Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пра «Бульбаш-хол» давядзецца адказваць Генпракуратуры


Від на «Бульбаш-хол» з Курапатаў

Від на «Бульбаш-хол» з Курапатаў

Сябры ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу «Курапаты» зьвярнуліся ў Генэральную пракуратуру з просьбай патлумачыць, чаму працягваецца добраўпарадкаваньне тэрыторыі рэстарацыі «Бульбаш-хол».

«У звароце мы пішам, што 29 красавіка пабачылі ва ўрочышчы Курапаты, што будаўніцтва працягваецца і што рэстарацыя амаль гатовая да працы. Усё гэта робіцца без зацьверджанага пляну і без узгадненьня з грамадзкасьцю. Таксама зьвяртаем увагу на тое, што тэрыторыя мэмарыялу ператвораная ў звалку. Просім патлумачыць сытуацыю і даць адказы», — кажа каардынатарка ініцыятывы Ганна Шапуцька.

Канчатковае рашэньне пра аднаўленьне будоўлі або перанос забаўляльнага комплексу і рэстарацыі павінна быць прынятае пасьля таго, як будзе распрацаваны і зацьверджаны праект дэталёвага плянаваньня тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасьці — мэмарыялу «Курапаты».

Сябры ініцыятывы ўжо зьвярталіся з запытам у Генэральную пракуратуру 28 лістапада 2012 году. Тады зварот перанакіравалі ў Менаблвыканкам і Міністэрства культуры, якія адказалі, што будоўля павінна быць спынена да моманту зацьвярджэньня праекту дэталёвага плянаваньня. На распрацоўку праекту адводзілася паўгода. Гэты тэрмін скончыўся 1 траўня.

Напярэдадні кіраўнік управы аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі паведаміў, што дэталёвы плян і прапановы па праекту аховы мэмарыялу «Курапаты» ў Міністэрства не паступалі.


View «Бульбаш-хол» ля Курапатаў in a larger map

Даведка «Свабоды»


Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКУС расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.

У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты знайшлі парэшткі людзей. Гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».

У чэрвені 1988 году была створана ўрадавая камісія, і пракуратура БССР узбудзіла крымінальную справу па выяўленых фактах. У працэсе расьсьледаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 год супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.

Пры аглядзе ляснога масіву выявілася, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 групавых пахаваньняў, зь якіх шляхам эксгумацыі было праверана 8. У 6 зь іх знайшлі шкілетныя парэшткі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы. Каб ушанаваць памяць ахвяраў, тут паставілі крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.

У Курапатах ня раз чыніліся акты вандалізму.
XS
SM
MD
LG