Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць прэзыдэнтаў ЗША адкрылі бібліятэку Буша-малодшага



Прэзыдэнт Барак Абама і чатыры былыя прэзыдэнты Злучаных Штатаў 25 красавіка ўзялі ўдзел у цырымоніі адкрыцьця бібліятэкі і музэя імя Джорджа Буша-малодшага ў Даласе ў штаце Тэхас.

Акрамя Барака Абамы (прэзыдэнт ад 2009 г.) і Джорджа Буша-малодшага (2001-2009), на цырымоніі прысутнічалі Біл Клінтан (1993-2001), Джордж Буш-старэйшы (1989-1993) і Джымі Картэр (1977-1981).





Засноўваньне адмысловых бібліятэк, у якіх знаходзяцца архівы дакумэнтаў з пэрыяду прэзыдэнцтва аднаго амэрыканскага прэзыдэнта, стала ў ЗША традыцыяй. Бібліятэка Джорджа Буша-малодшага — 13-я па ліку прэзыдэнцкая бібліятэка.



Амэрыканскія СМІ падкрэсьліваюць, што адкрыцьцё гэтай бібліятэкі было вельмі кранальным момантам для Джорджа Буша-малодшага, які заслужыў вялікай пашаны сярод амэрыканцаў сваёй рэакцыяй на тэрарыстычныя атакі на ЗША ў 2001 годзе, але падчас свайго другога тэрміну вельмі хутка страціў папулярнасьць і прыхільнасьць з увагі на ўдзел краіны ў ірацкім канфлікце.

«Мы ведаем прэзыдэнта Буша як чалавека. Ведаць чалавека — азначае любіць гэтага чалавека. Бо гэты чалавек камфортна адчувае сябе ў сваёй скуры. Ён ведае, хто ён. Ён нікім не прыкідваецца. Ён сур’ёзна падыходзіць да сваёй працы, але не зусім сур’ёзна адносіцца да сваёй асобы. Ён — добры чалавек» — сказаў Барак Абама ў сваёй прамове на адкрыцьці бібліятэкі.



Біл Клінтан у сваёй ацэнцы ролі прэзыдэнта Джорджа Буша-малодшага ў амэрыканскай палітыцы зрабіў жартаўлівую заўвагу:

«Я сказаў прэзыдэнту Абаму, што [сёньняшняя цырымонія] — гэта самы апошні і самы велічны прыклад адвечнага змаганьня колішніх прэзыдэнтаў, каб перапісаць гісторыю нанава».



Джордж Буш-малодшы, які слухаў прамоваў папярэдніх прэзыдэнтаў са сьлязьмі ў вачах, сказаў сярод іншага:

«У дэмакратыі мэтай чалавека на публічнай пасадзе не зьяўляецца задавальненьне асабістай амбіцыі. Выбраныя афіцыйныя асобы павінны служыць шырэйшым справам, чым толькі асабістым. Палітычныя вятры дзьмуць раз з правага, раз зь левага боку, рэйтынгі падымаюцца і падаюць, прыхільнікі зьяўляюцца і зьнікаюць. Але ў канчатковым выніку лідэраў ацэньваюць паводле перакананьняў, якіх яны прытрымліваліся».



Фонд імя Джорджа Буша-малодшага сабраў 500 мільёнаў даляраў на пабудову бібліятэкі і музэю ды на ажыцьцяўленьне праграмаў, зьвязаных з гэтай установай. Пабудова бібліятэчна-музэйнага комплексу на 10 гэктарах зямлі ва ўнівэрсытэцкім гарадку ў Даласе каштавала 250 мільёнаў даляраў.

Падчас прэзыдэнцтва Джорджа Буша-малодшага, у 2004 годзе, быў прыняты «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі» — закон, які акрэсьліваў мэтанакіраваныя дзеяньні ЗША дзеля дэмакратызацыі Беларусі і падтрымку для грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Гэта ў ягонай адміністрацыі нарадзілася мянушка рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — «апошняя дыктатура Эўропы».

Джордж Буш быў таксама адным з тых палітыкаў, хто пагадзіўся прачытаць у эфіры Радыё Свабода імёны людзей, якія пацярпелі за дэмакратыю ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010.
XS
SM
MD
LG