Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікі-Маўс пакідае Беларусь


Адзін з сусьветных мэдыйных гігантаў, Walt Disney Company, вырашыў закрыць вытворчасьць тавараў сваёй гандлёвай маркі ў Беларусі, матывуючы гэта павышэньнем бясьпекі вытворчасьці.

Такім чынам, Беларусь знайшлася ў сьпісе «краінаў найвышэйшай рызыкі» для кампаніі Дыснэя, побач з Пакістанам, Бангладэшам, Эквадорам і Вэнэсуэлай.

Як паведамляецца, кіраўнікі Дыснэя накіравалі лісты тысячам розьнічных гандляроў і ўладальнікам ліцэнзій на брэндавыя тавары кампаніі, паведамляючы ім, што вытворчасьць гэтых тавараў у пералічаных пяці краінах спыніцца ў красавіку 2014 году.

«Кампанія заявіла, што яе рашэньне абапіраецца на даклад Сусьветнага банку, які ацэньвае спосаб кіраваньня гэтымі краінамі, беручы пад увагу такія парамэтры, сярод іншых, як фінансавая празрыстасьць, карупцыя і выкарыстаньне прымусу. Пяць краінаў, у якіх Дыснэй закрывае вытворчасьць, набралі найменш ачкоў па гэтых паказальніках», — адзначае сайт CNNMoney.

Walt Disney Company мае аўтарскія правы на брэнды, зьвязаныя з такімі папулярнымі постацямі масавай культуры, як Мікі-Маўс, Віні-Пух, Кароль Леў і Беласьнежка. Кампанія была заснаваная братамі Ўолтэрам і Роем Дыснэямі ў 1923 годзе як невялікая анімацыйная студыя ў Галівудзе. Сёньня гэта найбуйнейшы ў сьвеце мэдыйны канглямэрат паводле аб’ёму даходаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG