Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты за «Чарнобыльскі шлях»


У Менску прайшлі працэсы над затрыманымі 26 красавіка. Дзьмітрыя Чарняка, Ігара Трухановіча й Аляксандра Тарнагурскага асудзілі на 10 сутак, Вячаслава Дашкевіча — на 5, Аляксандра Ярашэвіча й Генадзя Барбарыча — на 3.

19:35 Аляксандру Тарнагурскаму далі 10 сутак арышту. Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні міліцыі.

18:55 Генадзя Барбарыча асудзілі на трое сутак арышту. Ён сказаў, што будзе абскарджваць прысуд. Яго мусяць выпусьціць сёньня а 21:45.

18:40 Дзьмітрыю Чарняку далі 10 сутак.

18:35 Сьведкі ў справе Барбарыча тыя самыя, што ў працэсе над Ярашэвічам. Адкават Галіеў адзначыў, што супярэчнасьцяў у паказаньнях сьведак стала яшчэ больш, таксама копіі рапартаў міліцыянтаў ідэнтычныя і не завераныя, таму, паводле слоў адваката, ня могуць лічыцца доказам. Судзьдзя выйшаў з залі для вынясеньня прысуду.

18:15 Актывісту анархісцкага руху Ігару Трухановічу прысудзілі 10 сутак арышту. Падчас затрыманьня 26 красавіка яго зьбілі.

Сястра асуджанага на 10 сутак арышту ўдзельніка «Чарнобыльскага шляху» Ігара Трухановіча спадарыня Вольга падзялілася сваімі ўражаньнямі ад пасяджэньня суду:

«Супрацоўнікі міліцыі блыталіся ў сваіх паказаньнях. І не былі ўлічаны паказаньні сьведак, якія казалі, што Ігар Трухановіч ішоў у калёне, а потым яго затрымалі, паклалі на асфальт. І білі невядомыя людзі ў цывільным. Сьведкі сказалі, што супрацоўнікі міліцыі білі яго па галаве, але гэта ніяк не адлюстравалася ў вынясеньні рашэньня. Наогул, гэта поўны абсурд, калі ня ўлічваюцца паказаньні адных сьведак. А міліцыі, якая ня можа нават выразна сфармуляваць свае думкі і даць паказаньні, якія ў іх адрозьніваюцца, чамусьці ўлічваюцца. І судзьдзя гэта ўсё цягне за вушы. То бок гэта абсалютна неаб’ектыўна. І чаму ў нас супрацоўнікі ў цывільным могуць затрымліваць?Гэта поўны абсурд. Прыходзім да таго, што мы ўжо ня можам хадзіць па вуліцах».

Адзін з назіральнікаў на судзе ад Праваабарончага цэнтру «Вясна» Яўген Батура ня лічыць прысуд справядлівым. Ён сказаў, што Трухановіч не вінаваты, а сьведчаньні міліцыянтаў былі хлусьлівыя. Актывіста судзілі па двух адміністрацыйных артыкулах. Таксама міліцыянты сьцьвярджалі, што не зьбівалі Трухановіча, а толькі заламалі яму рукі. Хоць вядома, што яго кінулі тварам на асфальт, адзначае назіральнік «Вясны». Працэс цягнуўся амаль тры гадзіны.

17:40 Аляксандра Ярашэвіча асудзілі на трое сутак. Гэты тэрмін сканчаецца ўвечары. Такім чынам неўзабаве журналіста мусяць вызваліць.

17:03 Міліцыянт Карповіч згадаў, што побач з месцам затрыманьня быў кінатэатар «Мір». Між тым у пратаколе пазначаны адрас Машэрава, 2. Адвакат кажа, што сьведка хлусіць.

16:21 Назіральнік-праваабаронца Вячаслаў Дашкевіч асуджаны на пяць сутак арышту. Ён быў затрыманы 26 красавіка пасьля «Чарнобыльскага шляху». Яго зьвінавацілі ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі.

16:20 Рапарты ўсіх трох міліцыянтаў аднолькавыя

16:10 Амапавец Сяргей Рэут сьведчыў, што журналіст Аляксандар Ярашэвіч не падпарадкоўваўся міліцыі, размахваў рукамі. Сьведка не памятае, якая крама была побач.

16:00 Аляксандар Ярашэвіч папрасіў запрасіць сьведкам Генадзя Барбарыча, але судзьдзя адмовіў. Віны сваёй не прызнаў. Заявіў, што паказаў пасьведчаньне міліцыянтам і падпарадкаваўся іх загаду ехаць у пастарунак.

15:30 Пачынаецца суд над Аляксандрам Ярашэвічам

15:15 З пратаколу затрыманьня Генадзя Барбарыча і Аляксадра Ярашэвіча:
журналістаў затрымалі каля крамы «Акіян» на вуліцы Казлова. Міліцыянты пабачылі двух падазроных, падышлі і папрасілі прадставіць дакумэнты. Тыя адмовіліся паказаць. Міліцыянты папрасілі «двух падазроных чалавек» прайсьці за імі, але яны селі на асфальт і адмаўляліся ўставаць. Тады іх сілай адвезьлі ў пастарунак.


