Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падзеі ў пасёлку Крупскі пасьля абнародаваньня на мінулым тыдні ў «Падарожжах Свабоды» ўхваленых уладамі плянаў збудаваць на месцы былой вайсковай нафтабазы завод па перапрацоўцы адкідаў нафтапрадуктаў — пачалі разьвівацца літаральна па гадзінах. Прычым і ў «вярхах», і ў «нізах». Прынамсі, «вэртыкальная» газэта «Мінская праўда» паведаміла, што побач з былымі рэзэрвуарамі для захоўваньня паліва, у непасрэднай блізкасьці ад людзкога жытла, узьнікнуць яшчэ дзьве экалягічна небясьпечныя вытворчасьці — завод плястмасаў ды адмысловы цэх «па перапрацоўцы ды вяртаньні да жыцьця адпрацаваных хімікатаў». На наступны ж дзень мне патэлефанавалі ініцыятары пратэставых зваротаў у СМІ ды пракуратуру — сям’я Насовічаў: дачка — настаўніца Сьвятлана, ды маці — Марыя Сямёнаўна, былая ахоўніца базы. І — запрасілі ізноў у Крупскі на арганізацыйнае паседжаньне ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў супраць будаўніцтва, як тут ужо называюць, «заводаў ядаў». Да таго ж мясцовыя людзі сабралі і шмат новай інфармацыі.

…У хаце гасьціннага сямейства Насовічаў я застаў 11 чалавек — людзей рознага веку і розных прафэсіяў, гатовых змагацца з «адкрытым забралам». Назвалі яны сябе самі.

Спадарства: «Кавалёва Марыя Сямёнаўна, даўно пэнсіянэрка, ужо хутка 100 будзе!.. Ліпеева Ганна Кірылаўна… Кучарава Натальля Сяргееўна… Ткачэнка Юрый Іванавіч…»

Карэспандэнт: «Гэта вы былі камандзірам вайсковай часткі?»

Ткачэнка: «У савецкія часы — я палкоўнік…»

«Скубята Ўладзімір Аляксеевіч, у лясгасе працую ў вайсковым гарадку, там і жыву на вуліцы Сасновай…»

Карэспандэнт: «І вы таксама з гэтых двух дамоў там?»

Спадарства: «Калеўка Людміла Іванаўна… Жук Марыя Арсенцеўна, жыву ў тых жа дамах… Левіна Тацяна Васільеўна… Ткачэнка Людміла Андрэеўна, пражываю таксама на Сасновай, 2…»

Рэй у размове павёў, падышоўшы апошнім, былы марак-вайсковец — спадар Генадзь Кавалёў.

Кавалёў: «Баяцца няма чаго! Таму што тут непакой за ўласнае жыцьцё і пакаленьняў — будучага і цяперашняга. Мяне вельмі ўсхвалявала ўзьнятая тэма. Чаму насельніцтва не паставілі ў вядомасьць? Першае пытаньне! Другое — з намі ніхто ня лічыцца! І чыя сёньня гэтая зямля? Каму можна прад’явіць прэтэнзіі і даведацца, што за будаўніцтва будзе весьціся?!»

Пасьля прысутныя пачалі абмен інфармацыяй, меркаваньнямі ды прапановамі.

Сьвятлана: «Завод будзе трохстадыйны, значыць, тры цэхі. Плянуецца прыяднаць завод плястмасавых вырабаў — страшэнна ядавіты. У Менску на такі ж муж хадзіў — там выплёўваюць лёгкія, больш за год працаваць нельга. Далей у „Менскай праўдзе“ — „спэцыяльны цэх будзе займацца перапрацоўкай хімікатаў“. Ня ўтойваючы — атрымайце!»

Ткачэнка: «А як прыкрыцьцё — перапрацоўка нафтапрадуктаў! Яны плянуюць 100 кубоў перапрацоўваць у суткі — дзе яны набяруць у Беларусі столькі аліўных адкідаў за літар адпрацаванай алівы?! Гэта колькі ж аўтамабіляў трэба мець на такую рэспубліку? Кажуць, калі ня хопіць, з Украіны і Расеі будзем завозіць. Украіна і так з чарнобыльскім мэталам апраставалосілася перад усім сьветам! Па-другое, яны ўжо нашу сьвідравіну зь пітной вадой будуць забіраць. А адкіды куды?! „Вам прасьвідруюць другую сьвідравіну!“ Дзе яны знойдуць, незразумела! А адкідаў на 100 кубоў перапрацоўкі — мінімум 10%. Куды іх скінуць?! Адстойнікі ня вытрымаюць такой нагрузкі. Я спытаў у санітарнага ўрача. Адказ — „калі будуць сыгналы аб парушэньнях, прымем меры“. А мы пасьля будзем працаваць на аптэку?! Будоўля ўсякая пачынаецца з пашпарта — хто і што будуе. Дзе гэта ўсё?! Тайны крупскага двара маем…»

Карэспандэнт: «Казалі, што пачалі набіраць людзей…»

Сьвятлана: «Так, настройваюцца на працу, таму што болей нібы плаціць будуць. А што да чаго, людзі не разумеюць…»

Перад гэтым я пазнаёміўся з вальшчыкам мясцовага вайсковага лясгаса, спадаром Анатолем Трусам. Ён расказаў мне пра намер перайсьці на публічна абяцаныя «4 мільёны ў месяц» на завод перапрацоўкі нафтапрадуктаў, першую чаргу якога абяцаюць адкрыць пры канцы году. І вось чаму.

Трус: «Працуем утрох — трактарыст, я і памочнік. Норма — 6 кубоў на чалавека, на трох — 18 кожны дзень, каб атрымаць у месяц хоць 3 лімоны. А заехалі, забуксавалі — дзень адстаялі. Ці ты быў на працы, ці мог зусім ня йсьці. Лесавоз прыехаў — няма чаго браць. А цяпер такая сыстэма — возім качагаркам дровы. Я ў тым месяцы здаў 300 кубоў ім па 6 мэтраў працягам. А цяпер у іх бярвеньні па 2 мэтры — хто розьніцу заплаціць?»

Карэспандэнт: «Ваша галоўная пара — лета?»

Трус: «Толькі сухая восень. Во і думай, як жыць!»

Ізноў мы на пасяджэньні ўтваранай ініцыятыўнай групы.

Карэспандэнт: «У вас у газэце напісана, што ад 50 да 100 працоўных месцаў зьбіраюцца даць мясцовым. Але я падазраю, што ім будуць патрэбныя спэцыялісты, а ня рознарабочыя?»

Галасы: «Канечне, канечне!.. І ўлетку ружа вятроў — на пасёлак, туды пойдуць адкіды…»

Жук: «І калі станцыя Крупкі знаходзіцца за паўтара кілямэтра ад вайсковай часткі, нашы дамы вайсковага гарадка — унутры яе. І мы вымрам як маманты — мы будзем піць іх ваду, дыхаць тым паветрам…»

Левіна: «І працуе вайсковы лясгас 5 дзён на тыдзень, яны ўвогуле побач будуць працаваць — таксама цяпер у няведаньні, бо думаюць, што завод — па перапрацоўцы алівы. А потым дэ-факта паставяць, і цю-цю!»

Левіна: «А мы цёмныя людзі — усё ў нас шыта-крыта, і мясцовыя ўлады ня лічаць патрэбным нас у вядомасьць ставіць. Я не магу зразумець — няўжо ў Крупках адзін старшыня райвыканкаму жыве? Няўжо людзі самі сабе ворагі і задумалі такую будоўлю?»

Людміла Ткачэнка: «Калі яны атрымалі нейкі „адкат“, ім зусім нецікава закрываць гэта ўсё — трэба ж будзе даць справаздачу за гэтыя грошы. Хай у нас нешматлікі пасёлак, але ж унук-немаўля на выхаваньні знаходзіцца. Дзеці зь Менску, унукі прыяжджаюць адпачываць, а ня дыхаць хіміяй! Аб іх мусім задумвацца?! Мала таго, што пабудавалі вайсковы лясгас, што ўлетку не адчыніць фрамугу — б’емся-б’емся колькі год, каб трубы, што сушаць і паляць дрэва, паставілі па-за плотам, бо ідзе дым чорны — бессэнсоўна! Прачынаесься ад гару!»

