Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кастусёў змагаецца з «Плошчай Леніна»


Фота Андрэй Лянкевіч

Фота Андрэй Лянкевіч

У Менгарвыканкаме заявілі аб спыненьні перапіскі з намесьнікам старшыні Партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым, які патрабуе, каб улады выканалі рашэньне адмысловай камісіі па перайменаваньні станцыі мэтро «Плошча Леніна» ў «Плошчу Незалежнасьці».

2 сакавіка 2010 году камісія па найменаваньні і перайменаваньні праспэктаў, вуліц, плошчаў і іншых складовых частак Менску вырашыла перайменаваць станцыю мэтро «Плошча Леніна». Гэтае рашэньне было апублікавана ў газэце «Вячэрні Мінск» ад 23 сакавіка 2010 году.

У лісьце палітыку паведамілі, што яго зварот аб зьмене назвы станцыі мэтро «Плошча Леніна» неаднаразова разглядаўся ва ўпраўленьні культуры і ў галоўным упраўленьні па ідэалягічнай працы Менгарвыканкаму.

«У сувязі з тым, што дадаткова па раней накіраваных Вам адказаў па гэтым пытаньні новая інфармацыя адсутнічае, перапіска з Вамі спыняецца на падставе артыкула 12 закона Рэспублікі Беларусь „Аб зваротах грамадзян“, Вашы наступныя звароты па дадзеным пытаньні разглядацца не будуць», — напісана з памылкамі ў адказе менгарвыканамаўскіх чыноўнікаў.

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Рыгор Кастусёў патлумачыў:

«Я меў перапіску зь Менгарвыканкамам. Я ўвесь час зьвяртаўся да яго старшыні Ладуцькі. Але адказы на мае звароты спачатку падпісваў яго намесьнік Карпенка. І, як даводзіў Карпенка, маўляў, рашэньня камісіі не было. А была толькі прапанова камісіі перайменаваць станцыю мэтро „Плошча Леніна“ ў „Плошчу Незалежнасьці“. Але мне ўсё ж удалося дабрацца да ісьціны: рашэньне камісіі было, і яно было апублікавана ў газэтах. Там чорным па белым напісана: пункт 5-ы рашэньня — назву станцыі мэтро „Плошча Леніна“ прывесьці ў адпаведнасьць з назвай існуючай Плошчы Незалежнасьці. І называць яе надалей „Плошча Незалежнасьці“. Атрымалася, што ўвесь час Карпенка хлусіў. А цяпер, калі гэтая хлусьня раскрылася, ён проста пераадрасаваў, каб мне канчатковы адказ на мае запыты далі ўпраўленьне культуры і ўпраўленьне ідэалёгіі».

Карэспандэнт: «Чаму ўлады ня хочуць перайменаваць станцыю, гэта ж абсалютна лягічна?»

Кастусёў: «У кіраўніцтве краіны і ў кіраўніцтве рэгіёнаў згуртаваліся антыбеларускія сілы. І існуючы ў Беларусі антыбеларускі рэжым стаў ім яшчэ больш. І нават тыя спробы здаровых сілаў, камісіі, якія існуе пры гарвыканкаме згодна з палажэньнем, зацьверджаным старшынёй гарвыканкаму, тыя здаровыя рашэньні ня могуць прабіцца праз прарасейскае лобі, якое існуе ва ўсіх рэгіёнах і ў кіраўніцтве нашай краіны».

Спадар Кастусёў заявіў, што не зьбіраецца спыняцца і будзе раіцца зь юрыстамі, як працягнуць змаганьне за «Плошчу Незалежнасьці» ў менскім мэтро.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG