Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аліневічу дадалі карцэру за тое, што павітаўся з сукамэрнікамі


Ігар Аліневіч

Ігар Аліневіч

Палітвязьня Ігара Аліневіча, якога трымаюць у наваполацкай калёніі, наведаў адвакат.

Сустрэча з адвакатам адбылася пасьля таго, як Ігар Аліневіч адбыў 20 сутак у штрафным ізалятары. Бацька палітвязьня Ўладзімер Аліневіч распавёў пра прычыны, паводле якіх каралі яго сына.

«Адправілі яго ў штрафны ізалятар за тое, што адмовіўся прыбіраць туалет, але за гэта далі толькі першыя 10 сутак. Яшчэ некалькі сутак дадалі адразу, як увайшоў у камэру — за тое, што павітаўся з сукамэрнікамі. Гэта было расцэнена як незаконныя размовы. Потым яшчэ дадалі некалькі дзён за дробныя парушэньні, і ў выніку атрымалася 20 сутак штрафнога ізалятара. Але нават ня гэта галоўнае, а тое, у якіх умовах там трымаюць вязьняў. Уявіце, іх у пакойчыку два на два мэтры было 4 чалавекі, а тэмпэратура там — ня больш за 8–10 градусаў. Між тым верхняе адзеньне забіраюць. То бок гэта такое фактычнае катаваньне холадам, на што ніякі закон дазволу не дае».

Актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня за ўдзел у нападах на афіцыйныя будынкі. Сваёй віны Ігар Аліневіч у судзе не прызнаў. Апазыцыя і праваабаронцы Беларусі лічаць Ігара Аліневіча палітвязьнем.

На мінулым тыдні ў Менску была прэзэнтавана кніга Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан», складзеная зь ягоных турэмных дзёньнікаў і нататак. Сваякі Ігара Аліневіча не выключаюць, што яго пакаралі штрафным ізалятарам менавіта за шчыры расповед аб парадках у турмах краіны.
XS
SM
MD
LG