Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Хакейная зборная Беларусі: каманда без матывацыі


3 траўня ў сталіцах Швэцыі і Фінляндыі стартуе чарговы чэмпіянат сьвету па хакеі. Беларусы незалежна ад выніку свайго выступу захаваюць прапіску ва ўсясьветнай эліце — на правах гаспадароў аналягічных спаборніцтваў 2014 году. Праўда, канчаткова пытаньне аб тым, ці быць у Беларусі чэмпіянату сьвету, вырашыцца на наступным тыдні падчас кангрэсу Міжнароднай фэдэрацыі хакея — шэраг грамадзкіх арганізацый і палітычных лідэраў супраць таго, каб рэжым Лукашэнкі зарабляў дывідэнды на падзеі такога маштабу.

Супернікамі беларускай зборнай на папярэднім этапе ў Стакгольме будуць каманды Швэцыі, Канады, Нарвэгіі, Даніі, Швайцарыі, Славеніі. А пачынаюць беларусы свой шлях да акрэсьленай спартовымі функцыянэрамі мэты — не ніжэй за 8–10-е месца — сёньня гульнёй з чэхамі. Ці ёсьць у выхаванцаў Андрэя Скабелкі шанец зьдзівіць спартовую грамадзкасьць? Бальшыня экспэртаў у гэтым сумняецца.

Сёлета ў лютым зборная Беларусі на алімпійскім кваліфікацыйным турніры ў Даніі саступіла відавочнаму аўтсайдэру сваёй групы — Славеніі. Кошт паразы — пралёт міма зімовай Алімпіяды-2014. Празь некалькі дзён славенцы, якія ў наступным годзе якраз і выправяцца ў Сочы, зноў праэкзамэнуюць старых знаёмых — прычым на пакуль яшчэ больш рэйтынгавых беларусаў загадзя ўжо ніхто ня ставіць. Вынікі сустрэчаў з чэхамі, канадцамі, швэдамі адпачатку не выклікаюць нейкіх надзеяў.

Як кажа спартовы аглядальнік інтэрнэт-выданьня naviny.by Аляксандар Ванковіч, ці не адзіны станоўчы момант цяперашняга першынства палягае ў тым, што беларусы пры любым раскладзе застануцца ў групе мацнейшых:

«Ці ёсьць падставы да аптымізму? Напэўна, усё залежыць ад таго, наколькі моцны ў кожным з нас гэты самы аптымізм. Асабіста я хутчэй рэаліст, чым аптыміст. Таму, на мой погляд, на гэтым турніры ня сьвеціць выканаць афіцыйна пастаўленую фэдэрацыяй задачу — заняць 8–10 месцы. Адзіны пазытыў, які я бачу напярэдадні цяперашняга чэмпіянату сьвету, — тое, што беларусы ня змогуць вылецець з эліты як гаспадары наступнага ўсясьветнага першынства».

Дапамагчы камандзе з розных прычынаў ня здолеюць такія вопытныя гульцы, як Міхаіл Грабоўскі і браты Касьціцыны, а касьцяк зборнай складаюць хакеісты ўзроўню нацыянальнага першынства. З такім кадравым падборам, на думку Аляксандра Ванковіча, разьлічваць на месца ў дзясятцы досыць праблематычна:
Зборная Беларусі атрымае ў лепшым выпадку адну перамогу на групавым этапе

«У гэтым годзе ў зборную не прыехалі вопытныя лідэры, у складзе шмат навічкоў і хакеістаў з нацыянальнага чэмпіянату. Асаблівую занепакоенасьць выклікае варатарская лінія, якая традыцыйна пры Мезіну і Ковалю была вельмі моцная. Зь іншага боку, у маладых зборнікаў значна вышэйшая матывацыя, гэта іх шанец паказаць сябе і зьехаць у мацнейшы чэмпіянат на добрыя кантракты. І ўсё ж мой прагноз, як ні сумна яго агучваць, несуцяшальны: зборная Беларусі атрымае ў лепшым выпадку адну перамогу на групавым этапе».

Нягледзячы на значныя дзяржаўныя ўкладаньні ў хакейную інфраструктуру, беларускі хакей, узьведзены Аляксандрам Лукашэнкам у ранг спорту № 1, перажывае востры крызіс. Зборная паступова скацілася да ўзроўню ўсясьветных аўтсайдэраў, менскае «Дынама» праваліла сэзон у Кантынэнтальнай хакейнай лізе, ня трапіўшы ў плэй-оф спаборніцтваў, сталічная каманда «Юнацтва» фінішавала ў хвасьце турнірнай табліцы расейскай Вышэйшай хакейнай лігі.

Нават сам Лукашэнка ўрэшце вымушаны быў прызнаць, што вялізныя інвэстыцыі марнуюцца, і распарадзіўся ўпарадкаваць падтрымку хакея. Матэрыяльныя ўмовы, створаныя для шматлікіх легіянэраў, страчваюць сваю прывабнасьць. Сьведчаньнем гэтаму — масавы сыход зь Беларусі замежнікаў, якія складалі аснову таго ж «Дынама». А безь іх, як лічыць колішні галоўны трэнэр зборнай Беларусі Эдуард Занкавец, і відовішчнасьць, і ўзровень гульні будуць падаць:

Эдуард Занкавец

Эдуард Занкавец

«Унутранаму чэмпіянату добрых легіянэраў, наадварот, не хапае. І адмыслова яго апускаць да яшчэ ніжэйшага ўзроўню, штучна зьмяншаць колькасьць добрых гульцоў, рабіць яго яшчэ больш усярэдненым — гэта шлях няправільны. Але натуральна, што павінен быць балянс. Паколькі ў нас сваіх хакеістаў, беларускіх, якія гуляюць ва ўнутраным чэмпіянаце, высокага ўзроўню ня так шмат, то, каб падняць плянку спаборніцтваў, неабходная пэўная колькасьць прыстойных легіянэраў — якія будуць падцягваць, якія будуць паляпшаць узровень гульні, падвышаць узровень нацыянальнага чэмпіянату, напал барацьбы. Таму легіянэры тут патрэбныя, гэта нармальная практыка. Але патрэбна, вядома, разумная колькасьць».

Тым часам Аляксандар Лукашэнка на чале прэзыдэнцкай каманды, у якой ён выступае пад № 1, сёньня мае адляцець у Сочы, дзе будзе праходзіць Усерасейскі фэстываль аматараў хакея. Супернікамі «найлепшай аматарскай каманды сьвету», як называе лукашэнкаўскую дружыну афіцыйная прапаганда, на папярэднім этапе будуць каманды з Канады, Сэрбіі і Малдовы. Галоўная адметнасьць спаборніцтваў у тым, што ў склад удзельнікаў могуць быць заяўленыя толькі гульцы, якія ніколі не гулялі ў камандах майстроў ці спэцыялізаваных хакейных школаў. Аднак не сакрэт, што каманда Лукашэнкі ў масе сваёй складзеная якраз з былых прафэсійных хакеістаў.
XS
SM
MD
LG