Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эканаміст Мігурскі напісаў кнігу пра згасальную эканоміку Магілёва


Магілёў — горад з дагасальнымі тэмпамі разьвіцьця. Такую выснову робіць кандыдат эканамічных навук Пётра Мігурскі ў сваёй кнізе «Магілёў: сацыяльна-эканамічны аспэкт». 2 траўня эканаміст-навуковец прэзэнтаваў гэтую кнігу грамадзкасьці ў «Тэхнапарку „Магілёў“». На прэзэнтацыю прыйшлі два дзясяткі чалавек — журналісты, грамадзкія актывісты, навукоўцы.

У кнізе Пётра Мігурскі на падставе афіцыйных статыстычных зьвестак і іх аналізу дае ацэнку стану эканомікі гораду і шляхоў яе разьвіцьця. Паводле эканаміста ў Магілёве кожнае другое прадпрыемства стратнае. Узровень беспрацоўя сягае дзесяці працэнтаў. Толькі за апошнія тры гады ў горадзе амаль на сорак працэнтаў стала менш будаўнікоў — яны выехалі на заробкі ў суседнюю Расею. Бюджэту гораду не стае 1 трыльёна рублёў на разьвіцьцё. Амаль усе прадпрыемствы маюць праблемы з абаротнымі сродкамі.

Пётра Мігурскі: «На сёньняшні дзень, акрамя хіба Менску і Горадні, ніводзін горад у Беларусі ня мае магчымасьцяў для самаразьвіцьця. Для разьвіцьця Магілёва даводзіцца павялічваць з году ў год датацыі ў мясцовы бюджэт. Калі ўлады ня зробяць высілкаў, каб горад выйшаў на самафінансаваньне, то сытуацыя будзе толькі пагаршацца. Скарачаецца колькасьць працоўных месцаў. У 2012 годзе ў рэальным сэктары эканомікі было занята 129 тысяч чалавек. Гэта самы нізкі паказьнік за апошнея дзесяцігодзьдзе. Назіраючы за тым, як ідуць скарачэньні працоўных месцаў на дзяржаўных прадпрыемствах — гэты працэс будзе прагрэсаваць. Гэта самая вялікая пагроза для Магілёва».
Пётра Мігурскі

Пётра Мігурскі


Пётра Мігурскі зазначыў, што залежнасьць Магілёва і Беларусі наагул ад экспарту ў Расею таксама сярод пагрозаў эканоміцы.

«Мы нарошчваем тэмпы экспарту на Захад, але тым ня менш туды мы адпраўляем прадукцыю высакаякасную, а вось у Расею прадаём прадукцыю, якая ня ёсьць інавацыйнай. І такой прадукцыі ў нас на сёньня 94 працэнты, і збыць яе можна толькі ў Расеі. Калі сытуацыя ў Расеі пагоршыцца, то прадукцыя магілёўскіх прадпрыемстваў можа там і не прадацца, а паколькі ў нас бальшыня прадпрыемстваў завязаныя на экспарт у Расею, то гэтыя прадпрыемствы могуць спыніцца».

Выратаваньнем для эканомікі гораду можа стаць, лічыць Пёра Мігурскі, прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў альбо іх продаж. На пытаньне, ці гатовыя жыхары Магілёва да эканамічных рэформаў, эканаміст адказаў:

«На сёньняшні дзень яны гатовыя разьвівацца, зарабляць, аднак бальшыню людзей задавальняе цяперашняе жыцьцё. Калі б былі ўмовы, то людзі б сябе праявілі. Але ж мэнталітэт наш такі, што гэтыя ўмовы мусіць нехта стварыць, але ня мы самі».
Мэнталітэт наш такі, што ўмовы мусіць нехта стварыць, але ня мы самі

Пётра Мігурскі лічыць, што ягоная кніга будзе адэкватна ўспрынятая ў асяродзьдзі прадстаўнікоў улады і дасьць магчымасьць ім убачыць іншыя шляхі ў разьвіцьці гораду.

«Задумвалася яна як дапаможнік для тых людзей, якія дбаюць пра будучыню Магілёва, — кажа актывіст партыі БНФ Віталь Макаранка. — Каб людзі мелі рэальнае аб’ектыўнае ўяўленьне пра тое, што такое Магілёў як эканамічна-сацыяльная адзінка і якія мае пэрспэктывы, праблемы і шляхі іх вырашэньня. Для праектаваньня будучыні патрэбны фундамэнт — вось гэтая кніга і дае ўяўленьне пра гэты самы фундамэнт гораду».

Выдаць кнігу Пятру Мігурскаму дапамагло Рэгіянальнае бюро стратэгіі разьвіцьця і міру.

Пётра Мігурскі — кандыдат эканамічных навук. Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году быў даверанай асобай кандыдата на прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. У 2011 годзе Мігурскага звольнілі з Магілёўскага ўнівэрсытэту харчаваньня, у якім ён ад 2006 году рабіў на эканамічным факультэце. Да працы ва Ўнівэрсытэце быў фэрмэрам і дырэктарам саўгасу. У 2008 годзе працаваў у Шклоўскай акруговай камісіі па выбарах у Палату прадстаўнікоў і выявіў тры несапраўдныя выніковыя пратаколы ўчастковых камісіяў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG