Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная Амністыя (Amnesty International) разаслала тэрміновы прэсавы рэліз з заклікам да ўладаў Беларусі спыніць выкананьне сьмяротнага прысуду і ўвесьці мараторый на сьмерць.

Нагодай для закліку стала паведамленьне ад 30 красавіка пракуратуры Магілёўскай вобласьці, дзе быў вынесены чарговы сьмяротны прысуд.

«Судовай калегіяй па крымінальных справах Магілёўскага абласнога суду асуджаныя двое грамадзян за ўчыненьне забойства групай асобаў. Мужчыны былі асуджаныя за забойства сукамэрніка – абодва яны адбывалі турэмныя тэрміны за ранейшыя злачынствы. У якасьці меры пакараньня аднаму зь іх суд прызначыў па сукупнасьці прысудаў за раней зробленыя злачынствы выключную меру пакараньня – сьмяротнае пакараньне, другому – 16 гадоў пазбаўленьня волі».

У пракуратуры адзначылі, што асуджаны на сьмяротнае пакараньне – «вельмі адмоўная асоба, якая ўяўляе вялікую грамадзкую небясьпеку». Забіты сукамэрнік – чацьвёртая яго ахвяра. Астатнія злачынствы, якія ён зрабіў раней, таксама належаць да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх.

Таксама Міжнародная Амністыя выказала глыбокую заклапочанасьць з нагоды таямнічасьці, якой ахутанае сьмяротнае пакараньне ў Беларусі. У заяве гаворыцца, што да зьняволеных могуць ужывацца катаваньні.

«Cтатус Беларусі, як адзінай краіны ў Эўропе, дзе выконваюцца сьмяротныя пакараньні, ганебны. Улады павінны неадкладна адмяніць гэты сьмяротны прысуд і ўвесьці афіцыйны мараторый на сьмяротнае пакараньне», сказаў Давід Дыяс-Жоге, намесьнік дырэктара Amnesty International па краінах Эўропы і Цэнтральнай Азіі.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе да гэтага часу выносяцца і выконваюцца сьмяротныя прысуды. За гэта краіну ўвесь час крытыкуюць міжнародныя арганізацыі, якія змагаюцца за скасаваньне сьмяротнага пакараньня. У 2012 годзе ў Беларусі былі пакараныя сьмерцю Дзьмітры Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў, асуджаныя за ўчыненьне тэракту ў менскім мэтро 11 красавіка 2011 году. Паводле зьвестак арганізацыі Amnesty International, у Беларусі летась акрамя гэтых двух быў выкананы яшчэ адзін сьмяротны прысуд.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG