Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рымашэўскі: На Чарнобыльскім шляху выкрадалі людзей


Прэс-канфэрэнцыя арганізатараў Чарнобыльскага шляху-2013 адбылася ў сядзібе БНФ. На ёй прысутнічалі Віталь Рымашэўскі, Тацьцяна Новікава, Анатоль Лябедзька, Зьміцер Салошкін, Анатоль Сідарэвіч, Вацлаў Арэшка.

Віталь Рымашэўскі распачаў прэс-канфэрэнцыю заявай пра тое, што сёлетні Чарнобыльскі шлях паказаў узмацненьне рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

Віталь Рымашэўскі: «Мы заяўляем: паводзіны беларускіх структур зьяўляюцца сьведчаньнем таго, што ў Беларусі адсутнічаюць усялякія прыкметы лібэралізацыі. Рэпрэсіі супраць удзельнікаў Чарнобыльскага шляху мы расцэньваем гэтаксама, як і ціск на палітвязьняў».

Адным з асноўных пасылаў прэс-канфэрэнцыі стаў аналіз учорашніх судовых працэсаў над затрыманымі падчас Чарнобыльскага шляху. Сьведкамі ў судах выступалі Віталь Рымашэўскі і Анатоль Сідарэвіч:

«Не было затрыманьняў падчас Чарнобыльскага шляху, — заявіў Віталь Рымашэўскі. — Былі гвалтоўныя напады і выкраданьні. Я быў сьведкам таго, як напад адбыўся на Дзьмітрыя Чарняка. Людзі ў цывільным нападалі, выкрадалі, а пасьля ў РУУСах казалі, што гэтых людзей няма».

Эколяг Тацьцяна Новікава напярэдадні шэсьця была заблякаваная ў кватэры. Яна зьвярнула ўвагу на тое, што гэта была сьвядомая правакацыя: як арганізатар шэсьця яна нясе юрыдычную адказнасьць і мусіць прысутнічаць на месцы яго правядзеньня. Яна адзначыла, што эколягі заўжды лічыліся найбольш бяскрыўдным сэгмэнтам грамадзянскай супольнасьці. Цяперашнюю тэндэнцыю ўладаў у дачыненьні да экалягічных арганізацыяў Новікава ацэньвае як «абуральную».

«Заклікаю дзяржаву даць ацэнку людзям, якія працуюць у КДБ, — кажа Тацьцяна Новікава. — Яны цягнуць грошы зь бюджэту на нейкія гульні ў казакоў-разбойнікаў, на змаганьне зь безабароннымі жанчынамі, непаўналетнімі дзецьмі, бо ў дзень шляху ня раз была зробленая спроба затрыманьня непаўналетняй дачкі Ірыны Сухій».

«Зараз у Эўропе такое адчуваньне, што яшчэ сады не расквітнелі, а ўжо лібэралізацыя квітнее буйным цьветам, — працягвае Анатоль Лябедзька. — І вось у нас ёсьць канкрэтныя доказы. Хай яны аналізуюць гэтую сытуацыю!»

Анатоль Сідарэвіч у тралейбусе чуў размову міліцыянтаў, якія абмяркоўвалі затрыманьне анархістаў каля «Макдональдса» на плошчы Бангалор. Ён пракамэнтаваў суды над журналістамі Радыё Рацыя Генадзем Барбарычам і Аляксандрам Ярашэвічам:

Анатоль Сідарэвіч: «Гэта проста судовая камэдыя — двух людзей затрымліваюць у адным і тым самы месцы, тыя ж супрацоўнікі, але судзяць іх па-рознаму. Што гэта значыць? Судзьдзям няма куды падзецца. А вось праваабаронцам адхадзіць на ўсе судовыя паседжаньні вельмі цяжка. Гэта мае ўражаньні ад учарашніх судоў».

На думку Вацлава Арэшкі, гнеў уладаў выклікала ініцыятыва стварэньня экалягічнага камітэту імя Нікітчанкі. «Гэта палохае ўлады, — кажа Вацлаў Арэшка. — Яны пасылаюць сыгнал: „Не рабіце гэтага“. Я спадзяюся, мы гэты сыгнал адчуем і будзем рабіць наадварот».

Анатоль Лябедзька ўпэўнены, што людзі сёлета ўпершыню гатовыя выйсьці на вуліцы пасьля 2010 году: «Улада ўвесь свой рэсурс накіроўвае на недапушчэньне камунікацыі прыхільнікаў перамен і грамадзянаў РБ. Людзі гатовыя ўспрымаць пасылы, якія ідуць ад палітычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. Як інструмэнт выкарыстоўваюцца рэпрэсіі. Ідзе змаганьне за вуліцу».

Падчас Чарнобыльскага шляху было сабрана 300 подпісаў супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС. Па словах Тацьцяны Новікавай, збор подпісаў працягнецца праз электронныя рэсурсы.

На Чарнобыльскі шлях-2013 выйшла да тысячы чалавек. Перад акцыяй у сваёй кватэры была заблякаваная адна з арганізатарак — эколяг Тацьцяна Новікава. Чатырох экалягічных актывістаў, у тым ліку старшыню Рады грамадзкага аб’яднаньня «Экадом» Ірыну Сухій, затрымалі людзі ў цывільным.

Анархіста Ігара Трухановіча моцна зьбілі падчас затрыманьня. Таксама на некалькі гадзін затрымалі журналістак «Нашай Нівы» Аксану Рудовіч і Ірыну Арахоўскую, якія сталі сьведкамі зьбіцьця Трухановіч.

У панядзелак у Менску прайшлі працэсы над затрыманымі 26 красавіка. Дзьмітрыя Чарняка, Ігара Трухановіча й Аляксандра Тарнагурскага асудзілі на 10 сутак, Вячаслава Дашкевіча — на 5, Аляксандра Ярашэвіча й Генадзя Барбарыча — на 3.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG