Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody’s пакінула «нэгатыўны» прагноз для беларускіх банкаў, які быў уведзены ў ліпені 2009 года.

Пра гэта зазначаецца ў новым аглядзе банкаўскай сыстэмы Беларусі, які быў апублікаваны агенцтвам.

Ключавымі фактарамі захаваньня нэгатыўнага прагнозу на фоне макраэканамічнай уразьлівасьці застаецца абмежаваная здольнасьць ўраду аказваць падтрымку банкам, прагноз агенцтва наконт магчымага пагаршэньня якасьці банкаўскіх актываў і дастатковасьці капіталу, а таксама нізкі ўзровень валютнай ліквіднасьці банкаў пры наяўнасьці значнага аб’ёму валютных дэпазітаў.

Паводле ацэнкі Moody’s, рост ВУП Беларусі ў гэтым годзе складзе 2%, «хоць значныя макраэканамічныя рызыкі могуць абмежаваць рост і дэстабілізаваць дзяржаўныя фінансы з негатыўнымі наступствамі для крэдытаздольнасьці банкаў».

Экспэрты тлумачаць зьнешнюю ўразьлівасьць эканомікі Беларусі нізкім памерам золатавалютных рэзэрваў у адносінах да патрэбаў у фінансаваньні імпарту і зьнешняга доўгу.

«Няздольнасьць забясьпечыць зьнешняе фінансаваньне і / або захаваньне энэргетычных субсідый, на нашу думку, уяўляе сабой значную рызыку для эканамічнага росту», — цытуе справаздачу Moody’s агенцтва «Інтэрфакс».

Акрамя таго, экспэрты Moody’s указваюць на запаволеньне эканомікі ў асноўных гандлёвых партнэраў Беларусі — Эўразьвязу і Расеі, што можа абмежаваць беларускі экспарт і зьнізіць даходы ад экспартных мытаў.
XS
SM
MD
LG