Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню за шмат гадоў улады Берасьця дазволілі апазыцыі правесьці дэманстрацыю.

Як паведамляе берасьцейскі інтэрнэт-рэсурс Дзедзіч, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) атрымала дазвол гарвыканкама на правядзеньне 1 траўня ў Берасьці дэманстрацыі за сацыяльна-эканамічныя правы. Дэманстрацыя пройдзе па праспэкце Машэрава ад скрыжаваньня з бульварам Касманаўтаў і далей па вуліцы Леніна да гарадзкога парка.

Берасьцейская абласная арганізацыя Партыі БНФ падтрымала гэтую дэманстрацыю з мэтай аб’яднаньня высілкаў грамадзян у барацьбе за свае сацыяльна-эканамічныя правы і заклікала сваіх прыхільнікаў узяць актыўны ўдзел у ёй, каб выказаць пратэст супраць нізкага ўзроўню жыцьця насельніцтва і росту цэн.

Закон «Аб масавых мерапрыемствах» дазваляе пры правядзеньні дэманстрацыі выкарыстоўваць плякаты, транспаранты і іншыя сродкі для публічнага выказваньня сваіх грамадзка-палітычных настрояў. Таму БНФ заклікаў неабыякавых людзей далучацца да дэманстрацыі са сваімі плякатамі і нацыянальнымі сьцягамі.

Старшыня Берасьцейскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Зьміцер Шыманскі зазначыў з гэтай нагоды:

«Першамайская дэманстрацыя — першае масавае мерапрыемства за апошнія шмат гадоў, афіцыйна дазволенае мясцовымі ўладамі. У Берасьці, як і ва ўсёй краіне, даўно адсутнічае магчымасьць выказваньня альтэрнатыўнай думкі. Людзі, якія маюць адрозны ад улады погляд на шляхі разьвіцьця краіны, пазбаўленыя магчымасьці публічна выказваць свае аргумэнты, сваё бачаньне будучыні. Іх не дапускаюць на тэлебачаньне, ім забараняюць праводзіць масавыя мерапрыемствы, публічныя выступы. Таму мы пазытыўна ацэньваем станоўчае рашэньне гарвыканкама па правядзеньні першамайскай дэманстрацыі і разглядаем яго як першы крок да выбудовы здаровай, плюралістычнай сыстэмы абмеркаваньня важнейшых сацыяльна-эканамічных і грамадзка-палітычных праблем горада і краіны, дзе будзе пачуты голас кожнага жыхара Берасьця».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG