Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня 4 траўня: Вызваляюць Вінаградава, прэзэнтацыя фільма «Катаваньні ў Беларусі. Апакаліпсіс», дзень сьмерці Сыса


Падзеі і даты сёньняшняга дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск. Мае выйсьці на свабоду з турмы на Акрэсьціна пасьля 12 сутак арышту лідэр моладзевага крыла кампаніі «Гавары праўду» — «Zмена» Павал Вінаградаў. 21 красавіка на станцыі мэтро «Няміга» ён вывесіў партрэт палітвязьня Міколы Статкевіча і бел-чырвона-белы сцяг.

Менск. Маратон Салідарнасьці з палітвязьнямі. «Катаваньні ў Беларусі. Апакаліпсіс»- новы фільм Вольгі Мікалайчык«. Пачатак у 18.00. Сядзіба Партыі БНФ.

Менск. «10×10: суботняя размова» — новы праект Нацыянальнага мастацкага музэю. З 14.00 на працягу 10 хвілінаў будзе ісьці размова толькі аб адным мастацкім творы з экспазыцыі музэю — карціне Шчадрына «Новы Рым».

Менск. Фэстываль танцавальнай вулічнай культуры New Blood. Спэцыяльны госьць з Расеі — Яўгеній Барышаў (FarFor). Рэгістрацыя ў 15.00, пачатак у 16.00. Станцыя мэтро «Няміга».

Менск. Канцэрт гурту «Нэрвы» клюб Re:Public. Пачатак у 19 00.

Менск. Канцэрт-экскурсія гурту Re1ikt Галерэя-бар NEWDAY. Пачатак у 20.00.

ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1750 г. — адкрылася Нясьвіская друкарня, заснаваная Радзівіламі. У друкарні было надрукавана каля 70 кнігаў, пераважна рэлігійнага зьместу і падручнікі на польскай і лацінскай мовах.

1838 — Дзеячы культуры выкупілі з прыгоннай няволі ўкраінскага паэта Тараса Шаўчэнку.

1879 — у Магілёве нарадзіўся савецкі фізык Леанід Мандэльштам, адзін з заснавальнікаў савецкай школы радыёфізыкі.

1933 — Галодны бунт у Барысаве. Калі прадуктовыя нормы ў СССР былі зьменшаныя ўдвая, натоўп барысаўскіх жанчын разам зь дзецьмі рушыў да прадуктовых складоў. У выніку частка складоў была разрабаваная. Пасьля гэтага супрацоўнікі НКВД паспрабавалі спыніць жанчын, але ім гэтага не ўдалося. І тады жанчыны рушылі да запалкавай фабрыкі, каб выклікаць на вуліцу сваіх мужчын. У ноч з 3 на 4 красавіка 1933 году каля 1400 барысаўцаў былі арыштаваныя, дзьвесьце зь іх былі расстраляныя адразу, астатніх выслалі ў сталінскія канцлягеры. Ніводзін з высланых дадому не вярнуўся.

1975 — Заснаваны Менскі інстытут культуры. Ад 1993 г. — Беларускі ўнівэрсытэт культуры.

1990 — Вярхоўны савет Латвійскай ССР прыняў дэклярацыю аб аднаўленьні незалежнасьці Латвійскай Рэспублікі.

1995 — Прыняты Закон «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь».

У гэты дзень нарадзіліся:

1715 — Геранім Фларыян Радзівіл, дзяржаўны дзеяч ВКЛ

1799 — Фларыян Бохвіц, польска-беларускі асьветнік, пісьменьнік

1929 — беларускі рэжысёр Уладзімер Маланкін, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі.

1932 — Мікола Прашковіч, беларускі літаратуразнавец, крытык, перакладчык

У гэты дзень памерлі:

1863 — Людвік Нарбут, вайсковец, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863-64 гадоў

1929 — Уладзімер Варава, беларускі пісьменьнік і журналіст

1930 — Уладзімер Красьнянскі, беларускі гісторык і краязнавец

2005 — Анатоль Сыс, беларускі паэт

ЦЫТАТА ДНЯ

Ніхто ня мае права жыць з Паэтам,
кахаць, пакутаваць і раўнаваць яго
ня тыя дні, калі б ён дбаў пра гэта,
ня той напой, які б ён піў нагбом.
Ніхто ня мае права мець Паэта,
рабіць яго паяцам пры двары,
таму што гэта... ды таму што гэта
народу і паэзіі падрыў.
Ніхто ня мае права біць Паэта,
ён нават сам ня вольны над сабой,
магчыма, ён адзіны на паўсьвета,
а вы за ім, нібыта за гарой.
Паэт ня мае права быць паэтам
цнатлівае і чыстае красы,
калі ў Айчыне загніваюць рэкі
і засыхаюць на вачох лясы.


Анатоль Сыс
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG