Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Бандажэўскі нарадзіўся ў 1957 годзе на Гарадзеншчыне. Выпускнік Гарадзенскага дзяржаўнага мэдычнага інстытуту. У 26 гадоў абараніў кандыдацкую дысэртацыю, у 31 – доктарскую, у 33 атрымаў навуковае званьне прафэсара. Навуковая спэцыяльнасьць – паталягічная анатомія і паталягічная фізіялёгія. Навуковыя інтарэсы – радыяцыйная біялёгія і мэдыцына, генэтыка і імуналёгія.

Ад 1990 да 1999 гг. – заснавальнік і першы рэктар Гомельскага дзяржаўнага мэдычнага інстытуту (пазьней унівэрсытэту). Заснаваў катэдру паталёгіі, стварыў пры інстытуце навукова-дасьледчы Цэнтар радыяцыйнай паталёгіі, які займаўся вывучэньнем уплыву радыяцыйнага выпраменьваньня на здароўе людзей.

Аўтар больш як 280 навуковых прац, у тым ліку 17 манаграфіяў, 2 даведнікаў, 7 вынаходак і патэнтаў.

Арыштаваны ў ліпені 1999 году. У 2001-м ваенная калегія Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь прызнала Бандажэўскага вінаватым у атрыманьні хабару. Быў асуджаны на 8 гадоў. «Міжнародная амністыя» назвала Бандажэўскага вязьнем сумленьня, лічачы, што яго пасадзілі за крытыку дзеяньняў беларускіх уладаў пасьля катастрофы на ЧАЭС. У тым жа 2001 годзе стаў 25-м чалавекам у сьвеце, які атрымаў Пашпарт свабоды Эўразьвязу з правам жыць на любой тэрыторыі ЭЗ. Ганаровы грамадзянін 17 францускіх гарадоў, у тым ліку Парыжу. Ганаровы доктар Марсэльскага ўнівэрсытэту.

Вызвалены ў 2005-м. З 2006 году жыў і працаваў у Францыі і Літве, з 2009-га – ва Ўкраіне, дзе арганізаваў і ўзначаліў міжнародны каардынацыйна-аналітычны цэнтар «Экалёгія і здароўе», у склад якога ўваходзяць вядомыя навукоўцы і грамадзкія дзеячы, сябры Эўрапарлямэнту і парлямэнту Ўкраіны. Лідэр міжнароднай арганізацыі дапамогі ліквідатарам аварыі на ЧАЭС і ахвярам ядзернага ўзьдзеяньня.

Жанаты, мае дзьвюх дачок.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG