Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часам вельмі хочацца зірнуць у вочы тым «вэтэранам і жыхарам сталіцы», па чыіх шматлікіх просьбах 7 траўня 2005 году менскі праспэкт Францішка Скарыны раптам зрабіўся праспэктам Незалежнасьці, праспэкт Машэрава — праспэктам Пераможцаў, вуліцы Ерусалімская, Н.П.Дразда і Варвашэні — праспэктам Машэрава, а Старабарысаўскі тракт — вуліцай таго самага Францішка Скарыны. Хочацца даведацца, наколькі шматлікімі былі просьбы — колькі загінула паштальёнаў, колькі было абарвана казённых тэлефонаў і абвешчана бестэрміновых галадовак, колькі спалена чучалаў Н.П. Дразда і пасьля якой па ліку дэманстрацыі пратэсту ўлада нарэшце прыслухалася да волі менчукоў і апублікавала даўно насьпелы ўказ. І, галоўнае, цікава, наколькі пераканаўчымі былі просьбы «трудзяшчыхся». Уяўляюцца поўныя роспачы і праведнага гневу пасланьні, напісаныя дрыготкім почыркам неабыякавага да тапанімікі чалавека:

«Здрастуйця, дарагая рэдакцыя. Я так больш не магу. Чэснае слова, скора абалью сябе кірасінам і падажгу. Ілі бінзінам. Усё дзела ў том, што я жыву на прасьпекце імені Францыска Скарыны, каторы, как сьледуе сь яго імені, был паляк і вабшчэ ня наш чалавек, і эта ўжэ пачці пятнаццаць лет уніжает маю чэсьць і дастоінства, а такжэ рэлігіозныя чуства. Праўда, раньшэ нам гаварылі, што яго завуць Георгі, как і мяня, но аказалась, што ўралі. Шчытаю сваім доўгам такжэ саабшчыць, што ешчо адзін прасьпект, па катораму я кажды дзень іду ва ўтарое аддзяленьне наркадыспансера штоб праведаць сваіх друзей, ужэ даўно называецца Машэрава. Пазаўчара я ўзнаў пра гэта ад майго друга Толіка, мы яго ўсе так і называем Історык. З бальшой буквы. Уся логіка працэсаў падказвае, што пачаму бы не назваць эту бальшую уліцу ў чэсьць нас, прастых жыцелей Мінска, каторые адстаялі нашу пабеду ў ліцэ сваіх дзедаў і прадзедаў. А названіе Машэрава я прэдлагаю аддаць уліцэ Варвашэні, патаму што я там нікагда ня жыў, дык мне да аднаго месца, як яна будзе там называцца, а жыву я на прасьпекце Францыска Скарыны, каторы вабшчэ неізьвесна чэм тут занімался ў годы акупацыі. Можэт, нам усё ўралі і он падпольшчыкаў вешаў.

С уважэніем

Патрыёты Віцебска».

У сувязі з гэтым прыгадваюцца дзьве гісторыі. Першая — пра аднаго прыяцеля, які напісаў і даслаў у канцы васьмідзясятых на Цэнтральнае тэлебачаньне ад імя выдуманых ім савецкіх школьнікаў дзьвесьце лістоў з патрабаваньнем паказаць па тэліку фільм «Піраты ХХ века» — і ўсе розным почыркам і розным стрыжнем. Другая пра маладых латыскіх літаратараў, якія ў 1999-м, стоячы на менскай плошчы Перамогі, на поўным сур’ёзе пачалі дапытвацца, чаму яна так называецца і каго беларускае войска перамагло ў 1945-м.

Перайменаваньні вуліц у Менску адбываліся і раней, але такога бязглуздага, як у 2005-м, сталіца ня бачыла даўно. Заўжды былі нейкі матывы: ідэалягічныя, палітычныя, культурныя — або проста «ў сувязі са зьменай абстаноўкі». Ясна, чаму Сталінградзкая зрабілася ў 1961-м Валгаградзкай, а яшчэ раней, напрыклад, Турэмная — Валадарскага, Нямецкая — Карла Лібкнэхта, Архірэйская — Пуліхава, Лютэранская — Волаха... Даволі сюрэалістычна выглядаюць на мапе шматлікія назвы менскіх вуліц кшталту Авакяна (былая Лібаўская) або Чыгладзэ, што была раней нейкім Радыятарным завулкам, але гэтыя асобы прынамсі прычыніліся да гарадзкой гісторыі, у адрозьненьне, скажам, ад Пушкіна. Даводзілася павандраваць па горадзе Заслонаву, Коласу, Луначарскаму, Дзяржынскаму і іншым рознакалібэрным героям. На іхным фоне Машэраў, якому, як у адмысловым абменьніку, памянялі адзін праспэкт на другі, цалкам упісваецца ў тапанімічны менскі пэйзаж. Які б ні быў — але наш.

Але нашто, у імя якіх патаемных жарсьцяў і загадкавых ідэалаў адбылося перайменаваньне 2005-га, сказаць цяжка. Здаецца, прычына адна. Паказаць менчукам, хто тут гаспадар, паказаць, што вось, мы тут усё зараз памяняем, папераназываем, проста так, ад няма чаго рабіць, а вы нічога ня зможаце запярэчыць, паслухмяна пачняце называць вуліцы па-новаму, зьмірыцеся і зробіце выгляд, што так было заўжды. Блытаніна і марнаваньне грошай ня страшныя — звыкніцеся, і не з такім звыкаліся. А захочам — наогул усё тут пазносім нафіг, і нічога нам за гэта ня будзе. Чарговы этап праверкі на ляяльнасьць, на тое, колькі і чаго можа праглынуць адзін асобна ўзяты горад. А мала падасца — вабшчэ вас зачыркнём, так і будзеце хадзіць зачоркнутыя, а горад назавем красіва і саўрэменна: Масква.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG