Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чырвоны травень


Спачатку — дыплём, а потым ужо — рэвалюцыя. «Первым дзелам самалёты, ну, а дзевушкі — а дзевушкі патом», — як сьпявалася ў адной савецкай песьні. Вось ён, клясычны бацькоўскі падыход да справы, нудны, як лекцыя ў сонечны веснавы дзень. Ну-у-удна... І чагосьці хочацца: ці то сэксу, ці то марозіва, ці то эканамічных і сацыяльных рэформаў. Ці то проста што-небудзь зламаць і выкінуць.

Увесну 1968 году францускія студэнты вырашылі, што так далей жыць нельга і што дыплём без папярэдняй рэвалюцыі ня мае сэнсу, як і «самалёты» бязь «дзевушак». Асабліва іх раздражняў той факт, што дзяўчаткі маглі вольна наведваць мужчынскія студэнцкія інтэрнаты, а вось хлопчыкі дзявочыя — ай-я-яй. У выніку па краіне прамчаў сапраўдны віхор, які сарваў з Францыі ня толькі дах, але і ўсё фігавае лісьце. Голае грамадзтва задуменна разглядвала сябе ў люстэрках разьбітых вітрынаў. Ніхто больш не хацеў працаваць. Некалькі мільёнаў чалавек зладзілі сабе вясёлыя вакацыі, не адыходзячы далёка ад касы.

3 траўня 1968 у Лацінскім квартале галовы сьцелюць снапамі, харалужнымі малоцяць цапамі і веюць душу ад цела. Напярэдадні рэктар Сарбоны зачыніў унівэрсытэт, баючыся боек левакоў і правых — студэнцкая брація абурылася не на жарт. І вось — дзьве тысячы паліцыянтаў з дубінкамі і газам супраць дзьвюх тысяч навучэнцаў з каменьнем у руках і кашай у галаве. У выніку больш за пяцьсот арыштаваных, некалькі соцень параненых. Але напраўду ўсё пачалося значна раней.

Магчыма, з тэкстаў сытуацыяніста Дэбора, у якіх ён заклікаў суайчыньнікаў да «рэвалюцыі штодзённасьці»: адмяніць для сябе самога законы, падаткі, мараль і выяўляць сябе ў вольнай спантаннай творчасьці. І яго пачулі. Ужо 29 красавіка адна з аўдыторыяў Сарбоны была захопленая студэнтамі, 1 траўня на вуліцы выходзіць сто тысяч чалавек, назаўтра ва ўсіх унівэрсытэцкіх гарадах адбываюцца мітынгі і страйкі. Пасьля бітвы ў Лацінскім квартале праходзяць суды над затрыманымі ўдзельнікамі, няўклюдныя працэсы, якія толькі здабываюць бунту новых прыхільнікаў. Страйкуюць сотні прадпрыемстваў. На бок студэнтаў становяцца Сартр і Сарот, Саган і Марыяк, вельмі радыя такой цудоўнай нагодзе нагадаць пра сваё існаваньне.

7 траўня паліцыі супрацьстаіць ужо трыццаць тысяч разьюшаных студыёзусаў. Паўсюль страйкі, перакуленыя і спаленыя машыны, барыкады і «Інтэрнацыянал». Зачыненыя некаторыя марскія парты і лётнішчы. А 13 траўня ў Парыжы на дэманстрацыю выходзіць ужо ні многа ні мала васемсот тысяч чалавек. Астатнія жывуць у страху, як бы іхныя кватэры не пераблыталі з Бастыліяй, а іх саміх з вандэйскай контрай, бо хто там ведае, што ў гэтых філёзафаў у Сарбоне было па гісторыі.

...Сярэднюю клясу нездарма называюць станавым хрыбтом дзяржавы. Яе прэзыдэнта дэ Голя ўсе тыя забурэньні, здаецца, ня надта бянтэжаць. Каб паказаць, хто тут бацька, ён нават ляціць у госьці да Чаўшэску, быццам нічога ня здарылася. Алена Чаўшэску ў захапленьні: «Какой мусчына!» Дэ Голь вяртаецца, вымае з шуфлядкі запыленую жалезную руку і спрабуе навесьці ёй парадак — калі ў краіне страйкуе ўжо дзесяць мільёнаў чалавек. У чэрвені яму гэта нарэшце ўдаецца. Праўда, праржавелая жалезная рука ў выніку ломіцца і выпраўляецца на мэталалом. Але парадак адноўлены. Аднаго зь лідэраў тых пратэстаў супраць усяго адразу і за вольны ўваход у дзявочыя інтэрнаты, неўзабаве высланага з Францыі бунтара, а цяпер цалкам сабе рэспэктабэльнага палітыка дагэтуль дзе-нідзе клічуць Кон-Бандытам. І нічога — пасьля 1968 рэпутацыя «бандыта» ўжо не перашкода кар’еры, а просты шлях у Эўрапарлямант. Таксама свайго кшталту рэвалюцыйнае дасягненьне...

Засталіся людзі, засталіся лёзунгі — гэтыя дзіўныя гальскія дацзыбао, якімі расьпісваліся зьдзіўленыя сьцены травеньскага Парыжу. Занадта літаратурныя — мо таму адным траўнем усё фактычна і абмежавалася. Прывіды Маокарла Цзэгевары. «Будзьце рэалістамі — патрабуйце немагчымага», «Усё — і зараз жа!», «Забараняецца забараняць», «Аргазм — тут і цяпер!», «Адчыніце вокны вашых сэрцаў!» Ёсьць пра што паразважаць філёзафу пасьля дзьвюх бутэлек віна і добрага касяка, але не зусім зразумела для рабочага.

І абсалютна контррэвалюцыйна для слыху мілых студэнцкаму сэрцу кітайскіх хунвэйбінаў, пра якіх парыскія бунтары мелі даволі цьмянае ўяўленьне і тым ня менш лічылі іх чамусьці прыкладам для перайманьня. Цемната! Якая была і застаецца сябрам моладзі. Прапанаваць бы розным эўрапейскім левакам прыняць грамадзянства РБ — калі ўжо ім так бракуе свабоды на гістарычнай радзіме. А яшчэ лепш пашпарт КНДР, краіны чучхэ. Вось ужо дзе прыклад рэвалюцыйнага мысьленьня...

Але, што ні кажы, насамрэч парыскія падзеі 1968 году — гэта яшчэ і добры напамін студэнцтву пра часы ягонага росквіту. Студэнцтву, што ад часоў Сярэднявечча было сілай, зь якой лічылася любая ўлада, а цяпер, здаецца, вымірае сабе паціху — вядома ж, выключна як кляса. І правільна, дыплём і кар’ера важнейшыя. А дзевушкі — дзевушкі пачакаюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG