Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ад правасудзьдзя хаваюцца каля 50 грамадзян Кіргізстану

абноўлена

Курманбек Бакіеў падчас прэс-канфэрэнцыі ў Менску
Курманбек Бакіеў падчас прэс-канфэрэнцыі ў Менску

У кіргіскай амбасадзе ў Менску і ў беларускай Генпракуратуры пакуль не падаюць інфармацыі адносна знаходжаньня ў Беларусі прадстаўнікоў МУС і Генпракуратуры Кіргізcтану.


У прэс-службе МУС Беларусі не камэнтуюць візыт у Менск прадстаўнікоў праваахоўных органаў Кіргізстану. А таксама інфармацыю пра 50 асобаў, якіх шукаюць праваахоўныя органы Кіргізстану на тэрыторыі Беларусі.

Адносна грамадзянства Курманбека Бакіева кіраўнік прэсавай службы МУС Канстанцін Шалькевіч сказаў:

«Інфармацыя пра грамадзянства іншых асобаў не распаўсюджваецца. Яна зьяўляецца інфармацыяй абмежаванага характару».

Таксама ў Генпракуратуры Беларусі пакінулі без камэнтароў інфармацыю пра тое, што кіргіскі бок зноў зьвярнуўся з запытам пра экстрадыцыю Курманбека Бакіева і яго хаўрусьнікаў.

Намесьніца начальніка ўпраўленьня інфармацыі беларускага МЗС Марыя Ваньшына не пацьвердзіла інфармацыю, якая распаўсюджана ў мэдыях, пра тое, што дэлегацыю запрасіў у Менск міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей.

«Візыт праходзіць па лініі Генпракуратуры. Натуральна, у МЗС па дыпканалах паступалі адпаведныя запыты з боку Кіргізстану, і адпаведна з працэдурай яны накіроўваліся ў нашу Генпракуратуру. Але вядома ж усім, што пытаньні вышуку і выдачы зьяўляюцца кампэтэнцыяй праваахоўных органаў. Мы ведаем, што дэлегацыя знаходзіцца ў Менску, але пра дэталі мы ня ведаем», – сказала Марыя Ваньшына.

Прадстаўнікі кіргіскіх праваахоўных органаў спрабуюць вырашыць пытаньне па вышуку, затрыманьню і экстрадыцыі зь Беларусі зрынутага прэзыдэнта Курманбека Бакіева і ягоных хаўрусьнікаў, якія таксама могуць знаходзіцца на беларускай тэрыторыі.

«На чале дэлегацыі намесьнік генпракурора Кіргізстану. У складзе дэлегацыі ёсьць супрацоўнікі МУС. Мэта візыту ў наладжваньні ўзаемадзеяньня з праваахоўнымі органамі Беларусі ў вышуку тых асобаў, якія хаваюцца ад правасудзьдзя Кіргізстану. Паводле праваахоўных органаў, у Беларусі хаваецца каля 50-ці грамадзян Кіргізстану. Яны ўсе знаходзяцца ў вышуку ў нас», — паведаміў карэспандэнту Свабоды начальнік прэс-службы МУС Кіргізстану Жарабай Абдраімаў.

Ці лёгка працаваць кіргіскаму боку зь беларускімі праваахоўнымі органамі ў вышуку злачынцаў?

«Апошнім часам пытаньне вырашаецца нялёгка. Але мы спадзяемся, што ўрэшце нашы калегі ў Беларусі зразумеюць нас і пойдуць насустрач. Яны спасылаюцца на тое, што некаторыя зь іх ужо зьяўляюцца грамадзянамі Беларусі і таму не хочуць нам іх выдаваць. Пачынаючы зь 2010 года, пасьля красавіцкіх падзей, нашы праваахоўныя органы рэгулярна вядуць перамовы зь беларускім бокам, то бок з праваахоўнымі органамі Беларусі, па гэтым пытаньні. У такім складзе наша дэлегацыя ўпершыню знаходзіцца ў Менску. Мы спадзяемся на разуменьне».

Начальнік дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун сказаў карэспандэнту Свабоды, што дэлегацыя ня мае ніякага дачыненьня да МУС:

«Яна да МУС ня мае ніякага дачыненьня. Пытайцеся ў Генпракуратуры».

Карэспандэнт: «Кіргіскі бок заяўляе, што каля 50 грамадзян Кіргізстану, якія знаходзяцца ў вышуку, жывуць у Беларусі і некаторыя атрымалі беларускае грамадзянства?»

Бягун: «Мы пра гэта ня ведаем, такіх афіцыйных заяў мы не атрымлівалі. Яны проста сказалі, што 50 асобаў знаходзяцца ў вышуку ў сувязі з падзеямі. Але пытаньня пра грамадзянства ці пра тое, што яны знаходзяцца ў Беларусі, ніхто нам ня ставіць».

Карэспандэнт: «Ці далі беларускае грамадзянства Курманбеку Бакіеву?»

Бягун: «Мы не ўпаўнаважаныя даваць нейкія камэнтары. Пэрсанальныя зьвесткі зачыненыя. Ніхто не камэнтуе гэтае пытаньне. Далі ці не далі – я наагул не ўпаўнаважаны гэта казаць. Гэта закрытыя пэрсанальныя дадзеныя – пытаньні грамадзянства, пытаньні месцажыхарства, пытаньні перабываньня на тэрыторыі краіны. Бяз згоды іншай асобы».

Паводле намесьніка міністра ўнутраных спраў Кіргізстану Фурката
Усенава
, у сфармаваным кіргіскім бокам сьпісе асоб, якія падлягаюць вышуку, затрыманьню і экстрадыцыі зь Беларусі, значацца каля 50 чалавек. Сярод іх таксама ёсьць блізкія сваякі былога прэзыдэнта, у
тым ліку яго малодшы брат, былы кіраўнік прэзыдэнцкай
аховы Жаныбек Бакіеў.

Экс-прэзыдэнт Бакіеў атрымаў прытулак у Беларусі. Былы кіраўнік Кіргізстану Роза Атунбаева заявіла, што «рашэньне выпусьціць экс-прэзыдэнта з краіны было прынятае пасьля звароту кіраўнікоў Казахстана, Расеі і ЗША».

У Бішкеку адносна Курманбека Бакіева і Жаныша Бакіева было
распачата некалькі крымінальных спраў, яны завочна асуджаныя на працяглыя тэрміны за забойства былога кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Садыркулава. Таксама яны праходзяць абвінавачанымі па справе аб масавым расстрэле дэманстрантаў у цэнтры Бішкека 7 красавіка 2010 года.

Кіргізстан неаднаразова зьвяртаўся да Беларусі наконт экстрадыцыі Бакіевых, аднак афіцыйны Менск адмаўляў у гэтым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG