Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры дэмакратычнага руху ўсклалі вянкі да чарнобыльскіх мэмарыялаў


 Ля мэмарыялу ў Брагіне

Ля мэмарыялу ў Брагіне

25 красавіка прадстаўнікі дэмакратычных арганізацый Гомеля, Менску, Рэчыцы ўшанавалі памяць ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы.

У Хойніках і Брагіне яны ўсклалі вянкі й кветкі да мэмарыялаў зьніклых пасьля Чарнобылю вёсак. Такіх у Хойніцкім раёне 43, у Брагінскім — 55.

Сустаршыня аргкамітэту стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі: «Прыехалі мы сюды ня толькі дзеля таго, каб ушанаваць памяць ахвяраў Чарнобылю, але й пагутарыць зь людзьмі, пабачыць на свае вочы, што тут адбываецца, чым жывуць людзі, што іх хвалюе».

На думку спадара Рымашэўскага, патрэбная Нацыянальная праграма пераадоленьня наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Супольна магчыма спыніць «атручваньне насельніцтва прадуктамі, вырашчанымі на заражаных радыяцыяй землях». Неабходна дамагацца адмены будаўніцтва Астравецкай АЭС. Чарнобыль і новая атамная станцыя, якая будуецца на поўначы краіны, зьвязаныя непарыўна.
Віталь Рымашэўскі ўскладае кветкі

Віталь Рымашэўскі ўскладае кветкі


Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што беларускія афіцыйныя структуры не надаюць належнай увагі чарнобыльскай тэматыцы на міжнародным узроўні. У Эўропе забыліся на Чарнобыль. Ня хочуць згадваць пра чарнобыльскія пытаньні і ўнутры краіны:

«Было нядаўна пасланьне прэзыдэнта Нацыянальнаму сходу й грамадзянам Беларусі. Чарнобыльская тэма ў ім практычна адсутнічала. Абмяжоўваюцца разавымі акцыямі й палітычныя партыі й рухі».
Ля помніка адселеным вёскам у Хойніках

Ля помніка адселеным вёскам у Хойніках


Палітык кажа, што падчас нефармальных гутарак жыхары Хойнікаў скардзіліся, што ўжо амаль месяц на грамадзкіх працах парадкуюць вуліцы райцэнтру. І ня дзеля таго, каб зрабіць жыцьцё больш прыдатным, а таму, што мае прыехаць кіраўнік дзяржавы.

Вёска Сабалі Брагінскага раёну, дзе таксама пабывалі прадстаўнікі дэмакратычных арганізацый, значыцца ў ліку адселеных. Але тут і цяпер жыве каля паўсотні чалавек. Састарэлыя людзі ня могуць атрымаць на месцы кваліфікаваную мэдычную дапамогу, пасадзіць гарод, насекчы дроў.
У вёсцы Сабалі

У вёсцы Сабалі


Тым часам пакінутыя хаты спецыялізаванае прадпрыемства «Палесьсе» закопвае ў дол.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG