Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 27 красавіка: аблога швэдамі Мірскага замку, пачатак працы Караткевіча над «Каласамі...», дзень памяці Вітаўта Тумаша і Міхала Вітушкі


Мірскі замак

Мірскі замак

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Кнігарня "Логвінаў"

Кнігарня "Логвінаў"

Менск. Ноч у кнігарні. Кнігарня логвінаЎ (праспэкт Незалежнасці, 37а) адкрывае летні сэзон. Суботнім вечарам пры сьвятле сьвечак і пад каву-гарбату ўдзельнікі будуць чытаць новы часопіс «Макулятура. № 3 «Без галавы». У няспаньні бяруць удзел літаратары Уладзіслаў Ахроменка і Сяргей Календа. Пачатак а 21-й. Уваход вольны

Дудуткі. Дударская канфэрэнцыя. Ад’езд на канфэрэнцыю — а 8:45 на Чырвонаармейскай 6, паркоўка з боку гістарычнага факультэта.
Праезд паводле папярэдняга запісу! Ахвотныя могуць зьвярнуцца на адрасы: zsasnouski@tut.by, marry1992@tut.by

Менск. У «Кальяннай № 1» (вул. Карла Маркса, 33) пры падтрымцы праекту «МаеСэнс» пройдзе «Добры аўкцыён». На дабрачынным аўкцыёне рэчаў можна набыць карысныя і цікавыя прадметы, а атрыманыя сродкі пойдуць на дапамогу людзям, якія жывуць у нястачы. Вядучы аўкцыёну — Антон Мартыненка. Пачатак а 16.00.

Менск. У Мэмарыяльным музэі-майстэрні Заіра Азгура (З. Азгура, 8) пройдзе фэстываль імправізацыйнай музыкі «АГА», або фэстываль «выдатных гуртоў і музыкаў». Першыя ўдзельнікі першага фэстывалю імправізацыйнай музыкі: гурты «Князь Мышкін», «Солнцецветы», Generation Skweee, Cholotrope, «Первомир», Уладзіслаў Бубен і Наста Лабада. Пачатак а 17.00

Менск. Заканчэньне рэтраспэктывы польскага рэжысэра Яна Якуба Кольскага, якую праводзілі Польскі Інстытут у Менску і кінатэатар «Перамога». Пачатак апошняга сэансу а 19.00. Уваход вольны.

Менск. Клюб «Цэнтар». Канцэрт гуртоў «Браты Грым» і «У нескладовае». Пачатак а 19.00

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1706 — швэдзкае войска на чале з каралём Карлам ХІІ штурмавала Мірскі замак, пасьля чаго крэпасьць была спаленая. Перад тым аблога фартэцыі цягнулася цэлы месяц. А яшчэ раней ва ўладальніка замку князя Караля Станіслава Радзівіла гасьцяваў расейскі цар Пётар І, які абяцаў дапамагчы абараніць радзівілаўскія маёнткі ад швэдаў, але абяцаньня свайго ня выканаў.

1878 — нарадзіўся Станіслаў Любіч-Маеўскі, грамадзка-культурны дзяяч, пэдагог. Расстраляны фашыстамі ў сьнежні 1941.

1919 — польскія войскі занялі Горадню.

1922 — нарадзілася Яўгенія Шастак, грамадзкая дзяячка, лекарка, зьняволеная ГУЛАГу.

1945 — БССР прынятая ў склад дзяржаваў-заснавальніц ААН.

1947 — памёр Валянцін Таўлай, паэт, дзяяч заходнебеларускага нацыянальнага руху.

Уладзімір Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім

Уладзімір Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім

1962 — у Рагачове Ўладзімер Караткевіч пачаў пісаць раман «Каласы пад сярпом тваім», які ў выніку складзецца ў два тамы, але так і застанецца пачаткам задуманай аўтарам, але не завершанай эпапэі пра паўстаньне Кастуся Каліноўскага.

1967 — памёр беларускі філёзаф Мікола Алексютовіч, які першы адкрыта ў друку заявіў пра фальсыфікацыю беларускай гісторыі.

1996 — у Менску адбываюцца масавыя арышты ўдзельнікаў «Чарнобыльскага шляху», які прайшоў напярэдадні. За кратамі апынулася амаль усё кіраўніцтва БНФ, а ўсяго за два дні было інтэрнавана больш за 200 чалавек.

Чарнобыльскі шлях 1996

Чарнобыльскі шлях 1996

1998 — памёр беларускі гісторык Вітаўт Тумаш. Родам ён быў зь Вялейшчыны, вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі і Віленскім унівэрсытэце. Рэдагаваў газэту «Раніца» ў Бэрліне. Пасьля вайны апынуўся на эміграцыі і браў чынны ўдзел у стварэньні Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку. Навуковыя працы Вітаўта Тумаша прысьвечаныя этнагенэзу беларусаў — фармаваньню этнічнага аблічча нацыі.

2002 — у аўтакатастрофе ў Маскве загінуў вядомы кінарэжысэр, народны артыст Беларусі Міхаіл Пташук.

2006 — памёр Міхал Вітушка, генэрал, адзін зь лідэраў Беларускай Незалежніцкай Партыі, кіраўнік беларускага супраціву ў другой палове 1940–1950-х гадоў.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

— Ты што, Кастусь, — спытаў Вежа, — ты, значыцца, паляк?
— Не, я тутэйшы, — асьцярожна сказаў Каліноўскі.
— Ён беларус, дзеду, — сказаў Алесь... I Вежа зразумеў, што зайшоў
далекавата. Але бес усё яшчэ сядзеў у iм.
— Як жа не паляк, — сказаў ён. — Хрысьцілі цябе ў касьцёле. Веравызнаньня ты — рымскага.
— Ну i што, — цяжка рухаючы сківіцамі, сказаў Кастусь. — Прашу прабачэньня, заўтра я ахрышчу вас у касьцёле — i вы ня станеце з гэтай прычыны палякам. А я перайду ў магаметанства i ня стану туркам. Будзе беларус магаметанскага веравызнаньня і беларус веравызнаньня каталіцкага.
— Нядрэнна для пачатку, — сказаў дзед.

Уладзімер Караткевіч, «Каласы пад сярпом тваім»
XS
SM
MD
LG