Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баразенка: Пыталіся, ці не працую я на Лябедзьку


Аляксандар Баразенка

Аляксандар Баразенка

Журналіст «Белсату» Аляксандар Баразенка распавёў карэспандэнту Свабоды акалічнасьці свайго затрыманьня каля пляцоўкі, дзе будуецца Астравецкая АЭС.

Баразенка: «Нас ужо выпусьцілі, пратрымаўшы 3 гадзіны ў РАУСе. У нас з Настай узялі тлумачэньні, прагледзелі відэазапіс на маёй камэры і потым усё павыдалялі. Адпусьцілі, мы сустрэліся з Анатолем. І калі мы сустрэліся, затрымалі яго».

Карэспандэнт: «А за што вас затрымалі і чаму выдалілі вашы відэазапісы?»

Баразенка: «Чаму выдалілі, яны не тлумачылі. Затрымалі нібыта за здымкі забароненага аб’екта, то бок будоўлі Астравецкай АЭС. Потым яны нас апытвалі, ці маем мы акрэдытацыю, ці мелі мы права здымаць АЭС, ці быў у нас адмысловы дазвол. Пыталіся, ці не працую я на Лябедзьку асабіста, як даўно я яго ведаю і так далей».

Карэспандэнт: «А што, вы пасьпелі нешта зьняць? Якія там кадры былі?»

Баразенка: «Мы паехалі на будоўлю, мы паспрабавалі прайсьці, папрасілі, каб нас пусьцілі, каб паглядзець, як ідзе будоўля. Нам спачатку адмовіла ахова, потым з розных бакоў прыехалі супрацоўнікі розных сілавых ведамстваў: супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, у форме, людзі, якія не прадстаўляліся. Яны забаранялі нам здымаць на прахадной будоўлі. У гэты час Анатоль размаўляў з кіраўніцтвам аховы, якая выйшла да нас і тлумачыла, што мы ня маем права тут знаходзіцца і здымаць. І калі мы разьвярнуліся і ішлі ў іншы бок, я хацеў паздымаць краявіды вакол будоўлі, у гэты час нас і затрымалі,папрасілі праехаць у РАУС».

Карэспандэнт: «То бок не было нагоды выдаляць гэтыя здымкі, яны не былі такія ўжо важныя?»
Нават супрацоўнікі міліцыі сказалі, што нічога забароненага ня бачаць

Баразенка: «Не, нават супрацоўнікі міліцыі сказалі, што нічога забароненага ня бачаць. Там бачна толькі прахадная, бо сам аб’ект даволі далёка. Самі міліцыянты казалі, што ня бачаць нічога супрацьзаконнага, але ў выніку, перад тым як нас выпусьціць, паступіў загад усё сьцерці».

Карэспандэнт: «Як вы ставіцеся да такіх дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі?»

Баразенка: «Гэта ўжо ня першы раз, я з падобным сутыкаўся. Але самі супрацоўнікі Астравецкага РАУС ня вельмі шчасьлівыя, што такую дурноту даводзіцца выконваць. Але ім быў дадзены загад. Гэта тыя акалічнасьці, у якіх мы цяпер працуем у Беларусі і зь якімі трэба лічыцца».

Карэспандэнт: «Фактычна ваш рэпартаж не атрымаецца?»

Баразенка: «Так, яны сарвалі абсалютна ўсе здымкі. І я ня бачу сэнсу зноў здымаць у гэтым горадзе, бо за намі сочаць і адстануць, калі мы толькі выедзем з гораду».
XS
SM
MD
LG