантаў.

Удзельнікі вайсковага канфлікту ў Лібіі, якія, найхутчэй, выступалі на баку паўстанцаў, прыбылі ў Беларусь для рэабілітацыі. Паміж беларускім Міністэрствам аховы здароўя і Міністэрствам па справах параненых Лібіі нібыта ёсьць адпаведнае пагадненьне.

«Каб зразумець, колькі сродкаў паступіць ад групы з 300 чалавек, трэба ведаць, якое лекаваньне ім патрабуецца, — кажа Ўлад Андросаў, упраўляючы кампаніі-апэратара мэдычнага турызму Med Travel Belarus. — Можна толькі меркаваць, што агульныя выдаткі лібійскага боку могуць скласьці сотні тысяч даляраў. Бо калі гэта ў большай ступені высокатэхналягічныя апэрацыі, то іх цана будзе высокая. Комплексы рэабілітацыі могуць быць розныя па працягласьці і насычанасьці».

Med Travel Belarus — адна зь нешматлікіх у Беларусі фірмаў, якія прывозяць да нас «мэдычных» турыстаў — замежнікаў, якія давяраюць беларускім дактарам і якіх прывабліваюць нізкія кошты на мэдычныя паслугі.

Лекуюцца тут лібійцы далёка не ўпершыню. Паводле інфармацыі, якую лібійскае выданьне Libya Herald атрымала ад беларускага амбасадара Анатоля Сьцепуся — 1500 лібійскіх камбатантаў ужо пабывалі ў беларускіх шпіталях.

«Яшчэ да лібійскай рэвалюцыі да нас пэрыядычна прыбывалі самалёты з групамі лібійскіх грамадзянаў, якім была патрэбная мэдычная дапамога. Сыстэма аховы здароўя ў Лібіі, як і ў большасьці краінаў Афрыкі, у гаротным стане», — кажа Ўлад.

Пасьля пачатку рэвалюцыі лібійскіх пацыентаў у Беларусі паболела ў разы. Але ў 2012 годзе ў дачыненьні да лібійцаў былі ўведзеныя новыя візавыя правілы — трапіць у Беларусь стала нашмат больш складана.

«У 2012 годзе нашая кампанія працавала зь некалькімі лібійскімі сем’ямі, якія, нягледзячы на ўсе цяжкасьці ў падрыхтоўцы дакумэнтаў, усё ж хацелі трапіць на лекаваньне менавіта ў Беларусь, — распавядае Андросаў. Ён упэўнены, што Беларусь зарэкамэндавала сябе як краіна з высокім узроўнем мэдычнай дапамогі. Да таго ж у Беларусі бясьпечна.
Адзін з нашых пацыентаў проста атрымліваў асалоду ад спакою, які ёсьць у Менску

«Адзін з нашых пацыентаў проста атрымліваў асалоду ад спакою, які ёсьць у Менску, — кажа Ўлад. — Ён распавядаў, што яшчэ два дні таму не ўяўляў, што можна засынаць у цішы, без страляніны за вакном».

«Найбольш запатрабаваныя мэдычныя працэдуры ў грамадзянаў Лібіі — афтальмалягічныя і артапэдычныя апэрацыі, — кажа Андросаў. — Але, як паказала нашая практыка, насамрэч праблемаў нашмат больш. Гэтыя пацыенты едуць лячыць толькі тое, што ў крытычным стане».

Андросаў расказвае гісторыю аднаго зь лібійцаў, які зьвярнуўся да іх з праблемай афтальмалягічнага характару. Аднак стан яго быў настолькі запушчаны, што беларускія дактары ўжо нічога не маглі зрабіць. Лібійцу прапанавалі праверыцца па іншых мэдычных кірунках — і паўсюль знайшліся праблемы, якія патрабавалі лячэньня. «Натуральна, усе паслугі ён аплочваў у адпаведнасьці з прэйскурантам клінік для замежных грамадзянаў, — кажа Ўлад Андросаў. — А гэта былі як дзяржаўныя, так і прыватныя клінікі».

«Ніхто не дае гарантыі, што той жа лібіец прыйдзе і адразу ж ляжа на апэрацыю замест беларускага грамадзяніна, — абвяргае Андросаў агульную думку пра тое, што замежны пацыент даражэйшы беларускай мэдыцыне. — Ён ляжа тады, калі для яго вызваліцца месца. Мы ўвесь час з гэтым сутыкаемся, таму апэрацыі плянуюцца за некалькі тыдняў».

«Сродкі ад замежных пацыентаў дапамагаюць нашай сыстэме аховы здароўя разьвівацца, — упэўнены Андросаў. — Калі правільна арганізаваць працу з дадзенай групай пацыентаў, чым, дарэчы, прафэсійна займаюцца спэцыялізаваныя кампаніі-апэратары мэдычнага турызму, ёсьць магчымасьць разьвязаць праблемы пацыентаў комплексна. Адпаведна, і атрымаць дадатковыя ўліваньні ў бюджэт», — падсумоўвае Ўлад.

Лібійскія хворыя — у Беларусь, беларускія дактары — у Лібію


Беларускі амбасадар у Лібіі Анатоль Сьцепусь паведаміў лібійскаму выданьню і яшчэ адну важную інфармацыю — у Лібіі, як мінімум у Гадамэсе і вакол яго, працуюць групы беларускіх дактароў. І іх колькасьць плянуецца павялічыць.

«Плацілі ў Лібіі ў пяць разоў болей, як у Беларусі, — згадвае адзін зь беларускіх дактароў, які працаваў у Лібіі.

Вярбоўкай беларускіх дактароў на працу за мяжой займаюцца прыватныя кампаніі. Яшчэ колькі гадоў таму ў «Мэдычным весьніку» друкавалася рэкляма фірмы Jetexpo, якая адпраўляла дактароў у Лібію.

«Мы да гэтага ня маем дачыненьня. Яны зьяжджалі ў 2010 годзе, а ў нас кантракт зь імі быў на два гады. Нехта зь іх зьехаў падчас вайны, але большая частка засталася», — кажа прадстаўніца фірмы.

Паведамляць, колькі менавіта беларускіх дактароў паехала ў Лібію, яна адмовілася.


300 ісламістаў у Менску? Гэта небясьпечна?


«Сапраўды, прывязуць людзей радыкальных, збольшага ісламістаў. Тут ня трэба мець ілюзіяў, што за людзі. Але і ня думаю, што яны будуць уяўляць небясьпеку. Будуць акуратна сядзець там, дзе павінны сядзець, — лічыць дасьледчык унівэрсытэту Гумбальта ў Бэрліне Сяргей Богдан.

Менская міліцыя нават ня чула пра тое, што ў сталіцы знаходзіцца такая група людзей.

Аляксандар Ластоўскі

Аляксандар Ластоўскі

еПрэс-сакратар менскай міліцыі Аляксандар Ластоўскі:

«Я ня бачыў гэтай інфармацыі, але нават калі да нас едзе група лібійскіх грамадзянаў, то — Welcome to the Republic of Belarus.

У нас дастаткова праваахоўных сілаў, каб запэўніць бясьпеку ўсіх, хто прыбывае і адбывае. Прыяжджаюць да нас замежнікі і на вучобу — вось нават у Акадэмію МУС прыяжджалі, ну і што? Ніяк не ўплывае на правапарадак. Група прыехала — група зьехала. Тут ня можа быць аніякай праблемы».

Аднак ці этычны дзяржаўны бізнэс на баевіках? Камэнтуе палітычны аналітык Радыё Свабода Юры Дракахруст:

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

«Гэта — прыклад „рэалпалітык“ у чыстым выглядзе. Лукашэнка падчас канфлікту вонкава быў на баку рэжыму Кадафі, хоць і ня надта аддана. Можна прыгадаць загадкавы палёт лібійскага ўрадавага самалёта ў Менск падчас канфлікту. Лукашэнка асуджаў натаўскую вайсковую апэрацыю ў Лібіі. Але была, як бачым, і іншая лінія. Тут можна прасачыць пэўную аналёгію: Лукашэнка часам асуджае натаўскія дзеяньні ў тым жа Аўганістане, між тым, як стала вядома, празь Беларусь ідзе транзыт грузаў для натаўскай групоўкі ў Аўганістане.

Так і тут — ёсьць рыторыка, нават пэўная палітычная пазыцыя. Але яйкі не складаюцца ў адзін кошык. Прычым, на мой погляд, камэрцыйныя моманты тут другасныя, хоць, зразумела, грошы, якія нехта плаціў за лячэньне ваеўнікоў, лішнімі не былі. Але нашмат важней, што Беларусь аказала пэўную паслугу і Захаду, і паўстанцам. Якія, можна думаць, пра яе не забудуць пасьля перамогі.

Можна, зразумела, асуджаць Лукашэнку, абурацца ягонай няшчырасьці. Але Беларусь, беларусы не прысягалі загінуць разам з Кадафі. І сальта, зробленае Лукашэнкам, ня больш амаральнае, чым круты паварот, якія зрабілі лідэры, скажам, Расеі і Францыі. Абдымаліся з Кадафі і мелі зь ім шчыльныя стасункі многія. Але Сарказі ад пацалункаў перайшоў да бамбардзіровак (а то ён ня ведаў, хто такі Кадафі, калі цалаваўся), Мядзьведзеў устрыманьнем Расеі пра галасаваньні ў Радзе бясьпекі ААН фактычна запаліў „зялёнае сьвятло“ натаўскай апэрацыі ў лібійскіх пясках. А Лукашэнка толькі антыкадафіеўскіх ваеўнікоў лячыў. Гэта ня ён такі, гэта сьвет міжнароднай палітыкі такі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG