Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белы Бераг Адама Рагаўца


У выселенай пасьля чарнобыльскай катастрофы вёсцы Белы Бераг Нараўлянскага раёну дзесяць гадоў жыве самотны пэнсіянэр Адам Рагавец. Вёскі юрыдычна няма — Нараўлянскі райсавет яшчэ ў сьнежні 2011 году сваім рашэньнем скасаваў Белы Бераг як паселішча.

Адам Рагавец любіць паўтараць, што жыве ён у Белым Беразе, як на высьпе. І пакідаць яе не зьбіраецца, як бы ўлады ні настойвалі і якіх бы перашкод ні чынілі:

«Я ім сказаў: „Нікуды я не паеду. Я дзьве вайны перажыў — германскую 1941–45 і атамную ў 1986 годзе. Я вас абараняў — буду палкоўнік альбо пакойнік. Я вас, кажу, абараняў, а вы мяне сілай высяляеце“. Я засяліўся сюды ўжо пяты раз. Дык яны ўзялі й электрасьвет абрэзалі. Абрэзалі правады, і няма сьвятла».

Адам Рагавец

Адам Рагавец



Родам Адам Рагавец зь недалёкай ад Белага Берага вёскі Вуглы. Ад яе рукой падаць да Чарнобыльскай атамнай станцыі. Пасьля катастрофы на чацьвёртым энэргаблёку Вуглы выселілі ў Жлобінскі раён — адных у Верхнюю Албу, іншых — у Рэкту.

Рагавец у Рэкце не прыжыўся. Дый у жонкі са здароўем ня ладзілася. Было крыўдна перасяленцу: жыў ён і працаваў у лесе, а завезьлі яго ледзь ня ў чыстае поле:

«Высялялі мяне, ляснога чалавека, у Жлобінскі раён. Там палеткі, а больш няма нічога. Дык я там толькі перазімаваў. Яшчэ я ня быў на пэнсіі, дык толькі перазімаваў і паехаў на коніку сваім ходам сюды».

Два дні дабіраўся фурманкай Адам Рагавец да родных мясьцінаў. Асеў з жонкай напачатку ў вёсцы Хільчыха, бо родныя Вуглы засталіся ў 30-кілямэтровай зоне.

Тут Адам Нікіфаравіч і заўдавеў. Жонцы спачатку з-за хваробы ампутавалі ногі, а неўзабаве яна назаўсёды пакінула гэты сьвет.

Чарнобыль параскідаў па Беларусі двух Адамавых сыноў і дачку:

«Дачка ў мяне ёсьць у горадзе Лідзе. Яна мяне туды забірала. Я кажу: «Не хачу! Калі я паеду, то там зануджуся й без пары памру. Я хачу жыць сярод сваёй роднай прыроды — на сваёй роднай прыродзе мне весялей».

Адам Нікіфаравіч тлумачыць, што ўсё ягонае жыцьцё зьвязанае зь лесам. Паўвека працаваў на смаляных заводзіках — вырабляў шкіпінар, драўнінны вугаль, зьбіраў жывіцу.

І цяпер жыве пераважна зь лесу й гароду:

«Я магу жыць і бяз пэнсіі. Я тут сею сабе. Тут у мяне й яблыкаў у вёсцы хапае, і далей вёска ёсьць — Рудня Белабярэская. А колькі ў лесе грыбоў, чарніц, малінаў! Каб яшчэ стрэльба была, то я меў бы тоны мяса. У нас тут дзікоў разьвялося, ласёў, козаў! Але я шкадую зьвяроў, бо я ў лесе працаваў ледзь ня шэсьцьдзесят гадоў. Працаваў я на смаляных заводзіках багата гадоў. Калі ж заводзікі зачыніліся, пайшоў на падсочку — здабываў жывіцу».

Каля хаты

Каля хаты



Спажываць з-за радыяцыі вырашчаную на гародзе бульбу ці цыбулю, гэтаксама як грыбы й ягады, Адам Нікіфаравіч не баіцца:

«Сюды прыяжджалі пазамінулы год і летась зь Менску. Правяралі — чыстая зямля й чыстая вада. Пытаюцца: „Навошта выселілі чыстую вёску?“ Я кажу: „Раён наш Нараўлянскі так кіраваў — павысялялі“. Было 65 двароў ці крыху болей. Калі б не павысялялі, то, можа, столькі і не памерла б — больш як сто чалавек памерлі з гэтай вёскі».

У Другую ўсясьветную вайну Адам Рагавец дапамагаў партызанам, але кажа, што патрэбных дакумэнтаў не займеў. З тае прычыны й ня мае ніякіх ільготаў і прывілеяў.

Прыработак шукае сабе найперш у лесе — возіць у Мазыр на продаж грыбы, ягады. Альбо бярэ гармонік, выходзіць на трасу Кіеў — Мазыр і едзе ў горад, дзе й выступае як вулічны музыка.

Праз гэтыя падарожжы пра Рагаўца даведаліся маладыя мазырчукі Леанід Апалонін і Яўген Пракапчук. Яны зь сябрамі пачалі дапамагаць самотнаму пэнсіянэру — прывозілі вопратку, абутак, харчы, уцяплялі на зіму вокны. Даставілі нават балён з газам.

Спадар Пракапчук апавядаў узімку, што калі ён зь іншымі валянтэрамі першы раз прыехаў у Белы Бераг, то ўбачыў, што стары сілкаваўся кіпенем і сухарамі.

У Белым Беразе мазырскіх валянтэраў засьпела нараўлянская міліцыя. На хлапцоў склалі пратакол і праз суд аштрафавалі на мільён рублёў кожнага.

Рагавец: «Прывезьлі мне прадуктаў багата, вядро жоўтае, тэрмас, а таксама абутку дзьве пары, куртку добрую. Я ім тлумачыў у Мазыры, што быў выселены. Яны, відаць, падумалі, што ў мяне няма вопраткі — вопратку вазілі. Тры разы прыяжджалі. А як іх міліцыя аштрафавала, то яны больш і ня едуць да мяне».

Суседні зь Белым Берагам радыяцыйна-экалягічны запаведнік, заснаваны на забруджаных радыяцыяй землях, таксама дадае клопатаў Адаму Нікіфаравічу:

«Сьвіней многа лясных. Яны тут статкамі ходзяць па 8–10 асобін — такія, як цяляты. Козы, ласі ходзяць. Ваўкоў ня бачыў. Зайцы бегаюць, лісіцы. Я трымаў тут інкубатарскіх курэй, вялікіх такіх, і не ўсьцярог. Лісіцы прыбягалі й душылі іх, шулякі лёталі й пабілі. Дык курэй ужо я не трымаю».

Самотны чарнобылец кажа, што калі б мясцовыя электрасеткі вярнулі яму ў хату электрычнасьць, то жыцьцё магло б зьмяніцца ў лепшы бок:

«Каб сьвятло не адрэзалі, то я б і кабету знайшоў добрую. Яна хоць калі пасьпявала б, сьняданак згатавала — папраўляла б сябе й мяне. Адзеньне памыла б. Самому жыць складана — жаночую й мужчынскую працу рабіць вельмі важка».
XS
SM
MD
LG