Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Яраслаўлі знойдзены аўтограф Багдановіча


Пра ўнікальную знаходку распавяла дырэктар яраслаўскага дома-музэя Максіма Багдановіча Натальля Прохарава.

Сапраўдны аўтограф Максіма Багдановіча знойдзены ў фондах бібліятэкі Яраслаўскага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэта.

«Гэта сапраўдная сэнсацыя», — падкрэсьліла Прохарава, дадаўшы, што да гэтага было вядома аб 26 сапраўдных аўтографах клясыка беларускай літаратуры, якія захоўваюцца ў розных музэях і архівах. Яраслаўскі аўтограф стаў 27-м.

Паводле Натальлі Прохаравай, плянуецца перадаць гэтую знаходку беларускаму боку, паведамляе БелТА.

Дом-музэй Максіма Багдановіча разьмешчаны ў будынку, у якім пражываў паэт з 1912 па 1914 год. Тут праводзіцца шмат розных мерапрыемстваў, конкурсаў, канцэртаў, створана група па вывучэньні беларускай мовы. Штогод дом-музэй наведваюць каля 6 тысяч наведнікаў, па жаданьні тут праводзяцца і беларускамоўныя экскурсіі.

Як вядома, Максім Багдановіч пражываў у Яраслаўлі з 1908 па 1916. Памяць пра яго яраслаўцы захоўваюць: акрамя дома-музэя ў горадзе ўсталяваны помнік Максіму Багдановічу і ёсьць вуліца, якая носіць яго імя.

Паводле апошняга перапісу насельніцтва, у Яраслаўскай вобласьці пражываюць 13 тысяч этнічных беларусаў.
XS
SM
MD
LG