Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі я бачу чалавека ў майцы з партрэтам Чэ Гевары, мне хочацца мацюкнуцца.

Можа, тым, хто не зьвяртае ўвагі на надпісы альбо партрэты на сваіх майках, варта нагадаць пару фактаў зь біяграфіі вялікага аматара рэвалюцыйных расстрэлаў і мааісцкай канцэпцыі партызанскай вайны.

Калі Фідэль Кастра разам з Чэ прыйшлі да ўлады на Кубе ў 1961 годзе, там адразу пачаліся адкрытыя судовыя працэсы (дзе адвакаты выбачаліся, што вымушаныя абараняць такіх мярзотнікаў, сваіх кліентаў) і рэпрэсіі – ня толькі супраць дзеячаў мінулага рэжыму, але і супраць сваіх саюзьнікаў па рэвалюцыі, напрыклад, анархістаў (якія на сёньня – самыя вялікія аматары Чэ). Гевара асабіста інструктаваў судзьдзяў, заяўляючы: "Доказы – гэта справа другасная". Апэляцыйны трыбунал, старшынём якога быў "гуманіст" Чэ Гевара, не адмяніў ніводнага прысуду, нават калі расстрэльвалі дзясяткамі проста за службу ў паліцыі. Да таго ж наш рэвалюцыйны рамантык быў тады камэндантам турмы і сачыў за выкананьнем гэтых прысудаў.

"Для яго ня мелі значэньня ані суд, ані сьледзтва. Ён адразу пачынаў расстрэльваць, бо быў чалавекам бяз сэрца", – пісала пра яго сястра Фідэля Кастра Хуаніта.

Пасьля прыходу да ўлады лекара па адукацыі Чэ Гевару прызначылі прэзыдэнтам Нацыянальнага банку Кубы, потым – міністрам прамысловасьці (ну натуральна, рэвалюцыянэры ж могуць кіраваць чым заўгодна – ад эканомікі да культуры). Але ж такому чалавеку нецікава было быць міністрам, будаваць шчасьлівую будучыню ў сваёй краіне – тым больш што на такой пасадзе ні ў каго не пастраляеш!

Таму ў 1965-м годзе Чэ Гевара едзе ў Конга, спрабуючы там кіраваць мясцовымі паўстанцамі. (Чаго ён дабіваўся ў Конга? Каб там пралетарская рэвалюцыя адбылася?) Адносіны з паўстанцамі ня склаліся (чамусьці гэта ня дзівіць), і Чэ знаходзіць сабе новую магчымасьць пастраляць – у Балівіі. Кастра купляе там зямлю для базы паўстанцаў, і Чэ пачынае змагацца за сьветлую будучыню ў балівійскіх лясах – адстрэльваючы мясцовых паліцэйскіх (тых жа былых простых сялян), робячы дывэрсіі. Але ягоны атрад у 50 чалавек не павялічваецца, не знаходзіць падтрымкі ў мясцовых жыхароў, і ў выніку ўрадавыя сілы Чэ застрэлілі, а драматычныя абставіны сьмерці паклалі пачатак рамантычнаму спажывецкаму іміджу для цішотак, налепачак і графіці.

Што мы маем? Пэрманэнтны рэвалюцыянэр, аматар Троцкага і Мао, якому важнейшы сам працэс (расстрэлаў і барацьбы), а не ягоны вынік.

Ужо тое, што Кастра і Чэ стварылі на Кубе востраў галечы і несвабоды, было б дастаткова, каб адпаведна ацаніць ролю гэтай асобы ў гісторыі. Краіну, зь якой сотні тысяч, рызыкуючы жыцьцём, уцякаюць на малых чаўнаках, дзе з усіх галін эканомікі найбольш квітнее сэкс-турызм і дзе нават такія добра прыкормленыя людзі, як спартоўцы, на кожных спаборніцтвах дзясяткамі не вяртаюцца на сацыялістычную Радзіму.

Паглядзіце, хто ў вас на грудзях, і знайдзіце сабе іншага куміра.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG