Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Ляяльнасьць беларускага партнэра Масква будзе вымушаная аплачваць»


Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Новыя крэдыты могуць быць выдзеленыя Беларусі на мадэрнізацыю інтэграцыйных праектаў. Гэтак амбасадар Расеі Аляксандар Сурыкаў пракамэнтаваў зварот беларускіх уладаў да Расеі з просьбай даць крэдыт на 2 мільярды даляраў. Ці можна сказаць, што гэта канчатковае рашэньне Крамля, ці гэта проста спосаб псыхалягічнага ціску на Лукашэнку? Калі і на якіх умовах Масква ўсё ж выдасьць Менску абяцаныя 2 мільярды даляраў? На гэтыя пытаньні адказвае кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БеаПАН Аляксандар Класкоўскі.

— Ці можна сьцьвярджаць, што агучаныя Сурыкавым заявы — афіцыйная пазыцыя кіраўніцтва Расеі? Ці можна меркаваць, што гэта проста ціск на Лукашэнку, або Сурыкаў агучвае падыход пэўных сілаў у Крамлі, які не супадае з пуцінскім? Маюцца на ўвазе пэўныя разыходжаньні паміж урадам Мядзьведзева і Пуціным.

— Мне здаецца, што гэтыя разыходжаньні паміж групоўкамі Пуціна і Мядзьведзева — чыста тактычныя. У стратэгічным сэнсе Масква даўно выпрацавала падыход да дачыненьняў з Лукашэнкам. Калі казаць коратка, то сутнасьць яго ў тым, што трэба беларускага лідэра падціскаць, але ня варта перагінаць палку. Бо Лукашэнка можа паказаць зубы, і ў яго ёсьць свае козыры.

Што да Сурыкава, то беларускі палітычны фальклёр даўно сьцьвярджае — «што ў Крамля ў галаве, то ў Сурыкава на языку». Але характэрна тое, што Крэмль яго не папікае гэтым, бо, відаць, зручна мець такі рупар. І заявы Сурыкава — элемэнт псыхалягічнага ціску на беларускага кіраўніка. Аднак перагінаць палку Пуціну не з рукі, хаця б таму, што да першага студзеня 2015 году павінен быць створаны Эўразійскі зьвяз. Ляяльнасьць беларускага партнэра Масква будзе вымушаная аплачваць, таму што безь Беларусі гэты праект страчвае сэнс. І Лукашэнка будзе гэтым па-майстэрску карыстацца, як ён гэта ўмее.

— Як можна спрагназаваць лёс гэтых 2 мільярдаў? Вы, я так разумею, перакананыя, што яны будуць дадзеныя Беларусі. Але рэч у тым, на якіх умовах і ў які час?

— Сапраўды. Нагадаю, што Лукашэнка, вярнуўшыся ў сьнежні з Масквы, трактаваў гэта так — маўляў, я дамовіўся: мільярд на супольныя праекты, а мільярд на мадэрнізацыю. Але Масква зразумела гэтую хітрасьць, да таго ж яна мае чыста практычны інтарэс прысьпешыць супольныя праекты кшталту МАЗ — КамАЗ плюс нафтавыя пастаўкі — гэта два чыньнікі ціску.

Разам з тым я думаю, што гэтыя грошы ўсё ж дадуць. Прынцыповасьць Масквы — трошкі паказная. Гэта можна прасачыць на прыкладзе выдачы крэдыту Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС. Масква вылучала ўсялякія строгія ўмовы — вы мусіце на 2,5 мільярда даляраў прыватызаваць маёмасьць. Менск усё гэта праігнараваў, але крэдыт атрымаў.

Таму тое самае будзе і з гэтымі 2 мільярдамі, і жаданае Лукашэнка атрымае.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG