Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцдакладчык ААН крытыкуе манаполію Лукашэнкі на ўладу

абноўлена

Міклаш Харасьці (Miklos Haraszti)
Міклаш Харасьці (Miklos Haraszti)

Апублікаваная справаздача спэцдакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі Міклаша Харасьці.

Спэцыяльны дакладчык ААН па стане правоў чалавека ў Беларусі Міклаш Харасьці апублікаваў сваю першую справаздачу па сытуацыі з выкананьнем правоў чалавека ў краіне. Дакумэнт быў падрыхтаваны ў межах мандату, зацьверджанага Радай ААН па правах чалавека, і прадстаўлены Радзе 18 красавіка.

Паводле ацэнкі спадара Харасьці, правы чалавека ў Беларусі застаюцца сыстэматычна абмежаванымі, асабліва ў выпадках свабоды асацыяцый, сходаў і выказваньня думак, а таксама ў гарантыях належнага вядзеньня судовага працэсу і справядлівага суду. Спэцдакладчык канстатуе цэнтралізацыю заканадаўчай і выканаўчай уладаў вакол апарату Лукашэнкі.

Міклаша Харасьці турбуе адсутнасьць вяршэнства закону ў Беларусі, у прыватнасьці ў дачыненьні да працэсуальных гарантый, якія прадугледжаны 14-м артыкулам Міжнароднага пакту па грамадзянскіх і палітычных правах. Шматлікія сустрэчы з праваабаронцамі і ахвярамі парушэньняў правоў чалавека адлюстроўваюць недавер да юрыдычнай сыстэмы. Гэтаксама няма веры ў тое, што юрыдычная сыстэма можа стаць гарантам правоў у сытуацыях, калі гэта супярэчыць інтарэсам уладаў.

Структурны характар мае той факт, што распаўсюджаныя парушэньні правоў чалавека застаюцца без належнай увагі, і падкрэсьліваецца гэта цэнтралізацыяй заканадаўчай і выканаўчай улады вакол Адміністрацыі прэзыдэнта. Дэкрэты Лукашэнкі выкарыстоўваюцца як асноўныя і, фактычна, маюць найвышэйшую юрыдычную сілу ў заканадаўчым мэханізьме краіны.

У разьдзеле, які датычыцца свабоды асацыяцый і праваабаронцаў, спэцдакладчык адзначае, што ўнесеныя апошнім часам і заплянаваныя зьмены ў заканадаўства, нягледзячы на наяўнасьць асобных пазытыўных нормаў, у цэлым не палепшылі стану грамадзкіх аб’яднаньняў. Спэцдакладчык зьвяртае ўвагу на ўведзеную 24 студзеня 2013 года дэкрэтам прэзыдэнта магчымасьць ліквідацыі ўстановаў і асацыяцый у сувязі з пастаноўкай іх кіраўнікоў на прафіляктычны ўлік, працэдура якога застаецца нявызначанай і суб’ектыўнай.

Асабліва адзначаецца ціск на праваабарончыя арганізацыі, у тым ліку ў выглядзе судовай ліквідацыі праваабарончай арганізацыі «Плятформа» і канфіскацыі памяшканьня Праваабарончага цэнтру «Вясна».
Няма веры ў тое, што юрыдычная сыстэма можа стаць гарантам правоў у сытуацыях, калі гэта супярэчыць інтарэсам уладаў

У дакумэнце ўтрымліваюцца і рэкамэндацыі па паляпшэньні выкананьня правоў чалавека ў Беларусі. Сярод іншага, спэцыяльны дакладчык рэкамэндуе ўнесьці зьмены ў заканадаўства і практыку дзеля забесьпячэньня таго, каб грамадзкія аб’яднаньні маглі стварацца праз працэдуру, якая зьяўляецца простай, лёгка даступнай, недыскрымінацыйнай, неабцяжарвальнай альбо бясплатнай.

Мандат спэцдакладчыка па Беларусі быў заснаваны Радай па правах чалавека ААН 5 ліпеня 2012 году, а ў верасьні на гэтую пасаду быў прызначаны прадстаўнік Вугоршчыны Міклаш Харасьці. Па выніках сваёй дзейнасьці ён прадставіць справаздачы аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Радзе ААН па правах чалавека і Генэральнай Асамблеі ААН.

Аднак беларускія ўлады адмаўляюцца ад супрацоўніцтва з спэцдакладчыкам. Спадар Харасьці так і не атрымаў магчымасьці наведаць Беларусь, каб вывучыць сытуацыю на месцы і ў тым ліку сустрэцца з афіцыйнымі асобамі дзяржавы: беларускія ўлады адмовілі яму ў візе, нагадвае прэсавая служба Асамблеі няўрадавых арганізацыяў.Няма веры ў тое, што юрыдычная сыстэма можа стаць гарантам правоў у сытуацыях, калі гэта супярэчыць інтарэсам уладаў.

Прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных ня ўзяўся цяпер камэнтаваць справаздачу Міклаша Харасьці:

«Камэнтаваць пакуль рана. Зразумела, што зьмест справаздачы будзе прааналізаваны экспэртамі, і толькі пасьля гэтага мы зможам зрабіць свае высновы».



Севярынец: «Сытуацыя з правамі чалавека стабільна кепская»


Павал Севярынец
Павал Севярынец
Сустаршыня аргкамітэту партыі БХД Павал Севярынец пракамэнтаваў становішча з правамі людзей на аб’яднаньні.

