Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьехаць у Расею, каб ня стаць беларускім вайскоўцам


Фота Аляксандар Міхалковіч

Фота Аляксандар Міхалковіч

Каб пазьбегнуць службы ў беларускім войску, прызыўнікі хаваюцца ў Расеі. Туды яны выяжджаюць на заробкі.

На радзіму ж прыяжджаюць на кароткі час — калі заканчаецца прызыўная кампанія. Напрыклад, у Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласьці да 30% хлопцаў прызыўнога веку ратуюцца ад войска за мяжой.

У Клімавіцкім раённым ваенкамаце прызналі, што прызыўнікі зьяжджаюць у Расею, каб ня трапіць у войска. Гэтай вясной на прызыўную камісію, як паведамілі ў ваенкамаце, было выклікана 265 чалавек. Каля траціны прызыўнікоў ў ваенкамат не зьявіліся.

«Я хаджу па дамах, удакладняю у бацькоў, дзе яны знаходзяцца. Бацькі адпісваюцца, што знаходзяцца на заробках у Расеі. Яны пэрыядычна прыяжджаюць дамоў, напрыклад, улетку, калі мерапрыемствы прызыву завяршаюцца, і ваенкамат не чапае іх. А як толькі прызыў пачынаецца, яны хуценька зьяжджаюць, для таго, каб мы іх не злавілі. Таму яны знаходзяцца ў «няяўцы», — кажа супрацоўнік раённага ваенкамату.

Клімавіцкі раённы ваенкамат

Клімавіцкі раённы ваенкамат



Клімавіцкі раён мяжуе з Расеяй. Ад райцэнтру да мяжы 80 кілямэтраў. У суседнюю краіну з раёну на заробкі выяжджаюць сотні людзей. Супрацоўнік ваенкамату працягвае:

«Таму ім прасьцей выехаць з Рэспублікі Беларусь. Ну, а мы ж ня ў праве выяжджаць туды і расшукваць іх па ўсёй Расеі. Калі ж мы адшукваем прызыўніка, то даводзім яму інфармацыю пра ігнараваньне ім прызыўных мерапрыемстваў. Тады даём адміністрацыйнае пакараньне. Пратаколы складаем разам з супрацоўнікамі райадзьдзелу міліцыі. І тады караем».

Хлопцы, якія хаваюцца ў Расеі ад прызыву ў беларускага войска, катэгарычна адмаўляюцца гаварыць на гэтую тэму. Такой жа пазыцыі прытрымліваюцца і іхныя бацькі. Клімавіцкі журналіст Сяргей Аржанцаў вывучаў сытуацыю з прызывам мясцовых хлопцаў на службу. Ён зазначае, што патэнцыйныя прызыўнікі разглядаюць службу як марнаваньне часу:

Сяргей Аржанцаў

Сяргей Аржанцаў

«Служба ў войску ўжо не разглядаецца як даніна патрыятычная. Наша войска згубіла гэтую функцыю. У майго знаёмца была нейкая хвароба, але яму далі зразумець, што цяпер не хапае людзей у войску і, што яго хутчэй за ўсё забяруць. Ён проста ўзяў і зьехаў з Клімавічаў. Прыяжджае таемна раз — два на год. Ён кажа, што паставіць сабе за мэту да дваццаці сямі гадоў не трапляць на вочы ўладзе. Ён ня тое, што запалоханы войскам. Не. Ён проста таксама разглядае службу як марнаваньне часу».

Жыхар Крычаву спадар Мікалай аддаў сына ў войска. Потым пашкадаваў. Давялося, як ён кажа, яго адтуль вызваляць. У хлопца былі праблемы са здароўем. Служыў у «печах». Пра гісторыю вызваленьня свайго сына з войска спадар Мікалай згадваць адмаўляецца. Ён цьвердзіць, што ведае хлопцаў прызыўнога веку, якія як і ў Клімавіцкім раёне, хаваюцца ад войска ў Расеі.

«А што ў нас ёсьць альтэрнатыва нейкая? На Захадзе ты можаш пайсьці працаваць, напрыклад, якім-небудзь санітарам. У нас жа гэтага няма. Таму ім даводзіцца хавацца. Я падтрымліваю гэта».

Жыхар Магілёва Станіслаў Рамановіч аддаў службе ў беларускім войску паўтары гады свайго жыцьця. Забралі яго, калі яму ня споўнілася яшчэ 18-ці. За дзейнасьць у «Маладым фронце» яго адлічылі з унівэрсытэту і амаль адразу ж прызвалі ў войска. Як ставіцца Станіслаў да тых, хто спрабуе ўхіліцца ад войска?

Станіслаў Рамановіч

Станіслаў Рамановіч

«Гэта адэкватная рэакцыя на тое войска, якое існуе. У Беларусі на сёньня няма нармальнага прафэсійнага войска. Людзі там займаюцца ня профільнай вайсковай дзейнасьцю. Са мной служылі людзі, якіх лавілі, калі ім заставалася да 27 гадоў некалькі месяцаў. Гэты спосаб зьехаць у Расею, у Маскву ён дужа папулярны. Я мяркую, што іх нават больш за трыццаць працэнтаў».

Тым часам у адносінах да «ухілістаў» узмацняюцца захады па іх пакараньню. Часьцей заводзяцца крымінальныя справы. На Меншчыне з крымінальным перасьледам сутыкнуліся 14 «ухілістаў». 258 чалавек прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці. Колькасьць «ухілістаў» аднак не зьмяншаецца. Калі летась у Менску іх было 211, то сёлета — 294. На Магілёўшчыне тых, хто не хоча служыць, зьбіраюцца пазбаўляюць правоў на кіраваньне аўтамабілем.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG