Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пэнсіянэр-распаўсюднік не дамогся справядлівасьці ў абласным судзе


Валеры Вусік

Валеры Вусік

25 красавіка Магілёўскі абласны суд пакінуў у сіле вырак Бялыніцкага раённага суду адносна распаўсюдніка і аўтара незалежнай маланакладнай газэты «Магілёўскі выбар» Валерыя Вусіка. Вусік абскарджваў у абласным судзе пастанову бялыніцкага судзьдзі Ўладзімера Гуза, які прызнаў яго вінаватым у паклёпе ды незаконным распаўсюдзе «Магілёўскага выбару». 66-гадовага жыхара вёскі Лебядзянка Гуз аштрафаваў на пяць мільёнаў рублёў.

Валеры Вусік абласному суду пад старшынствам Паўла Клімава даводзіў, што судзьдзя Бялыніцкага суду парушыў ягонае канстытуцыйнае права на справядлівы суд, бо яму было адмоўлена ў праве мець адваката. Ня быў ён азнаёмлены як сьлед з матэрыяламі справы. Раённы суд не задаволіў хадайніцтва, каб заслухаць маіх сьведак, заяўляў у абласным судзе спадар Вусік. Ён заяўляў, што на суд яго выклікалі ня позвай, а тэлефанаваньнем за няпоўныя суткі да разгляду справы.

«Судзілішча было ў Бялынічах. Судзілішча было і ў Магілёве. Калі чалавек сказаў праўду пра тое, што творыцца ў гаспадарцы, то ён атрымоўвае вялікія непрыемнасьці ад улады. Судзьдзя нават не хацеў слухаць нашы довады, што адваката не далі, сьведак не заслухалі, ні часу нам не далі, каб падрыхтавацца — нібыта яго ня тычыцца. Я расчараваны цалкам. Несправядліва са мной паступілі зусім», — пракамэнтаваў «Свабодзе» вырак Валеры Вусік.
Калі чалавек сказаў праўду пра тое, што творыцца ў гаспадарцы, то ён атрымоўвае вялікія непрыемнасьці ад улады.

Нагодай для судовага перасьледу Валерыя Вусіка сталася ягоная крытычная публікацыя ў газэце «Магілёўскі выбар» пра сытуацыю ў сельгаспрадпрыемстве «Лебядзянка» Бялыніцкага раёну. У ёй Вусік сьцьвярджаў, што ў гаспадарцы пануюць безгаспадарлівасьць, прыпіскі і крадзяжы. Бялыніцкі суд угледзеў у публікацыі распаўсюджваньне несапраўдных зьвестак, якія зьневажаюць старшыню гаспадаркі Пятра Бялова.

19 красавіка старшыню СПК «Лебядзянка» Пятра Бялова, якога, паводле судовай пастановы, пэнсіянэр Вусік зьняважыў, зьнялі з пасады. На ягонае месца прызначылі новага чалавека. Бялоў бяз працы не застаўся — яго зрабілі намесьнікам новага старшыні сельгаскаапэратыву.

Валеры Вусік жа працягне шукаць справядлівасьці ў Вярхоўным судзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG