Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тамерлан Царнаеў быў у сьпісах ЦРУ і ФБР


Дзіцячы здымак Тамерлана Царнаева з бацькамі і дзядзькам (справа)

Дзіцячы здымак Тамерлана Царнаева з бацькамі і дзядзькам (справа)

Падазраваны ў бостанскі выбухах быў у сьпісах меркаваных тэрарыстаў Цэнтральнага разьведвальнага ўпраўленьня ЗША яшчэ паўтара года таму. Пра гэта паведамілі амэрыканскія чыноўнікі, якія пажадалі застацца неназванымі.

Акрамя таго, паводле іх, амэрыканскае ФБР праводзіла расьсьледаваньне ў дачыненьні да 26-гадовага Тамерлана Царнаева, але не знайшло доказаў пагрозы з яго боку.

Як заявілі крыніцы, ЦРУ дадало Царнаева да сваіх баз дадзеных пасьля таго, як расейскія спэцслужбы паведамілі амэрыканскім калегам пра свае падазрэньні адносна яго ў верасні 2011-га.

Прадстаўнік Белага дома Джэй Кэрні пацвердзіў, што спэцслужбы правяралі Царнаева: «Тамерлан Царнаев праходзіў па нашых сыстэмах, калі ён падарожнічаў (у Расеі), але мы таксама ведаем, што ФБР правяла дэталёвае расьсьледаваньне ў 2011 годзе і не знайшла ніякай тэрарыстычнай дзейнасьці, замежнай або ўнутранай», — сказаў Кэрні.

У выніку двух выбухаў на фінішнай рысы Бостанскага марафону 15 красавіка загінулі тры чалавекі, больш за 260 — былі параненыя.

Аднаго з падазраваных у выбухах, Тамерлана Царнаева, забілі ў перастрэлцы з паліцыянтамі. Яго брата, 19-гадовага Джахара Царнаева затрымалі пазьней, ён з раненьнямі знаходзіцца ў бальніцы. Яму прад’яўленыя абвінавачваньні ў тэрарызме і выкарыстаньні зброі масавага паражэньня.
XS
SM
MD
LG