Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд Лебедзеву па «балотнай справе» — 2.5 гады зьняволеньня


Канстанцін Лебедзеў

Канстанцін Лебедзеў

Маскоўскі гарадзкі суд прысудзіў фігуранта справы аб беспарадках на Балотнай плошчы ў Маскве Канстанціна Лебедзева да двух з паловай гадоў пазбаўленьня волі.

Канстанцін Лебедзеў цалкам прызнаў віну і заключыў угоду са следзтвам. Судзьдзя, агучваючы прысуд, адзначыў, што Лебедзеў даў паказаньні на ўсіх астатніх меркаваных арганізатараў беспарадкаў, а таксама распавёў аб іх плянах, таму і атрымаў пакараньне ніжэй за мінімальнае. Крымінальны кодэкс Расеі за арганізацыю масавых беспарадкаў прадугледжвае ад чатырох да дзесяці гадоў калёніі. Абарона Лебедзева заявіла, што задаволена прысудам і ня мае намеру яго абскарджваць.

Лебедзева абвінавачвалі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, якія адбыліся 6 траўня 2012 года на Балотнай плошчы ў Маскве. Тады ў выніку сутыкненьняў удзельнікаў шэсьця апазыцыі з паліцыяй пацярпелі больш за 100 чалавек з абодвух бакоў. Акрамя таго, абвінавачваньне сьцьвярджала, што Лебедзеў плянаваў арганізаваць у Расеі новыя беспарадкі.

Лебедзева затрымалі ў кастрычніку 2012 году. Першапачаткова ён разам з расейскім левым палітыкам Сяргеем Удальцовым, арыштаваным у Кіеве расейскім актывістам Леанідам Развазжаевым, і грузінскім палітыкам Гіві Таргамадзэ праходзіў па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Гэтую справу распачалі пасьля выхаду фільму «Анатомія пратэсту-2» на расейскім тэлеканале НТВ. У фільме былі здымкі схаванай камэрай, нібыта з сустрэчы у Менску Ўдальцова і Таграмадзэ, які, паводле аўтараў стужкі, абяцаў спонсарскую падтрымку на зьвяржэньне рэжыму Пуціна.

Пазьней справу Лебедзева аб’ядналі ў адну вытворчасьць з так званай «балотнай справай», абвінавачанымі па якой праходзяць непасрэдныя ўдзельнікі беспарадкаў 6 траўня 2012 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG