Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства фінансаў Беларусі разьлічвае да канца красавіка атрымаць пяты транш крэдыту Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС у памеры 440 млн даляраў.

Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі ў Менску заявіў першы намесьнік міністра фінансаў Беларусі Ўладзімер Амарын.

Ён сказаў, што цяпер ідзе працэс афармленьня рашэньня, паведамляе БелаПАН.

Кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова 2 красавіка таксама сказала журналістам, што грошы прыйдуць у канцы красавіка:

«Ёсьць надзея, здаровы сэнс павінен перамагчы. Калі ня сёньня, то заўтра».

Аднак Ермакова паведаміла, што на пасяджэньні экспэртнай рады Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС 1 красавіка канкрэтных рашэньняў з гэтай нагоды не было прынята. Паводле Ермаковай, беларускі бок ня згодны з той пазыцыяй, якая выказвалася на пасяджэньні рады. Аднак яна не паведаміла, што гэта за пазыцыя:

«Ня будзем выказвацца загадзя. Дачакаемся рашэньня».

27 сакавіка міністар фінансаў Андрэй Харкавец заявіў журналістам, што ва ўрадзе чакаюць пералічэньня чарговага траншу Беларусі ўжо ў красавіку.

Харкавец скрытыкаваў Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС за тое, што не былі выкананыя заплянаваныя раней тэрміны прадстаўленьня беларускаму боку траншаў стабілізацыйнага крэдыту.

Пагадненьне паміж Беларусьсю і Эўразійскім банкам разьвіцьця, які кіруе сродкамі Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС, па выдзяленьні крэдыту на 3 млрд даляраў шасьцю траншамі было падпісана 9 чэрвеня 2011 году. Першы транш у 800 млн даляраў быў пералічаны ў чэрвені 2011 году, яшчэ 440 млн — у сьнежні 2011-га. Трэці транш у такім жа памеры быў атрыманы ў чэрвені, чацьвёрты транш — у студзені 2013 году.
XS
SM
MD
LG