Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турма зь беларускай літаратурай заўсёды ішлі побач. І ў XIX, і ў XX, і ў XXI стагодзьдзі на турэмных нарах пісаліся хрэстаматыйныя творы. Пішуцца яны і сёньня.

Якія ўмовы для пісаньня ў камэры? Каторая зь беларускіх турмаў заслугоўвае быць філіяй Дзяржаўнага музэю беларускай літаратуры? У перадачы бяруць удзел паэт Уладзімер Някляеў і літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч.
Язэп Янушкевіч

Язэп Янушкевіч


Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

М.С.: Спадарства, пачну нашую гутарку зь цікавага факта. 16 ліпеня 1910 году пісьменьнік-нашанівец Карусь Каганец пісаў у лісьце да жонкі Ганны: «Дагэтуль яшчэ не дабіўся, каб мяне пасадзілі, але ў панядзелак абяцалі». Гаворка ідзе пра турму. А ўся справа ў тым, што ў той час менская вязьніца была перапоўненая, і трэба было прыкласьці пэўныя намаганьні, каб хутчэй адсядзець свой тэрмін. З тае пары прайшло сто гадоў. Якія сёньня дачыненьні ў беларускай літаратуры з турмой?

Я. Я.: Учарашнія і сёньняшнія дачыненьні такія, што ад турмы даводзіцца ўцякаць. Я добра памятаю, як у 1987 годзе, у часы таварыства «Тутэйшыя», выдатнага нашага паэта Анатоля Сыса пасьля аднаго зь мітынгаў у Купалаўскім сквэры ад турмы ўратавалі ногі, калі ён літаральна вылузнуўся з рук людзей у цывільным. Славамір Адамовіч напісаў «Турэмны дзённік». Алесь Бяляцкі і цяпер піша кнігі за кратамі. Турма прыносіць нам і імёны, дагэтуль шырока невядомыя. Скажам, нядаўна загінулы Арцём Грыбкоў (ён быў асуджаны за Плошчу), як выявілася, быў не абы-якім паэтам. Сумна пра гэта казаць, але турэмны досьвед пісьменьнікаў яшчэ ня раз праявіцца ў нашай літаратуры. Будзем спадзявацца — выдатнымі творамі.

М.С.: Спадар Уладзімер, вашая кніга «Лісты да Волі» амаль цалкам напісаная ў СІЗА КДБ. Сам працэс творчасьці — справа далікатная… І ўсё ж: як пішацца ў турме? Што ўплывае? Што перашкаджае? Што дапамагае?

У.Н.: Вярнуўшыся да Каруся Каганца, я хачу сказаць, што калі б гэта быў ня 1910 год, а 1930-ы, то наўрад ці ён стаяў бы ў чарзе і чакаў, калі яго пасадзяць. Даў бы на пяты, як Анатоль Сыс, бо ўжо ў 30-я гады зь беларускімі пісьменьнікамі ўлады абыходзіліся больш жорстка. Толькі за адну ноч — з 29 на 30 кастрычніка 1937 году — у той самай «амэрыканцы», у якой давялося сядзець і мне, былі расстраляныя 22 пісьменьнікі. Плюс перад расстрэлам, у жніўні, паліліся іх рукапісы, згарэлі вершы і проза Цішкі Гартнага, Тодара Кляшторнага, Платона Галавача… Так што не цягне мяне больш туды. Зрэшты, калі цябе там не заб’юць, то турэмны досьвед (лепш бы яго, вядома ж, ня мець) літаратару, які спасьцігае жыцьцё, каб нешта напісаць, не зашкодзіць. У турме з чалавекам адбываюцца такія рэчы, пра якія на волі ён і не падумае, не прыпусьціць нават, што зь ім гэта можа здарыцца. Абвастраюцца пачуцьці, перш за ўсё праз напружанасьць, у якой ты там жывеш, зьберагаючы сябе, стараючыся засланіць сябе ад самага горшага. Узбуйняецца і паглыбляецца ўспрыманьне сьвету. Другаснае, дробязнае адпрэчваецца, паўстае на першым пляне самае істотнае, і яно відно ў творах, якія напісаныя ў стане зьняволеньня.

М.С.: Знаходзячыся ў СІЗА КДБ, вы неяк маглі абстрагавацца ад турэмнай паўсядзёншчыны, каб пісаць?

