Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грушавы: Мы ратавалі дзяцей, але дзеля якой будучыні? Атамнай?


Генадзь Грушавы

Генадзь Грушавы

Аварыя на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 году выклікала хвалю салідарнасьці па ўсім сьвеце, запачаткаваўшы ўзьнікненьне фондаў дапамогі пацярпелым ад катастрофы. Перадусім гэта тычылася аздараўленьня за мяжой дзяцей з забруджаных рэгіёнаў Украіны, Беларусі і Расеі. Дзякуючы міжнароднай падтрымцы, цягам прамінулых гадоў сотні тысяч беларусаў змаглі паправіць здароўе ў экалягічна чыстых мясьцінах. Што сталася з дабрачыннымі ініцыятывамі за чвэрць стагодзьдзя?

У 1989 годзе індыйскі фонд Гандзі стаў першым, які запрасіў на адпачынак дзяцей з найбольш пацярпелых раёнаў Беларусі. З таго часу паўсталі тысячы чарнобыльскіх арганізацыяў па ўсім сьвеце — у Эўропе, на паўночнаамэрыканскім кантынэнце, у Ізраілі, Аўстраліі, Японіі. Былі заснаваныя адпаведныя фонды і непасрэдна ў зонах бедзтва — Беларусі, Украіне, Расеі.

У Беларусі пачэснае месца ў шэрагу ініцыятыў заняў дабрачынны фонд «Дзецям Чарнобыля» — першую групу «чарнобыльскіх» дзяцей выправілі на аздараўленьне яшчэ ў 1989-м. Больш чым за два дзясяткі гадоў толькі праз гэты канал аздаравіліся блізу 300 тысяч маленькіх беларусаў. Але пры канцы 2012 году Генадзь Грушавы — заснавальнік і нязьменны кіраўнік фонду — абвясьціў пра спыненьне дзейнасьці арганізацыі. Патлумачыў, што ініцыятыва, маўляў, «выканала сваю сацыяльную місію» і пераходзіць на іншую плятформу.

Спадар Грушавы цяпер сам цярпіць на хваробы, ад якіх столькі гадоў ратаваў іншых. Але ці сапраўды насьпела неабходнасьць згортваньня чарнобыльскіх ініцыятыў з-за таго, што падрослыя дзеці Чарнобыля цяпер самі могуць паклапаціцца пра здароўе сваіх сем’яў?

«Удакладнім: я фонд фармальна не зачыняў. Ён нават сёньня яшчэ дзейнічае, наша бюро працуе, мы працягваем ладзіць пэўныя праграмы, у тым ліку і дзіцячае аздараўленьне. А што да маёй заявы, то яна была зьвязаная з тым, што трэба было прыцягнуць увагу да іншага — прыйшоў час зьмены арыенціраў. Калі мы застаёмся на самой справе людзьмі, якія працягваюць змаганьне з наступствамі Чарнобыля, то сёньня трэба засяродзіць усю сваю ўвагу, усе свае сілы не на дабрачынных акцыях (хоць яны патрэбныя, яны павінны заставацца — я ня супраць гэтага), а неабходна пераходзіць да вельмі скаардынаваных дзеяньняў, зьвязаных з будаўніцтвам новай АЭС. Бо сёньня Чарнобыль — гэта Астравец. І калі мы будзем распыльвацца, калі будзем жыць выключна мінулым, калі пойдзем, як сёньня, „Чарнобыльскім шляхам“ на Бангалор зь дзяжурным мітынгам і ўскладаньнем кветак — то ўсё гэта добра. Але, на маё перакананьне, ісьці трэба на Астравец».
Трэба ісьці не на Бангалор, а на Астравец

Паводле Генадзя Грушавога, калі Беларусь насамрэч збудуе атамную электрастанцыю, то ўсе папярэднія намаганьні ліквідаваць наступствы чарнобыльскай катастрофы будуць змарнаваныя:

«„Чарнобыльскі шлях“ калісьці вёў на плошчу Незалежнасьці. Памятаеце, у 1989 годзе? Гэты наш шлях прывёў да таго, што незалежнасьць у 1991 годзе ўсё ж зьявілася. Магчыма, ня ў поўным сваім выглядзе, але яна прыйшла. І „Чарнобыльскі шлях“ свой унёсак зрабіў. Працяг гэтага шляху — гэта, вядома, рух на Астравец. Там сёньня, з пэўнага пункту гледжаньня, вырашаецца лёс Беларусі. Бо калі гэта станцыя будзе будавацца, тады будзе перакрэсьлена ўсё, што мы рабілі ў сувязі з Чарнобылем. Таму што мы галоўнага не зрабілі. Мы выратоўвалі дзяцей, але дзеля якой будучыні? Атамнай? Зноў з атамнай станцыяй? Гэта парадокс. Асабіста я гэтага парадоксу не хачу. Я пачынаў у 1989 годзе, прайшоў амаль 25 гадоў разам з гэтымі людзьмі, але заставацца сёньня выключна дабрачынцам, які робіць карысную справу, але нічога не зьмяняе ў грамадзкім жыцьці, ніяк не ўплывае на будучы лёс, не хачу. Гэта падстава для маёй заявы. А так, калі фармальна гаварыць, фонд у сьціплым выглядзе, якім ён стаў дзякуючы не таму, што мы страцілі кантакты па ўсім сьвеце, што людзі адвярнуліся — не — ён стаў такім, бо дзяржава абмежавала яго ўва ўсім. Я бачу, што цяпер гэтага недастаткова, гэта толькі маленькая частка таго, што мы павінны рабіць. І я вам першаму гэта кажу сёньня вось так адкрыта…»

