Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэрсіяў таго, хто, дзе і калі ўпершыню ў сьвеце залез у вагон цягніка, каб пажывіцца чужымі грошыкамі і залацішкам, існуе ня менш, чым шпалаў на чыгунцы паміж Балтыморам і Агаё. І гэты амэрыканскі маршрут працягласьцю 115 кілямэтраў згаданы тут не выпадкова. Як не выпадкова ён трапіў і ў шэраг гістарычных маршрутаў сьвету. А ўсё таму, што, паводле адной з вэрсіяў, менавіта паміж гэтымі кропкамі А і Б 5 траўня 1865 году адбылося яно самае — першае на Зямлі рабаваньне на чыгуначным транспарце.

У той дзень каля станцыі Норт-Бэнд у штаце Агаё некалькі бравых каўбояў заскочылі ў адзін з вагонаў і, пагражаючы пасажырам кольтамі... Не, наконт таго, чым яны пагражалі — кольтамі, тамагаўкамі або карай нябеснай, дакладных зьвестак няма, але калі ў 1865-м у Агаё рабаўнікі маглі выхапіць нешта, апрача зараджаных кольтаў, дык, як казаў Карлсан, я так не гуляю. Пакуль таварышы зьбіралі з пасажыраў іхную багатую даніну, некалькі тысяч даляраў, пярсьцёнкі, брошкі і завушніцы, парачка самых тэхнічна прасунутых злачынцаў накіравалася ў багажны вагон. Яны цудоўна ведалі, што там у сэйфе ляжыць яшчэ каля дваццаці тысяч — уласнасьць кампаніі «Adams Express». Уся гэтая апэрацыя «Паравоз» заняла менш часу, чым спатрэбілася Гойка Міцічу, каб набіць люльку міру. Кажуць, рабаўнікоў так і не знайшлі. Магчыма, атаманам у іх быў сам Джэсі Джэймс, той самы партызан і Робін Гуд. Але і гэта — усяго толькі вэрсія на шыі ў легенды.

На той час чыгунка ў ЗША існавала толькі трыццаць пяты год. Ня надта доўга ў параўнаньні зь нябесным Вялікім Возам, але цалкам дастаткова для таго, каб ацаніць яе вартасьці — у тым ліку чалавеку зь цёмным мінулым, на кані і з кольтам. З гэтага здарэньня ў Агаё і пачалася вялікая любоў рабаўнікоў усяго сьвету да чыгункі. Любоў, якая працягваецца дагэтуль, хаця, здаецца, і паравозаў больш няма, і грамадзяне спасьціглі нарэшце перавагі ашчадкасаў.

Ужо празь некалькі гадоў пасьля рабунку каля Норт-Бэнд новым відам спорту захапіліся самыя знакамітыя крымінальныя аўтарытэты таго часу. Паляваньне на паштовыя і пасажырскія экспрэсы ладзілі браты Рэно на чале са сваёй сястрычкай — іхным сямейным бізнэсам з маленства была экспрапрыяцыя банкаўскіх білетаў, золата і каштоўных папераў. А той самы Джэсі Джэймс, натура творчая ва ўсіх адносінах, нават пакінуў аднойчы на месцы злачынства цыдулку з падрабязным апісаньнем зьдзейсьненага, па літаратурных мерках ня горшым за раманы Карла Мая. У 1900 годзе ў Ваёмінгу цягнік робіцца ахвярай знакамітага Бутча Кэсіды і яго банды, а ў 1901 у Новым Арлеане адбылося самае сьмешнае рабаваньне на чыгунцы — здабычай суворай банды сталі дванаццаць з паловай тысяч калядных паштовак: грошай той паравоз ня вёз наогул.

У 1903-м у Амэрыцы выйшаў фільм «Вялікае рабаваньне цягніка», які толькі дадаў рамантыкі ў нялёгкую працу чыгуначных зладзеяў. Магчыма, менавіта ён натхніў польскіх рэвалюцыянэраў на чале зь Юзэфам Пілсудзкім «расьпячатаць» у 1908-м на станцыі Бязданы паштовы цягнік, што ехаў у Пецярбург, на суму дзьвесьце тысяч рублёў. А ў 1963-м, калі рабаваньне цягніка здавалася ўжо архаізмам ня толькі паліцыі, але і самім бандытам, недалёка ад Лёндану сваё «The Great Train Robbery» правярнула банда Роні Бігса. Рабаўнікі ўключылі чырвонае сьвятло сэмафора, машыніст цягніка, што ішоў з Глазга, затармазіў, і... За пятнаццаць хвілін Роні з паплечнікамі сталі ўладальнікамі трох мільёнаў фунтаў.

Але ў 2012 годзе і Бігса абышоў паводле дзёрзкасьці і колькасьці здабытых мільёнаў ананімны жыхар адной зь вёсак Клічаўскага раёну Магілёўскай вобласьці. У цягніку Магілёў-Салігорск ён, не карыстаючыся ні кольтам, ні калгасным канём, завалодаў заплечнікам адной студэнткі, у якім было маёмасьці на суму шэсьць мільёнаў! Праўда, ня фунтаў стэрлінгаў, а беларускіх рублёў, але шэсьць заўжды будзе больш за тры, ды і якая розьніца? Колы грукалі, студэнтка спала, вагон пахістваўся, а цягнік ехаў між беларускіх прэрый з пункту А у пункт Б. Клясыка, якая не старэе.
XS
SM
MD
LG