У.Н.: Днём, калі цябе ці некага з тваіх сукамэрнікаў цягаюць на допыты, калі бясконца грукаюць дзьверы, адбываюцца нейкія рэжымныя дзеі — прагулка, шмон, вынас сьмецьця, — цяжка засяродзіцца. Асабліва калі ў гэты час нехта вяртаецца ў камэру, і на ім, як кажуць, няма твару. Але і ў турме ёсьць ноч. Я ўвогуле ў жыцьці стараўся як мага меней спаць, каб болей гэтага жыцьця пражыць. А камэра — гэта такая труна, у якім ляжаць чатыры нябожчыкі. І ўдзень, і ўночы над імі сьвятло, як у трупярні. Так што там не асабліва засьнеш, а калі прысынаеш, то апынаесься паміж явай і сном, у трызьненьні, і ў гэтым стане перад вачыма зьяўляюцца мроі і фантазіі, нешта накшталт сноў. І ты нават бачыш некаторыя тэксты. Скажам, адзін зь першых вершаў у кнізе «Лісты да Волі» я проста прысьніў, ад пачатку да канца, менавіта ўночы ў камэры. І праблема тады ў тым, як знайсьці месца, час і магчымасьць прымроенае запісаць. З гэтым ужо, безумоўна, цяжэй.
А камэра — гэта такая труна, у якім ляжаць чатыры нябожчыкі. І ўдзень, і ўночы над імі сьвятло, як у трупярні

М.С.: У маёй бібліятэцы ёсьць расейская «Энцыкляпэдыя літаратурных герояў», дзе падрабязна апісваюцца пэрсанажы вядомых у сьвеце літаратурных твораў. Думаю, што ў такую самую беларускую энцыкляпэдыю мае ўсе шанцы трапіць і вашая Турма — гераіня аднайменнай паэмы. Вы не адпрэчылі турму, не самазамкнуліся ў ёй, а ажывілі яе, яна ў вас выглядае нават прывабнай. Палюбіць турму — складана?

У.Н.: Самае страшнае, што турму можна палюбіць. Калі не палюбіць, дык звыкнуцца зь ёю. А шмат у якіх момантах нашая любоў у жыцьці — таксама звычка. Мы звыкаем да працы, якую робім, звыкаем да сям’і, у якой жывём, да абставінаў і г.д. І гэта ўсё пачынае называцца любоўю. Дык вось, у турме ты паступова, незаўважна для самога сябе, пачынаеш прызвычайвацца да таго, што паслаў табе лёс. Прызвычайваесься, каб хоць неяк табе было ямчэй і ўтульней. І ты ўжо радуесься, калі табе дазваляюць мець ня толькі мыла, але і мыльніцу. Бо мыла тады ўжо не сьлізгае ў руках, яго не бяруць увесь час твае сукамэрнікі. Карацей, за кожную драбязу, якую дазваляе табе турма, ты пачынаеш быць ёй удзячны. І асабліва ты становісься ўдзячным ёй у той момант, калі з допыту, дзе з табой немаведама што магло адбыцца, ты вяртаесься жывы. За табой зачыняюцца дзьверы камэры, і яны нібыта абараняюць цябе ад таго зла, якое табе маглі прычыніць. Гэта вельмі складаны псыхалягічны працэс. Таму і паэма «Турма» — мне шмат хто казаў пра гэта — складаная. Але вось з такімі адчуваньнямі я яе пісаў.
Самае страшнае, што турму можна палюбіць. Калі не палюбіць, дык звыкнуцца зь ёю

Я.Я.: Я цалкам пагаджаюся з аўтарам наконт складанай кампазыцыі паэмы Някляева. Як прызнаўся мне яе польскі перакладчык Чэслаў Сэнюх, ён доўга ня мог падступіцца да перакладу. Толькі з павагі да Някляева ён усё ж узяўся. І ўрэшце, зазнаўшы не адну ноч творчых пакутаў, па заканчэньні перакладу, ён прызнаўся, што «Турма» — твор геніяльны.

М.С.: У самым багатым слоўніку беларускіх фразэалягізмаў Івана Лепешава (дарэчы, гэты прафэсар з Горадні таксама быў пазбаўлены волі і прайшоў праз Гулаг), 7000 устойлівых выразаў. І толькі адзін — пра турму: па ім турма плача. Чамусьці ў нашым багатым фальклёры гэтая тэма не замацавалася. А як адлюстравалася турма ў клясычнай беларускай літаратуры?

Я.Я.: Клясычная беларуская літаратура пачалася ў ХІХ стагодзьдзі. І тут я хацеў бы згадаць такую постаць, як Францішак Савіч, ягоную «Споведзь пакутніка». Па-майстэрску вобразы вязьняў выпісаныя Францішкам Багушэвічам у паэмах «У астрозе» і «Кепска будзе». Тэкст Багушэвіча пераклікаецца і зь днём сёньняшнім, з сучаснымі беларускімі рэаліямі: «У астрозе ж няма волі, / ні ў чым няма аніколі, / у жалезе тыя дзьверы, / пры дзьвярах стаяць жаўнеры, / а народ усё сярдзіты, / быццам бы яшчэ ня сыты / людзкіх сьлёзаў, мукі, енку. / Не гавораць памаленьку, / а ўсё з зыкам, а ўсё з лайкай, / а ўсё з боем ды з нагайкай». Клясычная беларуская літаратура ХІХ стагодзьдзя ўдзячная турме за «Лісты з-пад шыбеніцы» Кастуся Каліноўскага. Літаратура гэтая, як ні сьмешна казаць, паўстала з камэдыі «Пінская шляхта». Менавіта пасьля таго, як Дунін-Марцінкевіч пасядзеў у турме, і нарадзіліся пад яго пяром клясычныя старонкі.
Клясычная беларуская літаратура ХІХ стагодзьдзя ўдзячная турме за «Лісты з-пад шыбеніцы» Кастуся Каліноўскага

М.С.: Але наўрад ці Дунін-Марцінкевіч думаў, што піша тэксты для апошняга слова Ўладзімера Някляева ў судзе.

Я.Я.: Такія ёсьць шляхі беларускай літаратуры, і тым яна несьмяротная. Хацеў бы зазначыць, што тэрмін «турэмная літаратура» далёка ня сёньня нарадзіўся. Сёньня даюць як найчасьцей 5, 10, 15 сутак, некаму далі тры, некаму пяць гадоў. Як ўжо сказаў Уладзімер Някляеў, у 30-я гады людзям бяз доўгіх роздумаў давалі па 10 гадоў «бяз права перапіскі». І яны не стаялі ў чарзе на пасадку, як Карусь Каганец, іх вывозілі ў Курапаты ці ў кляты Сыбір. Таму да турэмнай літаратуры павінна належаць і ўся літаратура сыбірская. А там і Францішак Аляхновіч з кнігай «У кіпцюрах ГПУ», і несьмяротная «Споведзь» Ларысы Геніюш… Мой зямляк Пятро Бітэль пачынаў перакладаць «Пана Тадэвуша» таксама ў турме. У турме, толькі на Лукішках, перакладаў «Пана Тадэвуша» і Браніслаў Тарашкевіч…

М.С.: Пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году ў сьледчым ізалятары КДБ была напісаная яшчэ адна кніга — «Амэрыканскія вершы» Аляксандра Фядуты. Спадар Уладзімер, вы — адзін зь яе герояў. Там сьледчыя на допытах чытаюць Гарацыя, гэткія сабе літаратуразнаўцы ў пагонах. А вам з такімі давялося спаткацца?

У.Н.: Аляксандар Фядута апісаў канкрэтны выпадак, які меў месца зь ім. Яму выдзелілі такога сьледчага, які чытаў Гарацыя. Той сьледчы вёў ня столькі сьледчую працу, колькі ідэалягічную, рэжымную, скіраваную на тое, каб нейкія ідэі, якія ёсьць у апазыцыі, якія былі ў кампаніі «Гавары праўду», змадыфікаваць і скарыстаць у сваіх мэтах. Так што там сапраўды былі такога кшталту высакалобыя размовы, але гэта быў рэдкі выпадак. У пераважнай большасьці размовы былі вельмі простыя — з дручком у руках.

М.С.: На востраве Іф у Міжземным моры ёсьць турма-музэй. І шыльдачкі адпаведныя там на камэрах вісяць: тут сядзеў граф Мірабо, тут польскі пасланьнік і г.д. У Вільні турма КДБ таксама стала музэем. Якая беларуская турма заслугоўвае быць філіяй Дзяржаўнага музэю беларускай літаратуры?

Я.Я.: Адказ адназначны — гэтак званы Пішчалаўскі замак, турма на Валадарскага. Дастаткова згадаць прозьвішчы тых, хто выціраў там нары і лаўкі: Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Вацлаў Ластоўскі, Якуб Колас, Уладзімер Някляеў, Алесь Бяляцкі, Ігар Аліневіч…

М.С.: І апошняе пытаньне, якое я хачу суправадзіць цытатай з кнігі «Лісты да Волі», з паэмы «Турма»: «Турма — ня сьцены. Для турмы / не камяні сабраны — мы». Што трэба рабіць усім нам, каб ня быць камянямі для турмы?

У.Н.: Нам трэба перш за ўсё паразумецца ў тым, што ёсьць мы, што ёсьць Беларусь, і што ёсьць мы ў Беларусі. І паколькі перадача выходзіць у перадвелікодныя дні, я прачытаю адзін маленькі верш, напісаны на Вялікдзень якраз па выхадзе з турмы: «Турэмны карцар, адзіночка, / нядрэмныя глядзяць у „вочка“ / вартаўнікі, нібы зь нябёс / вада і хлеб, нібы Хрыстос / прыйшоў, каб падзяліцца з намі — / са мною і з вартаўнікамі». Беларусьсю нам няма чаго дзяліцца, яна ў нас адна. Дзяліцца нам трэба дабром — у ёй.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG