Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Воўчак пытае Макея: чаму перапісваюць наведвальнікаў амбасадаў


Праваабаронца Алег Воўчак накіраваў ліст міністру замежных спраў Беларусі Ўладзімеру Макею з просьбай патлумачыць, чаму супрацоўнікі міліцыі перапісваюць пашпартныя дадзеныя ў наведнікаў амбасадаў ЗША, Нямеччыны, Вялікабрытаніі.

«Некалькі разоў я наведваў дыппрадстаўніцтвы ў Беларусі, дзе кожны раз супрацоўнікі міліцыі абавязвалі мяне прадставіць мой пашпарт для занясеньня дадзеных у нейкі сьпіс. На мае патрабаваньні патлумачыць, на якой падставе ўведзена такое абмежаваньне, мне было сказана, што існуе інструкцыя МЗС. Яна не дазваляе грамадзянам праходзіць у амбасаду без прадстаўленьня пашпарта. Акрамя таго, што супрацоўнік міліцыі праглядае пашпарт, ён яшчэ запісвае усе дадзеныя ў нейкі адмысловы сьпіс. Маё пытаньне, куды гэты сьпіс потым пойдзе і хто ім будзе карыстацца, таксама засталося без адказу», — цытуе БелаПАН зварот праваабаронцы.

Паводле Воўчака, такая сытуацыя выклікае непаразуменьне і недавер з боку грамадзян, якія штодня наведваюць амбасады па асабістых або грамадзкіх справах.

«Венская канвэнцыя аб дыпляматычных зносінах, прывілеях й імунітэтах павінна спрыяць разьвіцьцю дружалюбных адносін паміж дзяржавамі. Але ніяк не ствараць пэўныя перашкоды для дыпляматаў, якія маюць права свабодна выбіраць, зь кім мець зносіны, каго запрашаць да сябе для размовы», — адзначае Воўчак.

Фіксаваньне міліцыянтамі наведнікаў і іх пашпартных дадзеных, стварэньне адмысловага сьпісу «перашкаджае выкананьню дыппрадстаўнiцтвам консульскіх функцый». Акрамя таго, адзначае Воўчак, няма нарматыўнага акту, які б абавязваў грамадзяніна Беларусі стала мець пры сабе пашпарт, а пры наведваньні замежнай амбасады прад’яўляць яго супрацоўнікам міліцыі.

11 красавіка ля амбасады ФРГ у Менску міліцыянты затрымалі палітоляга, аўтара Радыё Свабода Валера Карбалевіча. Ён ішоў у амбасаду па запрашэньні амбасадара, але не меў пры сабе пашпарту. Міліцыянты выклікалі нарад. Дыпляматам удалося дамагчыся, каб Карбалевіча прапусьцілі ў амбасаду.
XS
SM
MD
LG