Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У справе пра бостанскі выбух затрыманыя яшчэ трое


Бостанская паліцыя паведаміла, што ўзяла пад варту яшчэ трох падазраваных па справе аб выбуху падчас маратону ў Бостане 15 красавіка.

Ад выбуху загінулі 3 чалавекі, яшчэ каля 260 атрымалі раненьні.

Увечары 19 красавіка быў затрыманы падазраваны ў арганізацыі выбуху 19-гадовы Джахар Царнаеў. Ён быў паранены і цяпер знаходзіцца ў турэмным шпіталі. Ягоны старэйшы брат, 26-гадовы Тамерлан Царнаеў, раней быў забіты ў перастрэлцы з паліцыянтамі.

Двое з новых падазраваных – грамадзяне Казахстану Азамат Тажаякаў і Дзіяс Кадырбаеў, якія вучыліся ў адным каледжы з Джахарам Царнаевым. Іх абвінавачваюць ў змове з мэтай перашкодзіць правасудзьдзю, бо яны нібыта вынесьлі заплечнік Царнаева з пакою ў інтэрнаце, даведаўшыся, што таго падазраюць у арганізацыі выбуху. Іх адвакат Лінда Крыстэла, якая прадстаўляе іх інтарэсы ў судзе па іміграцыйнай справе, пацьвердзіла, што супраць іх вылучылі фэдэральныя абвінавачаньні.

Кадырбекава і Тажаякава затрымалі ўжо больш за тыдзень таму іміграцыйныя службы, за парушэньні правілаў знаходжаньня ў кріане па студэнцкай візе. Ім пагражае да пяці гадоў зьняволеньня і штраф $250,000.

Трэці новы падазраваны – грамадзянін ЗША Робэл Філіпас, які таксама вучыўся разам з Джахарам Царнаевым. Яго вінавацяць у непраўдзівых паказаньнях падчас расьсьледаваньня. Філіпасу пагражае да васьмі гадоў зьняволеньня і штраф $250,000.
XS
SM
MD
LG