Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Цэнтру інтэлектуальнай уласнасьці: «Нам ёсьць чым ганарыцца»


Беларусі неабходна зрабіць захады для паляпшэньня абароны правоў на інтэлектуальную ўласнасьць. Пра гэта гаворыцца ў штогадовай справаздачы, апублікаванай на сайце Гандлёвага прадстаўніцтва ЗША (USTR). У дакумэнце адзначаюцца і дадатныя моманты: у 2012 годзе Беларусь далучылася да Сынгапурскай дамовы аб законах па гандлёвых знаках і палепшыла працэс афармленьня патэнтаў. Аднак у Гандлёвага прадстаўніцтва ЗША да Беларусі ёсьць і шмат прэтэнзіяў. ЗША заклікаюць Беларусь унесьці неабходныя папраўкі ў крымінальны і адміністрацыйны кодэксы для эфэктыўнай абароны правоў на інтэлектуальную ўласнасьць.

Кіраўнік Нацыянальнага цэнтру інтэлектуальнай уласнасьці Рэспублікі Беларусь Дзяніс Нядзьвецкі патлумачыў, што даклад Гандлёвага прадстаўніцтва ЗША — не падстава, каб прымяняць да Беларусі нейкія захады, а толькі ўласная думка Злучаных Штатаў. Па выніках гэтай справаздачы штогод Міністэрства замежных спраў Беларусі выказвае сваю пазыцыю, інфармуе, што краіна зрабіла за год і якія захады мае рабіць у наступным годзе.

— Вы згодныя з абвінавачваньнямі, закідамі на адрас Беларусі, якія зрабіла Гандлёвае прадстаўніцтва ЗША? Сапраўды краіна мае праблемы ў галіне абароны інтэлектуальнай уласнасьці?

— Рэспубліка Беларусь знаходзіцца ў адным і тым жа сьпісе з Бразыліяй, Канадай, Фінляндыяй, Ізраілем, Італіяй, Кувэйтам, Мэксыкай. Я б сказаў, нам ёсьць чым ганарыцца. Мы трапілі ў вельмі прыстойную кампанію. Фінляндыя, да прыкладу, вельмі актыўна прасоўвае сваю інтэлектуальную ўласнасьць і добра на гэтым зарабляе. Канада, Італія — прамыслова разьвітыя краіны, і сумнявацца ў тым, што ў іх абараняецца інтэлектуальная ўласнасьць, мала хто будзе. Летась Канада са Швайцарыяй у гэтым сьпісе былі ледзьве ня ў тройцы парушальнікаў. Таму трэба да гэтага ставіцца спакойна.

— Проста, як кажуць, «за дзяржаву крыўдна…»

— Украіне яшчэ крыўдней, бо яна трапіла наагул на першае месца зьнізу.

— Як вы лічыце, беларускае заканадаўства, што тычыцца абароны інтэлектуальнай уласнасьці, адэкватнае? Прадугледжвае адпаведнае пакараньне за нейкія парушэньні?
Усясьветную арганізацыю інтэлектуальнай уласнасьці наша заканадаўства цалкам задавальняе

— Усясьветную арганізацыю інтэлектуальнай уласнасьці наша заканадаўства цалкам задавальняе. Я не памятаю выпадкаў, каб нехта з Усясьветнай арганізацыі ці са Злучаных Штатаў меў прэтэнзіі, што нейкае палажэньне ў галіне інтэлектуальнай уласнасьці не адпавядае міжнародным стандартам. А тое, што ёсьць, — праблемы з правапрымяненьнем. У нас інтэлектуальная ўласнасьць існуе, па сутнасьці, толькі 20 гадоў. Мы разьвіваем, удасканальваем гэтую сыстэму. І ня ўсё ідэальна. Але ў Італіі, да прыкладу, інтэлектуальная ўласнасьць пачала разьвівацца ў ХV стагодзьдзі. У ЗША інтэлектуальная ўласнасьць ахоўваецца цягам двух стагодзьдзяў. Таму ацэньваць наш досьвед з пункту гледжаньня ЗША таксама было б не зусім карэктна.

— Ці былі нейкія гучныя справы, калі сапраўды кагосьці сур’ёзна пакаралі за парушэньні?

— Вось нядаўна асудзілі фізычную асобу за тое, што яна рэгістравала дамэнныя імёны, якія прадстаўлялі гандлёвыя знакі, на сябе. Але гэта пакуль адзінкавыя выпадкі.

— Цяпер шмат праблемаў узьнікае, зьвязаных з інтэрнэтам?

— Праблемы з інтэрнэтам узьнікаюць таму, што тэхнічная частка разьвіваецца вельмі хутка, і не заўсёды правапрымяненьне і нават заканадаўства пасьпявае. Але гэта праблема ня толькі Беларусі. У цэлым праблемы ў інтэрнэт-сфэры ў нас такія ж самыя, як і ва ўсім сьвеце.

МЗС Беларусі на сваім афіцыйным сайце апублікаваў рэакцыю на даклад Офіса гандлёвага прадстаўніка (ОТП) ЗША. «Сьцьвярджэньне амэрыканскага боку аб тым, што „пірацтва і контрафакция па-ранейшаму шырока распаўсюджаныя ў Беларусі“, не знаходзіць фактычнага пацьверджаньня», — лічыць беларускае замежнапалітычнае ведамства. «Мы ўзаемадзейнічаем з ЗША ў галіне абароны правоў інтэлектуальнай уласнасьці і прапанавалі амэрыканскаму боку правядзеньне сумесных мерапрыемстваў па дадзенай тэматыцы», паведамляе МЗС.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG