Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Журналісты застаюцца ў турме на Акрэсьціна


Iзалятар на Акрэсьцiна. Iлюстрацыйнае фота

Iзалятар на Акрэсьцiна. Iлюстрацыйнае фота

Затрыманыя пасьля «Чарнобыльскага шляху» у Менску журналісты Генадзь Барбарыч і Аляксандар Ярашэвіч знаходзяцца ў турме на Акрэсьціна. 29 красавіка іх будуць судзіць.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў прэсавы сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

«Мы раніцай езьдзілі на Акрэсьціна, спрабавалі перадаць перадачы. Нам у грубой форме заявілі на Акрэсьціна, што перадачы прымаюцца толькі тым, хто ўжо асуджаны. То бок да суда ніякіх перадаў не прадугледжваецца. Таксама паведамілі, што іх вінавацяць у непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі. Уласна гэта ўсё, што сёньня ўдалося высьветліць. Афіцыйна спрабуем ад БАЖа зьвярнуцца ў турму на Акрэсьціна і запатрабаваць тлумачэньняў, чаму гэтыя перадачы не прымаюцца. І як іх перадаць людзям, якія апынуліся абсалютна без рэчаў, проста былі схоплены і зьмешчаны на Акрэсьціна».

За што насамрэч затрыманыя журналісты? Акцыя ж была дазволена, у іх былі пасьведчаньні? Якое там непадапарадкаваньне?

Гарэцкі: «Гэтага ніхто не ведае. Мне патэлефанавалі а палове адзінаццатай вечара затрыманыя. Я так разумею, што ў іх была такая штурханіна з супрацоўнікамі міліцыі за права патэлефанаваць. І яны пракрычалі ў слухаўку, што яны знаходзяцца ў Савецкім РУУСе. Калі я туды прыехаў, дзяжурны мне адразу адказаў, што іх там няма. Нягледзячы на гэта, праз гадзіну, з гэтага сама пастарунку іх зьвезьлі на Акрэсьціна».

Кіраўнік прэсавай службы менскай міліцыі Аляксандар Ластоўскі сказаў карэспандэнту Свабоды, што яму нічога невядома пра затрыманьне журналістаў:

«Я не ў курсе абсалютна. У мяне няма інфармацыі. Сёньня выходны, таму мне наўрад ці нехта нешта будзе паведамляць. Калі б трэба было, то паведамілі б адразу».

Карэспандэнт: «Іх трымаюць на Акрэсьціна».

Ластоўскі: «Сумна, так».

У дзяжурнай частцы турмы на Акрэсьціна карэспандэнту Свабоды адмовіліся паведаміць па тэлефоне інфармацыю пра затрыманых журналістаў. Там удакладнілі, што такія зьвесткі прадстаўляюць толькі сваякам пры прад’яўленьні дакумэнтаў.

Журналісты Генадзь Барбарыч і Аляксандар Ярашэвіч
былі затрыманыя 26 красавіка пасьля дазволенай менскімі ўладамі акцыі «Чарнобыльскі шлях».
XS
SM
MD
LG