Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 траўня ў Беларусі адзначаецца як Дзень Працы. Сёлета ў Менску Менгарвыканкам не дазволіў дэмакратычным сілам правесьці ніводнай акцыі ў гэты дзень. Толькі ў Берасьці мясцовыя сацыял-дэмакраты атрымалі дазвол на правядзеньне дэманстрацыі зь лёзунгамі за сацыяльна-эканамічныя правы.

Мінулі часы, калі ў гэты дзень праводзіліся шматлюдныя дэманстрацыі. Нават афіцыйныя прафсаюзы цяпер ладзяць у гэты дзень толькі маёўкі ў парках. У Менску ў мэтро расклееныя банэры з запрашэньнем 1 траўня ў парк Янкі Купалы, дзе маёўку ладзіць Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі.

Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў і аб’яднаныя левыя сілы падавалі заяўкі на правядзеньне мітынгаў. Але Менгарвыканкам іх не задаволіў, кажа адзін зь лідэраў незалежнага прафсаюзнага руху Аляксандар Бухвостаў:

Аляксандар Бухвостаў

Аляксандар Бухвостаў

«Усім патлумачылі ў сваіх адказах, што ва ўсіх парках праводзяцца масавыя мерапрыемствы, далучайцеся да іх. А свае мерапрыемствы праводзіць не дазволілі. Яны баяцца, што мы маем магчымасьць прыцягнуць сюды больш працоўных з прадпрыемстваў, чым іншыя акцыі, кшталту Чарнобыльскага шляху, Дня Волі. Баяцца цяпер любога ўсплёску».

Упершыню за шмат гадоў улады Берасьця дазволілі апазыцыі правесьці дэманстрацыю. Распавядае старшыня Берасьцейскай абласной філіі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі:

Ігар Маслоўскі

Ігар Маслоўскі

«Такія заяўкі мы падавалі на працягу 11 гадоў, і цягам 11 гадоў мы атрымлівалі адмовы. Цяпер мы атрымалі дазвол на дэманстрацыю па цэнтральных вуліцах Берасьця, потым мы пераходзім у парк з сымбалічнай назвай — імя 1 мая, і далучаемся да мерапрыемстваў у парку. Адна з заяўленых мэтаў — гэта выказваньне пратэсту супраць росту цэнаў, супраць нізкага ў цэлым узроўню жыцьця, нізкіх заробкаў. Я думаю, ад 200 да 500 чалавек прыйдзе».

Берасьцейская абласная арганізацыя Партыі БНФ падтрымала гэтую дэманстрацыю з мэтай аб’яднаньня высілкаў грамадзян у барацьбе за сацыяльна-эканамічныя правы і заклікала сваіх прыхільнікаў узяць актыўны ўдзел у ёй, каб выказаць пратэст супраць нізкага ўзроўню жыцьця насельніцтва і росту цэн. Старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ Зьміцер Шыманскі займаецца цяпер распаўсюдам інфармацыі, падрыхтоўкай плякатаў, расьцяжак, інфармацыйных матэрыялаў:

«Улічваючы, што 3 дні заставалася да мерапрыемства, калі стала вядома, што яно адбудзецца, досыць цяжка, вядома, наладзіць нейкую інфармацыйную кампанію. Але запрашаліся актывісты розных партыяў. У аргкамітэт, акрамя сацыял-дэмакратаў, увайшлі актывісты партыі „Справядлівы сьвет“, АГП, шэрагу незалежных прафсаюзаў. Пісалі пра акцыі і Радыё Свабода, і Хартыя, берасьцейскія інтэрнэт-рэсурсы, у сацыяльных сетках пайшла інфармацыя».

Закон «Аб масавых мерапрыемствах» дазваляе пры правядзеньні дэманстрацыі выкарыстоўваць «плякаты, транспаранты і іншыя сродкі для публічнага выказваньня сваіх грамадзка-палітычных настрояў». Таму арганізатары акцыі заклікаюць берасьцейцаў далучацца да дэманстрацыі са сваімі плякатамі і нацыянальнымі сьцягамі.

У Гомелі камуністам не дазволілі правесьці акцыю 1 траўня. У Віцебску, Магілёве і Горадні ніхто ніякіх заявак на правядзеньне маёвак не падаваў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG