Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За ўчынак, несумяшчальны зь дзяржаўнай службай…»


Сьледчы камітэт вырашае, ці заводзіць крымінальную справу супроць былога старшыні Жыткавіцкага райвыканкаму Мікалая Какоры

Сьледчы камітэт вырашае, ці заводзіць крымінальную справу супроць былога старшыні Жыткавіцкага райвыканкаму Мікалая Какоры, якога Аляксандар Лукашэнка напярэдадні зьняў з пасады за ўчынак, «не сумяшчальны са знаходжаньнем на дзяржаўнай службе».

Паведамленьні адразу пра тры гучныя крымінальныя скандалы прыйшлі на гэтым тыдні з райцэнтраў Беларусі. 24 красавіка стала вядома пра затрыманьне ў Барысаве намесьніка старшыні тамтэйшага райвыканкаму. Затрыманага падазраюць у атрыманьні хабару. Паводле сьледчых Менскай вобласьці, вэртыкальшчык атрымаў 13 тысяч даляраў хабару за дапамогу ў бізнэсе. Прозьвішча затрыманага не называюць, абвінавачаньне яму яшчэ ня выстаўленае.

Другі выпадак здарыўся ў Наваполацку, дзе на заводзе «Палімір» намесьнік начальніка цэху праз злоўжываньне службовым становішчам нібыта скраў прадукцыі амаль на 10 тысяч даляраў. Крымінальную справу на гаспадарніка завялі пасьля праверкі, якую наладзіла віцебская міліцыя. Прозьвішча падазраванага ў злачынстве сьледчыя таксама пакуль не агалошваюць.

А вось імя фігуранта трэцяга скандалу вядомае — гэта Мікалай Какора, былы старшыня Жыткавіцкага райвыканкаму, якога Аляксандар Лукашэнка зьняў з пасады 23 красавіка з фармулёўкай „за ўчынак, несумяшчальны са знаходжаньнем на дзяржаўнай службе“. У Сьледчым камітэце кажуць, што цяпер ідзе праверка зьвестак пра ўчынак Мікалая Какоры, якія прадставіла міліцыя. Паводле МУС, Мікалай Какора празь перавышэньне ўлады і службовых паўнамоцтваў нанёс вялікія страты Дзяржстраху. Вынікам праверкі гэтых зьвестак Сьледчым камітэтам можа стаць завядзеньне на былога вэртыкальшчыка крымінальнай справы.

У чым жа падазраецца былы старшыня райвыканкаму Мікалай Какора?

Уладзімір з Жыткавічаў, якога можна назваць досыць дасьведчанай крыніцай, кажа пра наступную вэрсію: што былы кіраўнік раёну нібыта пасьля аўтааварыі аформіў страхоўку на пабіты аўтамабіль і незаконна атрымаў немалыя грошы. Такая вэрсія гуляе па інтэрнэце ў якасьці асноўнай, але сам Уладзімір ёй веры пакуль асабліва не дае. Бо, паводле зьвестак майго суразмоўцы, аварыі з удзелам службовага аўтамабіля «Фальксваген Туарэг», на якім езьдзіў спадар Какора, не было:

«На тэрыторыі нашага раёну такога здарэньня не было. Я „курырую“ гэтую галіну і ведаў бы хаця б на ўзроўні чутак, але гэтага няма. І паводле афіцыйнай інфармацыі — не было. І калі б аўтамабіль быў не ягоны, а сваякоў — усё роўна б стала вядома. Я ведаю нават пра здарэньні, якія не былі зарэгістраваныя. Магчыма толькі такое, што пабіў дзе аўтамабіль аб корч, але не на тэрыторыі раёну».

Што пішуць людзі пра адстаўку Мікалая Какоры на форумах?

Меркаваньні тут падзяліліся. Адны называюць экс-старшыню «вельмі жорсткім» начальнікам, які прыніжаў годнасьць падначаленых, каб любым коштам дамагчыся выкананьня загадаў, іншыя адзначаюць ягоныя добрыя якасьці як кіраўніка. Прыкладам, у адным з камэнтароў згадваецца гатэль у Жыткавічах, які будаваўся 20 гадоў, а пры Какору быў нарэшце адкрыты, і ўвогуле выгляд гораду значна зьмяніўся, стаў прыгажэйшы. На гэта, аднак, у камэнтарах ёсьць і такая заўвага: выгляд выглядам, але паводле кумаўства райцэнтар застаецца ў лідэрах на Палесьсі.

Што да самога здарэньня, то большасьць камэнтатараў не сумняваюцца, што пэўныя злоўжываньні мелі месца — маўляў, бяз гэтага ні ў якім раёне ўлада ня можа існаваць. Але іншыя бачаць несувымернасьць учынку наступствам. Мой суразмоўца Уладзімір мяркуе, што з фактам карупцыі ў Барысаве іхні выпадак параўноўваць нельга:

«Ніякіх карупцыйных спраў, як той „Абаронсэрвіс“ з расейскім міністрам Сердзюковым, у нас не было. Ну, можа, зрабіў ДТЗ, а потым аформіў страхоўку. Але гэта „можа быць“. Дый Какора быў спакойны. Яшчэ 20 красавіка на суботніку працаваў, платы ставіў… Хоць чуткі пра адстаўку ўжо былі».
XS
SM
MD
LG