Жук: «Паглядзіце, усё ж вакол высечана — пойдзеш, лесу няма! Як Лукашэнка кажа — „лес — наша багацьце, беражыце яго!“ А той, хто высякае, пасадзіў хоць адно дрэва?! У нас шмат прадпрымальнікаў-прыватнікаў возяць лес на Расею…»

Кучарава: «А ў лесе не прайсьці — калі падаюць дрэвы, іх ніхто не прыбірае, яны гніюць — жахлівая рэч! Ужо няма ані грыбоў, ані ягад…»

Насовіч: «Мала ім, што 70% радыяцыі чарнобыльскай зьбілі над Беларусьсю, атрымалі адразу па 30 дозаў!»

Ткачэнка: «Ёсьць санітарна-экалягічныя нормы — нават нафтаперапрацоўчае прадпрыемства павінна быць ад жытла на пэўнай адлегласьці…»

Карэспандэнт: «Наколькі я ведаю, на 3 кілямэтры? А ў вас побач ёмістасьці-бочкі, аж на тэрыторыі гарадка…»

Ткачэнка: «Яны закладзеныя з 50-х гадоў, як і вайсковая нафтабаза. З 2004-га, калі закрылі, яны стаялі іржавымі, без дыягностыкі. Гэта дарагая справа — праверка, ці ёсьць уцечкі, трэшчыны…»

Карэспандэнт: «Інакш кажучы, калі зараз загрузіць нафтапрадукты ў іх, можа быць экалягічная катастрофа?»

Ткачэнка: «Менавіта! У Крупках няма такой службы, а ў Беларусі ёсьць…»

Сьвятлана: «А ў мяне ёсьць інфармацыя, што разакамі выразалі ў іх на мэталалом кавалкі ў ліхія 90-я. На базе 5 ёмістасьцяў на тысячу кубоў, выкапалі 40 па 25 кубоў — іх процьма…»

* * *
Памянёны вальшчык лясгаса Анатоль Трус пазнаёміў мяне са сваім знаёмым, які таксама думае зьмяніць працу. Жыве ў даўно не рамантаванай хаціне, адна палова якой пафарбавана ў сіні колер, другая ў зялёны.

Трус: «Здароў, Андрэй!»

Карэспандэнт: «Я на пару слоў падыду — Віталь мяне завуць…»

Спадар: «Андрэй, здрасьце, прозьвішча Каптур. Працую ў Крупскім ваенным лясгасе рамшчыкам. Плюс працую і памочнікам — усяго за 2 мільёны, а скідаю і валю. У краму раз зойдзеш — і выкінуў. 36 год мне…»

Карэспандэнт: «А хата бацькоўская?»

Каптур: «Я прапісаны ў бацькоўскай палове, а жонка — у інтэрнаце, у другой палове. Сінія вокны — інтэрнат, жонка працуе ў школе тэхнічкай, зялёныя — мая хата. А, крый божа, жонка звольніцца з працы — у яе забяруць інтэрнат, мне трэба жыць у сваёй палове. Там дзеці жывуць з бабуляй. Трэба некуды скардзіцца. А хто пойдзець? Я во сьпіну сарваў, у бальніцы ўсё пакіну…»

Андрэй мае на ўвазе тое, што са сваёй маці, спадарыняй Клаўдзіяй Гусеўскай, ва ўласнай хаце яны жывуць на птушыных правах. І што будзе далей — «проста ў галаве ня ўкладваецца», кажа мне ўжо жанчына.

Гусеўская: «Праблемы вялікія, але што толку расказваць?! Дапусьцім, я пэнсіянэрка, з сынам удвох жыву — ён прапісаны тут, а другую палову хаты жонцы аддалі. Дах трэба пакрыць — дзе зьбяруцца грошы з пэнсіі? А дапамогі ані адкуль…»

Карэспандэнт: «А вы зьвярталіся куды-небудзь?»

Гусеўская: «А куды? Сельсавету няма ў пасёлку, старэйшыны ня ведаю. Пра ЖКГ расказаць — цэлая гісторыя. Я сама пераехала сюды з райцэнтру — сышліся з чалавекам, што жыў. Ён алімэнты ўвесь час плаціў — трое дзяцей. Быў прапісаны і афіцыйна не разьведзены. Таму не расьпісаліся. А пад старасьць адумалася — а каб прадаць яго захацела ці сыну аддаць? А дом за мной ня лічыцца. Грамадзянскі муж памёр, і на гэтым канцы ў ваду. Колькі езьдзіла ў выканкам — сказалі, у суд падавай. Я прапісаная, але паслугі ЖКГ не плачу! Гэта хата ў паветры! І як удалося райана зрабіць тут інтэрнат?! Тут жыла настаўніца раней, і яны неяк паставілі сваю палову на ўлік. Сабрала дакумэнты, каб прыватызаваць. А яны сказалі, што ёсьць дзяржаўная палова і нічога не аддадуць…»

Карэспандэнт: «У хаце дзіркі, працякае дах — і ніхто не дапаможа, хоць палова на балянсе. І паколькі не прыватызавана, не зарэгістравана ні на кога — адказваць няма каму?!»

Гусёўская: «Так, увогуле! Хацела застрахаваць — хата старая. А не страхуюць, бо нідзе не на ўліку. І наверх забрацца страшна, бо правалісься — а шыфэр цячэ…»

Карэспандэнт: «А пошта даходзіць на нумар дома, вуліцы?»

Гусеўская: «Так. Адрас — вуліца Пушкіна, 35…»

Сябры ініцыятыўнай групы таксама ведалі пра сытуацыю з домам Гусеўскай. І пракамэнтавалі па-свойму: «Так улада ідзе на ўсё, каб адцягнуць увагу крупаўцаў ад самага балючага».

Спадарства: «Сказалі з райвыканкаму, што няма дзе людзям жыць… А колькі пустых дамоў стаіць, дзе паўміралі людзі і раскрадаюць?!»

Марыя Кавалёва, Ганна Ліпеева, Натальля Кучарава, Юры Ткачэнка, Уладзімір Скубята, Людміла Калеўка, Марыя Жук, Тацяна Левіна, Сьвятлана ды Марыя Насовічы працягваюць:

Калеўка: «Мы сабраліся, каб будоўлю забаранілі, бо хочам жыць яшчэ! Каб разабраліся з санітарнымі ўрачамі — чаму дазволілі побач з жыльлём будаваць такую жахлівую рэч?! Замест таго каб усталяваць удалечыні новыя ёмістасьці, вырашылі карыстацца тым, што ёсьць. Чыгунка адыграла ролю. Выгадна: яны будуць атрымліваць грошы, а мы — ахвяраваць!»

Сьвятлана: «А калі атрута пойдзе ў грунтавыя воды, не паздаровіцца нікому — увесь арэал будзе атручаны!»

Спадарства: «Будзем рыхтаваць у інтэрнэт ліст адкрыты… Наўпрост на прэзыдэнта выходзіць!.. Што ж свае нас зьнішчаюць?!»

Сьвятлана: «Мы жылі 500 гадоў пры Магдэбурскім праве — цэнтар Эўропы! Мясцовыя бонзы зьедуць у Лёндан, дзяцей вучыцца адправяць. Трэба прайсьці па дамах і сабраць подпісы — я ведаю, што кожны падпішацца!»

Ткачэнка: «Напісаць паперы ў Дзяржкантроль — хай яны правераць, бо нашы нам дадуць паперкі — фількавы граматы. Пасьля подпісы і звароты, дзе аргумэнтавана даказваць, што нам гэты бруд непатрэбны!»

Карэспандэнт: «Я так разумею, што ваш сход можна лічыць устаноўчым, каб стварыць ініцыятыўную групу па зборы подпісаў супраць будаўніцтва заводу?»

Галасы: «Так!.. Так.. Давайце Сьвятлану Насовіч старшынёй выберам! А мы ўжо будзем усе памагаць!.. Усе падпішуцца — гэта наш родны куток!.. І з Кіпра прывозіць гэты яд — гэта неверагодна! У Беларусі дазваляюць сабе тое, чаго ніхто не дапушчае!»

Карэспандэнт: «Я, у сваю чаргу, абяцаю ад імя Радыё Свабода, што мы будзем адсочваць падзеі, вашу дзейнасьць і расказваць пра гэта ўсёй краіне…»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG