Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША: Беларусь парушае правы на інтэлектуальную ўласнасьць


У сваёй штогадовай справаздачы Гандлёвае прадстаўніцтва ЗША (United States Trade Representative Office) заклікае Беларусь зрабіць захады дзеля паляпшэньня абароны правоў на інтэлектуальную ўласнасьць.

«Злучаныя Штаты па-ранейшаму занепакоеныя рэалізацыяй Беларусьсю абавязаньняў адносна правоў на інтэлектуальную уласнасьць, якія Беларусь узяла на сябе, падпісваючы гандлёвае пагадненьне з ЗША ў 1993 годзе. Пірацтва і падробкі тавараў па-ранейшаму шырока распаўсюджаны ў Беларусі, а намаганьні аховы правоў на інтэлектуальную ўласнасьць па-ранейшаму слабыя і неэфэктыўныя», — адзначаецца ў справаздачы. У сувязі з гэтым ЗША заклікаюць Беларусь унесьці неабходныя папраўкі ў крымінальны і адміністрацыйны кодэксы для эфэктыўнай абароны правоў на інтэлектуальную ўласнасьць.

Справаздача таксама заахвочвае Беларусь гарманізаваць рэжым абароны правоў на інтэлектуальную ўласнасьць з прынцыпамі, прынятымі ў рамках Мытнага саюзу, у які Беларусь уваходзіць разам з Казахстанам і Расіяй.

Гандлёвае прадстаўніцтва ЗША — урадавае агенцтва (міністэрства) ЗША, якое займаецца распрацоўкай гандлёвага заканадаўства ЗША, складаньнем двухбаковых і шматбаковых гандлёвых пагадненьняў ды каардынацыяй зьнешнегандлёвай палітыкі краіны. Прадстаўніцтва штогод выдае гэтак званую Адмысловую справаздачу 301 (сьпіс 301). Гэты сьпіс уключае краіны, якія не забясьпечваюць адэкватную і эфэктыўную прававую ахову інтэлектуальнай уласнасьці.

Сёлетняя справаздача вылучае Ўкраіну як priority foreign country — найбольш жорсткую парушальніцу правоў на інтэлектуальную ўласнасьць. Сьпіс яшчэ складаецца з часткі, якая называецца Priority Watch List (сёлета тут названы 10 краінаў), ды з Watch List (тут 30 краінаў, сярод якіх і Беларусь).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG