Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску дэмакратычным прафсаюзам забаранілі мітынг


Аляксандар Ярашук

Аляксандар Ярашук

Менгарвыканкам не дазволіў Беларускаму кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў правесьці 1 траўня мітынг у абарону правоў працоўных.

Лідэру БКДП Аляксандру Ярашуку паведамілі, што 1 траўня «ва ўсіх пяці паркавых зонах Менску будуць праводзіцца афіцыйныя масавыя гуляньні, таму праводзіць якія-небудзь дадатковыя мерапрыемствы немэтазгодна».

Як паведамляецца на сайце БКДП, рашэньне ўладаў ня стала нечаканасьцю, бо цягам апошніх трох гадоў незалежнаму прафцэнтру заўсёды адмаўлялі ў правядзеньні травенськіх масавых мерапрыемстваў.

Дэмакратычныя прафсаюзы вырашылі адзначыць сьвята ў рэгіёнах Беларусі, дзе ўдасца атрымаць дазвол мясцовых уладаў.

Упершыню за шмат гадоў улады Берасьця дазволілі апазыцыі правесьці дэманстрацыю.

Як паведамляе берасьцейскі інтэрнэт-рэсурс «Дзедзіч», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) атрымала дазвол гарвыканкаму на правядзеньне 1 траўня ў Берасьці дэманстрацыі за сацыяльна-эканамічныя правы. Дэманстрацыя пройдзе па праспэкце Машэрава ад скрыжаваньня з бульварам Касманаўтаў і далей па вуліцы Леніна да гарадзкога парку.
XS
SM
MD
LG