У Беларусі працуюць нешматлікія чарнобыльскія арганізацыі, якія за кошт спонсарскіх і апякунскіх сродкаў арганізуюць выезд дзяцей за мяжу ці абвяшчаюць збор грошай і прадметаў першай неабходнасьці для дзіцячых дамоў і шпіталяў. Аднак разьвярнуцца ў працы ня так лёгка: з падачы новастворанага дэпартамэнту гуманітарных спраў пры прэзыдэнце было ўведзенае абавязковае ліцэнзаваньне дзейнасьці. У выніку разгалінаваныя сеткі чарнобыльскіх ініцыятыў былі фактычна згорнутыя.

Ня лепшыя справы і ў «дарослым сэктары». Ільготы ліквідатарам наступстваў аварыі з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі скасаваныя, людзі ня маюць элемэнтарнага мэдычнага дагляду. Пра гэта гаворыць экспэрт у галіне радыяцыйнай мэдыцыны Сяргей Канаплянік:

«Мы цяпер бачым, дапусьцім, што адбываецца зь ліквідатарамі. Я маю на ўвазе сапраўдных ліквідатараў, тых, якія былі там у першыя гады — 1986–1987 — а ня тых, хто да іх потым прымазаўся. Гэта людзі, якія працавалі непасрэдна ў зоне, на станцыі, на прамысловай пляцоўцы. Натуральна, што такія ліквідатары — найбольш пацярпелыя, і пра іх здароўе трэба было б паклапаціцца ў нашмат большай ступені. Там, зноў жа, існуе цэлы комплекс фактараў, але перадусім там быў вельмі значны радыяцыйны фон. Самі ўявіце: папрацаваць нават некалькі гадзін на даху энэргаблёку — гэта ўжо незваротныя наступствы для арганізму. Таму зразумела, што здароўе сваё гэтыя людзі ў Чарнобылі не палепшылі. І яны маюць патрэбу ў далейшым назіраньні, бо і надалей многія элемэнты ўплываюць на іх самаадчуваньне».

Лекар Алег Віткоўскі родам з Астравеччыны. Шмат гадоў адпрацаваў па спэцыяльнасьці ў Польшчы, цяпер практыкуе ў Нямеччыне. Па яго словах, тое, што цяпер адбываецца на ягонай малой радзіме, яўна недаацэньваецца кіраўніцтвам краіны:
Сёньня гульню ў „мірны атам“ даводзяць да абсурду

«Разумееце, усе гэтыя працэсы маюць надзвычай доўгатэрміновыя наступствы. Я ўжо не кажу пра тое, што 10–15 гадоў трэба, каб пабудаваць АЭС, але 20 — каб у выпадку чаго патушыць рэактар. Сёньня гульню ў „мірны атам“ даводзяць да абсурду. Тыя ж амэрыканцы даводзяць, што дзьве бомбы, скінутыя на Хірасіму і Нагасакі, яны нібыта ўвогуле нічога дрэннага не зрабілі. Што гэта не паўплывала на наступныя пакаленьні і г.д. Абсурдныя заявы, бо па-сапраўднаму ні ў кога не выклікае сумневу: усе гэтыя лейкозы, усе гэтыя выродлівасьці, уся анкалёгія, якая з усіх бакоў павылазіла, сталі непасрэдным наступствам тых двух ядзерных выбухаў. Нечага падобнага мы можам чакаць і ў нашым выпадку, балазе Чарнобыль — самы яскравы прыклад. Дзе гарантыі, што аб’ект цалкам бясьпечны? На жаль, пануе традыцыйная абыякавасьць: маўляў, пакуль пабудуюць, пакуль запусьцяць, дык ёсьць яшчэ дзясятак гадоў форы, нас гэта ня тычыцца. Але тычыцца ўсіх і кожнага!»

Улады Беларусі лічаць, што наступствы аварыі на ЧАЭС перабольшаныя, што і пацьвердзіла прамінулая чвэрць стагодзьдзя. У адпаведнасьці зь дзяржаўнай праграмай некалькі тысяч гектараў пашы на поўдні краіны, выведзеных з карыстаньня з-за забруджаньня радыенуклідамі, па выніках «інвэнтарызацыі» вернутыя ў абарот.
XS
SM
MD
LG