Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 30 красавіка: 10-годзьдзе альманаху «pARTisan»; рашэньне ў справе Юліі Цімашэнкі ў Страсбуры


Артур Клінаў, рэдактар альманаху «pARTisan»

Артур Клінаў, рэдактар альманаху «pARTisan»

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.


ПАДЗЕІ ДНЯ

Альманах сучаснае беларускае культуры «pARTisan» пры падтрымцы грамадзка-культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» і Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» адзначае сваё 10-годзьдзе. У афіцыйнай частцы вечарыны возьмуць удзел заснавальнік альманаха і нязьменны ягоны рэдактар Артур Клінаў, філёзафы Валянцін Акудовіч і Вольга Шпарага, пісьменьнік і мастак Адам Глобус. Пасьля зь невялікім імправізаваным акустычным канцэртам выступіць Лявон Вольскі. Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» (пр. Незалежнасці, 37а). Пачатак а 19.00.

Арганізатары «Чарнобыльскага шляху» праводзяць выніковую прэс-канфэрэнцыю. Пачатак аб 11 гадзіне ў офісе БНФ (Чарнышэўскага, 3).

У Віцебску адбудзецца вечар паэзіі і музыкі ў бітлз-клюбе «Паддашак», вул. Кастрычніцкая, 12. У праграме музыка ад Паліны Рэспублікі, «RECHA», «Chaotic Orchestra». А таксама паэзія ад Андрэя Хадановіча. Пачатак а 20.30.

Эўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбуры мае абвясьціць рашэньне адносна скаргі экс-прэм’ера Ўкраіны Юліі Цімашэнкі на незаконнасьць арышту і іншыя парушэньні правоў чалавека ў ходзе расьсьледаваньня і судовых слуханьняў яе «газавай справы». 11 кастрычніка 2011 году Цімашэнка была прысуджана да 7 гадоў пазбаўленьня волі за перавышэньне паўнамоцтваў падчас падпісаньня газавых кантрактаў з Расеяй у 2009 годзе. Яна адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі ў Харкаве.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1881 — нарадзіўся беларускі паэт Янка Журба.

1883 — нарадзіўся чэскі пісьменьнік Яраслаў Гашак, аўтар прыгодаў славутага салдата Швэйка.

1945 — калі пачаўся штурм Рэйхстагу, пакончыў жыцьцё самагубствам Адольф
Гітлер (нар 1889).

2011 — памёр аргентынскі пісьменьнік Эрнэста Сабата (нар. 1911).



ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Няма нічога больш памылковага, чым патрабаваць ад літаратуры, каб яна была сьведчаньнем аб сацыяльным або палітычным жыцьці. Вялікія творы проста ёсьць, і ніякія іншыя прыметнікі ім не патрэбныя. Калі мастак сыходзіць у глыбіню рэчаў, ён непазьбежна выдае сьведчаньне аб сабе, аб сьвеце, у якім жыве, ды аб чалавечай долі свайго сучасьніка».

Эрнэста Сабата
XS
SM
MD
LG