Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура перадала ў Сьледчы камітэт скаргу Эдуарда Лобава


Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

Копія скаргі Эдуарда Лобава ў пракуратуру да ягонага дому так і не дайшла.

Больш за месяц таму Эдуард Лобаў паведаміў маці праз тэлефон, што падаў у пракуратуру скаргу, якая тычылася разгляду ягонай справы ў судзе і ўмоў знаходжаньня ў менскім сьледчым ізалятары ў 2011 годзе. Паводле адказу, які атрымаў палітвязень, адзін з пунктаў ягонай скаргі перададзены для вывучэньня ў Сьледчы камітэт. Што дакладна зацікавіла сьледчых, Эдуард Лобаў не паведаміў. Як кажа Марына Лобава, сын адправіў на хатні адрас копію сваёй скаргі. Між тым мінула каля месяца, але Марына Лобава не атрымала гэтага дакумэнту, і ўвогуле лісты ад сына перасталі даходзіць.

«Пасьля гэтага няма ані званкоў, ані лістоў. Хвалююся: можа, у карцэры апынуўся пасьля таго, як стаў высьвятляць абставіны? Пачакаю яшчэ тыдзень, а калі нічога ня будзе, то прыйдзецца адваката зноў адпраўляць. Трэба ж ведаць, што зь ім».

Маладафронтавец Эдуард Лобаў асуджаны на 4 гады зьняволеньня нібыта за напад на мінака. Разам з Лобавым быў асуджаны да зьняволеньня і кіраўнік «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч. Інцыдэнт здарыўся за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў. Актывісты віны не прызналі і казалі ў судзе пра правакацыю спэцслужбаў. Эдуарда Лобава трымаюць у івацэвіцкай калёніі, Зьмітра Дашкевіча — у адзіночцы гарадзенскай турмы.
XS
SM
MD
LG