Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: Суд за «чарнобыльскі» пікет — пасьля 6 траўня


Пікет 26 красавіка

Пікет 26 красавіка

Супрацоўнікі міліцыі склалі пратакол на чальца КХП-БНФ Яна Дзяржаўцава, нібыта, за несанкцыянаванае пікетаваньне і заявілі, што 6 траўня, усе дакумэнты будуць накіраваныя ў Кастрычніцкі райсуд.

30 красавіка Яна Дзяржаўцава выклікалі ў пастарунак, апыталі пра ягоны ўдзел у акцыі супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі ды склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаваньне.

«Я сказаў міліцыянтам, што гэта не было пікетам. Бо мы не высоўвалі ніякіх палітычных лёзунгаў, ні да чаго не заклікалі. А што я супраць будаўніцтва АЭС на беларускай зямлі — дык я гэтага не хаваю. І лічу, што маю права на свабоду выказваньня свайго меркаваньня», — апавёў Ян Дзяржаўцаў.

26 красавіка Ян Дзяржаўцаў выйшаў у цэнтар Віцебску, каб нагадаць землякам пра ўгодкі Чарнобыльскай трагедыі, разам са сваім аднапартыйцам Віталем Каваленкам — родным братам актывіста Сяргея Каваленкі. З паўгадзіны яны стаялі каля помніка Пятру Машэраву з плякатамі «Будаваць АЭС бяз згоды народу можа толькі вораг Беларусі» і «Дыктатар, пабудуеш Астравец — пажнеш Чарнобыль». Калі актывісты ўжо згарнулі плякаты, каб перайсьці ў іншае месца, да іх пад’ехала міліцэйская машына. Разгорнутых плякатаў супрацоўнікі міліцыі ўжо не засьпелі, і таму толькі папярэдзілі актывістаў , калі тыя ўсё ж разгорнуць свае плякаты. Службовец-відэаапэратар зняў гэта на відэа, і потым міліцэйскі патруль праводзіў Яна Дзяржаўцава і Віталя Каваленку да прыпынку грамадзкага транспарту.

Негледзячы на адсутнасьць доказаў супраць Дзяржаўцава, на яго склалі пратакол. Міліцыянты сказалі, што было шмат сьведак-мінакоў, і што доказам будуць таксама й фотаздымкі, разьмешчаныя на інтэрнэтсайтах.

Цяпер супрацоўнікі міліцыі Кастрычніцкага раёну Віцебску шукаюць другога ўдзельніка «чарнобыльскай» акцыі, Віталя Каваленку, каб і на яго скласьці пратакол.
XS
SM
MD
LG