«Сытуацыя з правамі чалавека стабільна кепская. У галіне права на асацыяцыі можна прывесьці прыклад партыі „Беларуская хрысьціянская дэмакратыя“ ці арганізацыі „Малады фронт“: 4 партыйныя зьезды, рэгістрацыя як грамадзкай арганізацыі — нічога не дапамагае. Калі няма падставаў адмовіць нават фармальных — кропак, косак, то адмаўляюць па прычыне надуманай: запалохваюць актывістаў, якія адмаўляюцца ад подпісаў. Адзін на некалькі тысяч чалавек. Альбо з-за таго, што, прыкладам, правапіс загалоўных літараў у назьве не адпавядае зьменам у беларускім правапісе.

То бок абсурдная сытуацыя. Замест таго каб дапамагаць недзяржаўным арганізацыям, палітычным партыям рэгістравацца, што запісана ў статуце Мін’юсту, проста не дапускаюць рэгістрацыі арганізацый, узаконьваньня ініцыятываў. Гэта проста сорам: вядучая ідэалёгія на эўрапейскім кантынэнце — хрысьціянская дэмакратыя, а ў Беларусі яе проста не рэгіструюць».

Карэспандэнт: «А якія, на вашу думку, прычыны такога стаўленьня?»

«Улада баіцца, што ўзаконеныя грамадзкія арганізацыі, палітычныя партыі будуць праяўляць сумарную актыўнасьць, у іх будуць юрыдычныя падставы дзейнічаць, людзі будуць усё актыўней займацца мясцовымі праблемамі, нацыянальнымі праблемамі. І ў рэшце рэшт набярэцца крытычная маса. А крытычнай масы рэжым баіцца».


Стэфановіч: Беларусь ігнаруе кантрольныя органы ААН


Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
Намесьнік старшыні праваабарончай арганізацыі «Вясна» Валянцін Стэфановіч пракамэнтаваў тое, як Беларусь рэагуе на крытычныя заўвагі ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў краіне:

«Нас, беларускіх праваабаронцаў, турбуе ня толькі сытуацыя з правамі чалавека ў краіне, якую мы лічым вельмі цяжкай. Турбуе таксама адсутнасьць узаемадзеяньня Беларусі з кантрольнымі органамі ААН, паколькі Беларусь проста дэманстратыўна ігнаруе кантрольныя органы ААН. Найперш я кажу пра Камітэт правоў чалавека ААН.

Рашэньні КПЧ Беларусь не выконвае, заяўляе, што яны для яе неабавязковыя. Тэматычных спэцдакладчыкаў ААН у Беларусь не запрашаюць. Прыкладам, спэцдакладчык ААН па незалежнасьці судовай сыстэмы і адвакатуры быў у Беларусі апошнім разам у 2000 годзе. Спэцдакладчыка па праблеме катаваньняў не запрашалі, па адвольных затрыманьнях — таксама.

Любімая тэма беларускіх уладаў — гэта супрацьдзеяньне гандлю людзьмі і правы жанчын, але калі гаворка ідзе пра грамадзкія і палітычныя правы, то тут ніякага супрацоўніцтва няма.

Калі беларускім уладам нешта не падабаецца, яны адразу кажуць, што супрацоўнічаць ня будуць і ніякіх кантактаў мець ня будуць. Як яны заявілі ў КПЧ, што спыняюць усялякія кантакты з Камітэтам правоў чалавека ААН. Хоць Пакт ратыфікавалі, першы факультатыўны пратакол да яго ратыфікавалі, кампэтэнцыю КПЧ прызналі, абавязаньні аб выкананьні Пакту на сябе ўзялі. Добраахвотна ўзялі, ніхто іх не прымушаў. Чаму ж гэта ўсё не выконваецца? Нават справаздачы ў ААН аб выкананьні Пакту яны некалькі разоў прапусьцілі. Проста не падавалі справаздачы, і ўсё».

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч мяркуе, што працу спэцдакладчыка па Беларусі Камітэту правоў чалавека ААН трэба падоўжыць, бо ўвага да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі не павінна зьніжацца.


Гайдукевіч: «Парушэньні правоў чалавека ў Беларусі ёсьць»


Алег Гайдукевіч
Алег Гайдукевіч
Намесьнік старшыні ЛДПБ Алег Гайдукевіч пракамэнтаў справаздачу спэцдакладчыка Камітэту правоў чалавека ААН па Беларусі Міклаша Харасьці.

«Хачу пачаць з таго, што мы павінны не на словах, а справамі дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Вось мы сёньня вырашылі дапамагчы ТБМ, якое зьвярнулася па дапамогу ў аплаце арэнды памяшканьня. Найперш трэба ім дапамагчы грашыма, і мы гэта зробім, а таксама правядзем круглы стол, на якім выкажамся за тое, каб для палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў арэнда была не такая, як для камэрцыйных арганізацыяў. А ТБМ ЛДПБ дапаможа матэрыяльна, пасьля сьвятаў скантактуемся зь імі і дапаможам.

Што да справаздачы, то мы яе зараз пачытаем, бо, скажу шчыра, яшчэ не чытаў. Але: парушэньні правоў чалавека ёсьць ва ўсім сьвеце, няма такой краіны, дзе не парушаюцца правы чалавека. Пры гэтым мы даўно кажам, што трэба ўвесьці ў нас пасаду, якая б займалася абаронай правоў чалавека. Пакуль гэтага ня зроблена, але трэба рабіць тэрмінова. Другое: месяц таму ЛДПБ адкрыла цэнтар, дзе мы прымаем людзей са скаргамі на парушэньні іх правоў. То бок праблема ёсьць, але трэба разьбірацца па кожным канкрэтным выпадку. Але мы прызнаем, што парушэньні правоў чалавека ў нас ёсьць і гэтую праблему трэба вырашаць. А ў якім аб’ёме — трэба пачытаць справаздачу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG