Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь зарабляе на афрыканскіх баевіках


Чарговая група з 300 лібійскіх камбатантаў прыехала на лячэньне і рэабілітацыю ў Беларусь.

А яшчэ раней беларускія дактары вылечылі паўтары тысячы ўдзельнікаў вайсковага канфлікту ў Лібіі. Такую інфармацыю паведаміла лібійскае выданьне Libya Herald са спасылкай на інтэрвію зь беларускім амбасадарам у Лібіі Анатолем Сьцепусем.

Тэлефоны беларускай амбасады ў Трыпалі не адказваюць.

Паводле ранейшых зьвестак, атрыманых Радыё Свабода, плаціла за лячэньне лібійцаў амбасада Лібіі ў Беларусі. Лібійцы лекаваліся ў трох менскіх клініках. Некаторыя зь іх жылі ў фэшэнэбэльным гатэлі «Эўропа».

Гэта ня першая інфармацыя пра тое, што Беларусь зарабляе грошы на лекаваньні ўдзельнікаў вайсковых канфліктаў. Зусім нядаўна стала вядома, што нігерыйскія партызаны пяць гадоў правядуць у Беларусі, каб рэабілітавацца і атрымаць адукацыю.

Больш за тое, вядома, што беларускія дактары ня раз накіроўваліся на працу ў Лібію, і гэта пацьвярджаецца інфармацыяй Libya Herald.

Лібійскае выданьне не паведамляе, на чыім баку ваявалі людзі, якія прыедуць у Беларусь. Пракамэнтаваць гэтую інфармацыю Радыё Свабода папрасіла Сяргея Богдана, дасьледчыка з Унівэрсытэту Гумбальта ў Бэрліне:

«Я ўпэўнены, што гэтыя людзі ваявалі на баку сілаў, якія выступалі супраць Кадафі. Другі бок ад гэтай праграмы пасьляваеннай рэабілітацыі атрымае мізер. Пытаньне ў тым, што сапраўды прывязуць людзей радыкальных, збольшага ісламістаў. Тут ня трэба мець ілюзіяў, што за людзі. Але і ня думаю, што яны будуць уяўляць небясьпеку. Будуць акуратна сядзець там, дзе павінны сядзець».

Лібійцы ўжо тут

У Беларусь зь Лібіі прыбыла група лібійскіх грамадзян, якія пройдуць курс рэабілітацыі.

«Дапамога ажыцьцяўляецца на камэрцыйнай аснове са зразумелых гуманітарных меркаваньняў», — паведаміў БЕЛТА прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных. Прыбыцьцё лібійцаў у Беларусь для рэабілітацыі знаходзіцца ў кампэтэнцыі Міністэрства аховы здароўя, якое ўзаемадзейнічае зь Міністэрствам па справах параненых Лібіі.

Ад пачатку рэвалюцыі ў Лібіі каля 1500 лібійскіх вайскоўцаў прайшлі ў Беларусі лячэньне і рэабілітацыю. Пра гэта паведамляе газэта Lybia Herald са спасылкай на беларускага пасла ў Трыпалі. Ён паведаміў, што нядаўна ў Беларусь накіраваліся яшчэ 300 баевікоў, параненых падчас рэвалюцыі, пераважна з гораду Мізрата.

Пра тое, што ў Беларусі лекуюцца параненыя лібійскія паўстанцы, першай напісала Свабода яшчэ ў кастрычніку 2011 году са спасылкай на амбасаду Лібіі ў Менску.

Сяргей Богдан лічыць, што Беларусь для рэабілітацыі камбатантаў абраная нездарма: «Калі б яны трапілі ў іншую краіну, то, безумоўна, вельмі хутка злучыліся б з радыкальнымі арганізацыямі. А ў Беларусі няма перадумоваў для далейшай радыкалізацыі гэтых людзей. Беларусь можа забясьпечыць для іх „яжовыя рукавіцы“, кантраляваць для іх гэты кантынгент».

Для беларускай сыстэмы аховы здароўя гэта дадатковыя і, напэўна ж, немалыя прыбыткі. Так, дзесяцідзённае лекаваньне ў стацыянары траўматалягічнага аддзяленьня беларускай клінікі можа каштаваць да 10 тысяч даляраў. Дактары не адмаўляюць, што іншаземцам даюць «зялёнае сьвятло» ва ўсіх шпіталях — апэруюць у першую чаргу, ствараюць лепшыя ўмовы і не эканомяць на леках.

Інфармацыя пра лячэньне лібійскіх паўстанцаў ізноў вымушае згадаць той факт, што Беларусь падазравалі ў пастаўках зброі Лібіі ў абыход накладзенага эмбарга. Пацьверджаньняў гэтым абвінавачаньням знайсьці не ўдалося. Падставай для іх стаў факт вылету з баранавіцкага аэрадрома самалёта «ІЛ-76».

Экспэрт Сяргей Богдан ня лічыць такія абвінавачаньні сур’ёзнымі. Магчыма, іх падмацоўваў надзвычайны сантымэнт, які беларускія ўлады мелі да рэжыму Муамара Кадафі. У 2008 годзе Кадафі нават быў у Менску з афіцыйным візытам. У медыях усур’ёз абмяркоўвалася магчымасьць, што Кадафі атрымае ў Менску прытулак, як гэта адбылося з кіргіскім прэзыдэнтам-уцекачом Курманбекам Бакіевым.

Увосень 2011 году Нацыянальная пераходная рада Лібіі абвясьціла, што на баку Кадафі ваявалі беларускія снайпэры. Гэтую інфармацыю абверг беларускі МЗС.

Аднак чатырох беларусаў абвінавацілі ў пасобніцтве рэжыму Кадафі і асудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Па зьвестках праваабаронцаў, Фёдар Трусанаў, Валер Гардзіенка, Ігар Ядзімічаў і Вячаслаў Качура знаходзяцца ў турме ў жахлівых умовах. Беларускі МЗС настойвае на несправядлівасьці абвінавачаньня і сьцьвярджае, што беларусы прыбылі ў Лібію для працы на цывільных аб’ектах. Вядома, што 10 красавіка пачаўся перагляд іхнай справы ў судзе Трыпалі.

Фатограф Сяргей Грыц заўважыў гэтую групу маладых людзей на хакейным матчы. «Менск-Арэна». Красавік 2013 г.

Фатограф Сяргей Грыц заўважыў гэтую групу маладых людзей на хакейным матчы. «Менск-Арэна». Красавік 2013 г.

XS
SM
MD
LG