15:10 Ігар Трухановіч распавёў на судзе, што прымаў удзел у дазволеным шэсьці «Чарнобыльскі шлях», выкрываў лёзунгі – напрыклад, «До чего дошёл прогресс, здоровья нет, а есть АЭС». Дайшоў да плошчы Бангалор, але на саму плошчу не пайшоў, вырашыў сысьці дадому. За ім увесь час ішоў чалавек у цывільным. Ён паспрабаваў уцячы ад незнаёмца, але тут падбеглі яшчэ двое, павалілі на зямлю, зацягнулі ў двор, а пасьля пад’ехаў мікрааўтобус, і яго туды запхнулі. Ніякага супраціву ён не аказваў. Ніхто зь людзей у цывільным не прадставіўся.

14:50 Пачалі судзіць Ігара Трухановіча

14:25 Журналістаў Генадзя Барбарыча і Аляксандра Ярашэвіча будзе судзіць Кірыл Полулех, Аляксандра Тарнагурскага — Аксана Рэлява, Дзьмітрыя Чарняка і Вячаслава Дашкевіча — Дзьмітры Паўлючэнка.

14.06 Ігара Трухановіча судзіць Аксана Рэлява


14:00 Да будынку суду пад'ехаў аўтобус з супрацоўнікамі АМАПу.

На працэс не дазваляюць праносіць фота і відэатэхніку, а таксама ноўтбукі.

13:05 Журналістаў і праваабаронцаў выгналі з судовай залі. Патлумачылі, што ў судзе абед.


13:00 Журналістаў Генадзя Барбарыча і Аляксандра Ярашэвіча вінавацяць у непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі.

Такое самае абвінавачваньне вылучанае супраць Дзьмітрыя Чарняка і Аляксандара Тарнагурскага.

Ігара Трухановіча вінавацяць у незаконным пікетаваньні і ў непадпарадкаваньні міліцыі.



12:45 Затрыманых прывезьлі ў суд. У будынак запускаюць журналістаў.


11:00 Затрыманых вывезьлі з турмы Акрэсьціна. Іх вязуць у суд.
Усяго 6 чалавек:

  • Дзьмітры Чарняк, Аляксандар Тарнагурскі — прадстаўнікі аргкамітэту «Чарнобыльскага шляху», якія адказвалі за гукаўзмацняльную апаратуру,
  • Ігар Трухановіч, анархіст,
  • Вячаслаў Дашкевіч, прадстаўнік «Эўрапейскай Беларусі»,
  • Аляксандар Ярашэвіч і Генадзь Барбарыч, журналісты.

На ганку суду іх чакаюць адвакаты.


10:10 Ля будынку суду Савецкага раёна Менска сабраліся два дзясяткі журналістаў, праваабаронцы, прадстаўнікі БАЖ, моладзевыя актывісты. Таксама тут знаходзіцца дарадца амбасады ЗША Крыстофэр Паніка.

Затрыманых яшчэ не прывезьлі.

Супрацоўнікі суду кажуць, што ня ведаюць, калі пачнуцца працэсы.

Справы разглядае суд Савецкага раёна Менска (Лагойскі тракт, 3).


9:25 Прэсавы сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі апавёў, што на выходных у офіс Радыё Рацыя нехта наведваўся:

«Увечары 26 красавіка, калі сыходзілі супрацоўнікі з „Рацыі“, дзьверы былі зачыненыя на два замкі. Сёньня раніцай, калі прыйшлі на працу, то дзьверы былі адчыненыя. Увесь гэты час ключы ад офіса знаходзіліся ў Аляксандра Ярашэвіча і Генадзя Барбарыча на Акрэсьціна, то бок яны знаходзіліся ў руках міліцыянтаў. Ці гэта былі міліцыянты, ці не — дакладна ніхто сказаць ня можа. Нічога з кватэры ня зьнікла. Але выпадак вельмі адметны, калі ўлічыць, што роўна год таму ў гэты самы офіс прыходзілі міліцыянты перад травеньскай дэманстрацыяй і канфіскавалі два кампутары. Магчыма, гэта было нейкае папярэджаньне на гэты год».

Карэспандэнт: «Вы падавалі заяву ад БАЖа ў турму на Акрэсьціна, каб перадаць перадачу. Ці ўдалося перадаць перадачу журналістам?»

Гарэцкі: «Не. Увесь час, пакуль яны там знаходзіліся, ніякіх перадачаў не прымалася. Яны тлумачаць гэта тым, што паводле ўнутраных інструкцыяў чалавек невінаваты, які сядзіць да суду, ня можа атрымаць перадачу. Вось калі ён ужо прызнаны вінаватым, адбывае пакараньне, тады ён можа атрымліваць перадачу. Таму ўсе гэтыя дні хлопцы сядзелі бяз сродкаў асабістай гігіены, бязь цёплых рэчаў. У чым іх забралі, у тым і былі».

Карэспандэнты «Радыё Рацыя» Генадзь Барбарыч і Аляксандар Ярашэвіч былі затрыманыя 26 красавіка пасьля акцыі «Чарнобыльскі шлях» ў Менску.

Яны асьвятлялі гэтую падзею. Барбарыча і Ярашэвіча вінавацяць у непадпарадкаваньні міліцыі.

Ад 26 красавіка яны знаходзіліся ў менскай адміністрацыйнай турме на вуліцы Акрэсьціна.

Апрача журналістаў пасьля Чарнобыльскага шляху было затрымана яшчэ каля 10 дэманстрантаў.

Свабода будзе весьці он-лайн рэпартаж з гэтых працэсаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG