Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ды рана яшчэ пра тое разважаць, людзі ж застаюцца за кратамі – скажа чытач. Ну ў пэўным сэнсе сапраўды рана. Зь іншага боку, і дыпляматычная актыўнасьць афіцыйнага Менску і Эўропы, і мэдыйныя сыгналы сьведчаць як мінімум пра высокую імавернасьць таго, што вызваленьне адбудзецца неўзабаве. Блог Вадзіма Гігіна на Белта – спроба інфармацыйна «ўпакаваць» гэты крок зь мінімальнымі рэпутацыйнымі выдаткамі для ўлады.

Можа, зразумела, тое і не адбыцца ў хуткім часе, як сарвалася вызваленьне ў жніўні-верасьні 2011 году пасьля візыту кіраўніка баўгарскага МЗС Младэнава.
Але калі раптам адбудзецца? Так уяўляецца, што новая сытуацыя стане выклікам і для ўлады, і для Захаду, і для незалежнага грамадзтва, як прынята казаць.

Цяперашняя сытуацыя, пры ўсім яе драматызьме, па-свойму простая. Вызваленьне палітвязьняў – мэта зразумелая і, так бы мовіць, вымяральная: вось гэтыя людзі (сьпіс прыкладаецца) зараз за кратамі, а павінны апынуцца на волі. Але калі яны аказваюцца на волі, нават самая фармулёўка мэтаў, ня кажучы ўжо пра сродкі іх дасягненьня, робіцца справай больш складанай.

Тут варта чарговы раз паўтарыць, што мэты Захаду, суаднесеныя са сродкамі – гэта мэты менавіта Захаду, суаднесеныя менавіта зь яго сродкамі. Зараз ужо забылася, але ў першыя месяцы пасьля сьнежня 2010 году патрабаваньне правядзеньня ў Беларусі новых, справядлівых прэзыдэнцкіх выбараў фігуравала ў прамовах і заявах заходніх палітыкаў нароўні з патрабаваньнем вызваленьня палітвязьняў . І выдатнае ж патрабаваньне, пагадзіцеся. Хіба не вымагала сумленьне Эўропы паставіць яго ў парадак дня і дамагацца ад Менску яго выкананьня ўсімі сродкамі? Наконт сумленьня ня ведаю, але неўзабаве названае пажаданьне зьнікла са сьпісу пунктаў ультыматуму, перайшоўшы ў сьпіс пажаданьняў і тэмаў будучых перамоваў. «Усімі сродкамі», «любой цаной» – добрыя формулы, калі маюць на ўвазе свае сродкі і свае здольнасьці тую цану плаціць.

Ды і як сфармуляваць далейшыя мэты? Дэмакратызацыя палітычнага жыцьця – гэта што канкрэтна, апэрацыйна? Асабліва з улікам выдатных здольнасьцяў беларускай улады, як той паручык Ржэўскі з анэкдоту, «опошлить» амаль што любыя юрыдычныя гарантыі той дэмакратызацыі. Вось патрабавалі, каб у складзе выбарчых камісій было прадстаўніцтва палітычных партый і грамадзкіх арганізацый, у падтэксьце зразумела якіх. Калі ласка – ва ўсіх камісіях адухоўленыя твары прадстаўнікоў БРСМ і «Белай Русі».

Не, пажадаць можна ўсяго, чаго заўгодна, хоць знакамітага ШОСу. Пытаньне ў тым, ці гэта патрабаваньне да ўлады, ці патрабаваньне да Захаду, каб ён патрабаваў таго ад улады, ці мэта палітычнай барацьбы? Ад улады ў цяперашняй сытуацыі выкананьня гэтага сьціплага пажаданьня, баюся, не дачакаесься. Ад Захаду, ня выключана, таксама. Што да палітвязьняў, то на карысьць гэтага патрабаваньня былі і меркаваньні прэстыжу і, як кажуць, «залежнасьць ад каляіны». «Без палітвязьняў» было патрабаваньнем і падчас мінулага раўнду нармалізацыі адносінаў, справа і тады, нават пасьля расейска-грузінскай вайны, зрушылася зь мёртвай кропкі толькі пасьля выхаду на волю апошніх палітвязьняў. Дамагацца зараз меншага было б недарэчна. А вось большага...

Гэта залежыць не ад ступені рэпрэсіўнасьці беларускай сыстэмы, якая абражае сумленьне Захаду, а ад прагнозу пасьпяховасьці далейшых ультыматумаў. Сучасная Бірма і сучасная Куба – дзьве крайнія кропкі ў спрэчцы наконт эфэктыўнасьці санкцый. У Бірме праз шмат гадоў яны (ну можа і ня толькі яны, але і ціхая дыпляматыя) прывялі да станоўчых зьменаў, на Кубе – ні да якіх не прывялі. Той, хто здольны будзе даказаць, што ў Беларусі ў выпадку ўжываньня да яе гэтага падыходу справы пойдуць па бірманскім, а не па кубінскім сцэнары, зробіць сваёй лініі значна большую паслугу, чым распавядаючы пра жахі рэжыму.

Але ня толькі ў Брусэлі і Вашынгтоне наагул шчасьце. Вызваленьне палітвязьняў у любым выпадку зьменіць грамадзкую атмасфэру ў краіне, адкрые новыя магчымасьці. Гэтага, дарэчы, улада найбольш і пабойваецца, прыгадваючы досьвед 2008-2010 гадоў.

Аднак гэта стане выклікам і для альтэрнатывы. Ці мае яна пляны, што ж рабіць у аб'ектыўна лепшай, але нязвыклай сытуацыі? Наўскідку можна спрагназаваць, што «крылы» палітычнай апазыцыі, якія абазначыліся падчас леташніх парлямэнцкіх выбараў, «разьляцяцца» яшчэ далей. Зараз іх у пэўнай ступені зьвязвае заходняе патрабаваньне вызваленьня палітвязьняў, зьвязвае і ў тым сэнсе, што ўсе з большай ці меншай ступеньню шчырасьці падзяляюць меркаваньне, што іх вызваленьне павінна папярэднічаць усім астатнім крокам, і ў тым, што да гэтага вызваленьня ўсе пляны маюць умоўны характар. Ну а пасьля вызваленьня агульнасьць зьнікне, і пляны давядзецца прад'яўляць у безумоўнай плашчыні.

Зь імі, зразумела, заўсёды праблемы. І ў 2006, і ў 2010 гадах Плошча была чароўнай мантрай выбарчых камандаў усіх апазыцыйных кандыдатаў. Але пасьля іх усе спробы высьветліць, якія ж былі пляны тых Плошчаў, сканчаліся марна. Можа, зразумела, і ня варта фэтышызаваць розныя пляны і стратэгіі, Напалеон кіраваўся прынцыпам «Галоўнае – ўвязацца ў бой, а там бачна будзе» і перамагаў.

Да таго ж адказ можа быць зусім просты. Ну атрымае друк больш свабоды – дык пасьмялей пісаць будзе. Ня будуць так жорстка забараняць публічныя акцыі і перасьледаваць удзельнікаў нават дазволеных, як тое было падчас апошняга «Чарнобыльскага шляху» – можна будзе часьцей тыя акцыі праводзіць. Зарэгіструюць, скажам, тую ж БХД – атрымаюць хадэкі больш магчымасьцяў працаваць з насельніцтвам. А які такі іншы плян у прынцыпе можа быць? Напалеон, моцна спадзеючыся на імправізацыю, усё ж дакладна ведаў, на якія рэсурсы, на якія батальёны ён можа разьлічваць. А ў нашай сытуацыі пераважная частка беларускага народу кіруецца прынцыпам амэрыканскіх хіпі 60-х гадоў: «Яны абвесьцяць вайну, а на яе ніхто ня прыйдзе».

Пытаньне насамрэч не рытарычнае, я ня маю на ўвазе, што яно ня мае адказу. Проста пасьля вызваленьня палітвязьняў будзе значна больш складана рабіць выгляд, што і пытаньня няма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG